«РУНЬ»,

бел. самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц. т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.​Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел. танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел. нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел. нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.​Папова).

А.​А.​Скарына.

Харэаграфічны ансамбль «Рунь».

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Рычард Баляслававіч (н. 3.4.1946, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. тэатразнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1991), праф. (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Бел. АМ. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рус. тэатр. культуры на Беларусі. Аўтар кніг «Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80-х гг.» (1987), «На скрыжаванні: Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999), «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2—3, 1985—87); п’ес (з Ю.​Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп’есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е.​Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У.​Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.​Яроменку; з В.​Навуменкам).

Тв.:

На сцене — бессмертие подвига. Мн., 1982;

Грядущим в наследство: Тема Великой Отеч. войны в бел. театре 80-х гг. Мн., 1986;

Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазнаўчыя арт., рэц., творчыя партрэты. Мн., 1998.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.Б.Смольскі.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКІ́ЙСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над гал. яп. ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж. агрэсіі.

Літ.:

Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;

Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.

т. 15, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО (Fo) Дарыо (н. 24.3.1926, Леджуна-Санджана, Італія),

італьянскі драматург, тэарэтык сцэн. мастацтва. З 1963 выступаў як акцёр, рэжысёр і аўтар скетчаў для кабарэ і вулічных т-раў. У 1968 стварыў т-р «Нуова сцэна», у 1970 з жонкай, актрысай і пісьменніцай Ф.​Рамэ — вандроўную трупу «Ла Камуне», дзе пастаўлены яго шматлікія бурлескныя камедыі. Аўтар сцэн. фарсаў-арлекінад («Пальцам у вока», 1953), дакумент. паліт. драм у традыцыях брэхтаўскага т-ра («Народная вайна ў Чылі», 1973). У прасякнутых «чорным гумарам», насычаных актуальнымі алюзіямі гратэскава-сатыр. п’есах «Містэрыя-буф» (1969), «Смерць анархіста ад няшчаснага выпадку» (1970), «Тук-тук. Хто там? Паліцыя» (1974), «Не можаш плаціць — не плаці» (1981) і інш. прыёмы агітпропа пераплецены з элементамі камедыі дэль артэ, кірмашовага т-ра лялек, цыркавой клаунады. Выступае з монаспектаклямі. На Беларусі п’есы Ф. ставілі Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі («Свабодны шлюб», 1994), абл. драм. т-ры Гомельскі («Гульня і не больш», 1995), Магілёўскі («Свабодная пара», 1999), Брэсцкі («Я чакаю цябе, каханы...» паводле п’ес «Адзінокая жанчына» Ф. і Рамэ і «Фэн Шуй» Э.​Шчадрына і Ю.​Камянецкага, 2001). Нобелеўская прэмія 1997.

А.​В.​Спрынчан.

Д.Фо.

...ФОБ (ад грэч. phobos страх), другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «ненавіснік», «праціўнік каго-н., чаго-н. (напр., антрапафобы, жанчынафоб).

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),

удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.​Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час. «Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРКО́ Юлія Міхайлаўна (н. 21.7.1936, С.-Пецярбург),

бел. балерына, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Д-р мастацтвазнаўства (1972). Праф. (1974). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954), БДУ (1960). У 1954—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1963 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1972 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та, з 1979 Бел. ін-та культуры (да 1995), адначасова з 1994 у Бел. акадэміі музыкі (з 1995 заг. кафедры). Сярод выкананых партый: Гамзаці («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Насця («Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера) і інш. Працы па гісторыі і тэорыі бел. харэаграфіі, нар. танца: «Беларускі балет» (1966), «Беларускі сцэнічны танец» (1969), «Беларускі народны танец» (1972), «Беларускі балетны тэатр» (1983), «Беларускі балет у асобах» (1988), «Беларускі харэаграфічны фальклор» (1990), «Лінія, што ідзе ў бясконцасць» (1999), сааўтар кніг «Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959» (1993), «Музычны тэатр Беларусі,1960—1990: Балет...» (1997). Аўтар лібрэта да балетаў «Мефіста» У.​Кандрусевіча і «Кругаверць» А.​Залётнева (адначасова адзін з пастаноўшчыкаў) і інш. Арганізатар і кіраўнік н.-д. лабараторыі танц. творчасці пры Мінскім ін-це культуры (1980—90). Аўтар сцэнарыяў, у т. л. дакумент. тэлефільмаў, вядучая тэлеперадач пра мастацтва танца. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Літ.:

Ю.​М.​Чурко: Бібліягр. паказ. Мн., 1998.

т. 17, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКІМО́ВІЧ Юрый Аляксандравіч (13.10.1946, Мінск — 7.2.1994),

бел. гісторык архітэктуры, педагог. Сын Алеся Якімовіча. Канд. архітэктуры (1979). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (з 1969), з 1980 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1986 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Даследаваў гісторыю бел. архітэктуры, творчасць мастакоў 19 ст. (Н.​Орды, Ю.​Пешкі, Дз.​Струкава і інш.). Вылучыў Палескія школы дойлідства, паказаў асаблівасці іх развіцця ў 17—19 ст. Адзін з аўтараў артыкулаў у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, Мн., 1984—88), «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, Мн., 1987) і інш. Аўтар рэканструкцый асобных сядзібна-палацавых і замкавых пабудоў 16—17 ст.

Тв.:

Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн.,1978;

Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 7;

Магілёўскі архітэктурны дэкор XIX — пачатку XX ст. // Там жа. 1986. № 6;

З віленскай калекцыі // Там жа. 1989. № 11;

Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. (разам з Р.​В.​Баравым) // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985;

Деревянное зодчество Белоруссии // Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М.,1987;

Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́Й Анатоль Іванавіч (н. 4.10.1940, Мінск),

бел. рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Скончыў БДУ (1972). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». У фільмах «Не плачце па мне...» (1988), «Марынеска» (1990), «Андрэй Грамыка» (2001, з Расіяй) А. звяртаецца да герояў незвычайнага лёсу. У работах ваен. тэматыкі «Яго схавалі ў шар зямны» (1989), «Чорны шлях» (1992, з Германіяй), «Адрынуты» (1993), «Балканскі паход» (1998, з Балгарыяй), «Салдаты Італіі» (2002, з Італіяй), «Гастэла» (2003) даследуе праблемы маралі. Сярод аператарскіх работ: «Экран, час, жыццё» (1964, з У.​Цеслюком), «Арсенал прагрэсу» (1970), «Шлях да Арыёна» (з Ю.​Іванцовым, У.​Пужэвічам), «Фільм даўжынёю ў паўстагоддзя» (абодва 1974), «Пра мацярэй можна расказваць бясконца» (1975, з Ф.​Кучарам, Р.​Масальскім), «І ўдзень і ўначы» (з В.​Купрыянавым), «Расплата» (абодва 1977), «Зямля мая — лёс мой» (з С.​Пятроўскім), «Бессмяротны подзвіг Мінска» (абодва 1978), «Гарачыя травы», «Тры колеры радасці» (з Ю.​Гарулёвым, Б.​Марозавым і інш.), «Дэсант на Чару» (усе 1979), «Хроніка знаходжання на Зямлі» (1980), «Захад—81» (з С.​Канавалавым, Купрыянавым), «Дзевяноста шостая восень», «Забродзенскія навасёлы» (усе 1981), «Пераадоленне» (1982), «Навальнічная далеч памяці» (1983, з А.​Сіманавым), «Дарога жыцця» (1984) і інш. Аўтар кн. «Сустрэчы на ўсё жыццё: Запіскі кінааператара» (1989).

Г.​У.​Шур.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРАЛАГІ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

неігравы фільм, прысвечаны тэмам гісторыі, культуры, мастацтва; жанрава-тэматычная мадэль сусв. кінамастацтва. Сфарміраваўся на стыку дакумент. і навук.-папулярнага кінематографа як абагульненае культуралагічнае даследаванне з вобразным асэнсаваннем інфармацыі; у ім суадносяцца маст. і навук. пачаткі.

У сусв. кінамастацтве ўзнік у Францыі на аснове фільмаў пра выяўл. мастацтва «д’ар»; з цягам часу тэматыка мастацтвазнаўчых фільмаў пашыралася.

У бел. кіно К.ф. развіваецца з сярэдзіны 1980-х г., калі бел. кінематаграфісты звярнуліся да стварэння бел. нац. экраннай гіст.-культ. анталогіі. Першыя фільмы структурна і стылістычна нагадвалі кіналекцыі («Цішка Гартны», «Быў. Ёсць. Буду», абодва 1988, рэж. Ю.​Цвяткоў; «Ефрасіння Полацкая», 1989, рэж.

В.​Моракава; «Гетман найвышэйшы», 1992, рэж. В.​Каралёў; «Дзядзька Уласаў», 1992, рэж. Ю.​Лысятаў; «Ян Чачот», 1993, рэж. В.​Сукманаў), асн. ўвага аддавалася слоўнаму каментарыю і ілюстрацыйнасці. Паступова сфарміравалася жанравая мадэль, якая спалучае асв. і эстэт. мэты; у фільмах апрача слоўнага каментарыя сталі выкарыстоўвацца разнастайныя маст. сродкі. Сярод найб. значных К.ф.: «Рэха збройнага чыну», «Вянок цярновы васількоў» (рэж. абодвух С.​Гайдук), «Магдэбургскае права» (рэж. Сукманаў, усе 1992), «Успамін пра Міколу Равенскага» (1993, рэж. М.​Жданоўскі), «Паланэз для касінераў» (1994, рэж. Р.​Ясінскі), «Жыві ў свабодзе» (1997, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 18, кн. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́пісаць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Спісаць адкуль‑н. Выпісаць цытату.

2. Зрабіць заказ у пісьмовай форме на выдачу, высылку чаго‑н. Выпісаць кнігу з кнігасховішча. Выпісаць газету. // Вызваць пісьмом, тэлеграмай і пад. каго‑н. Пан Вальвацкі зрабіў так, як рабіў не адзін пан, заводзячы культурную гаспадарку: ён выпісаў немца спецыяліста. Крапіва.

3. Выключыць са спісаў, са складу чаго‑н. Выпісаць хворага з бальніцы.

4. Напісаць для каго‑н. дакумент. Выпісаць ордэр, чэк, пропуск, квіток.

5. Кніжн. Старанна апісаць сродкамі мовы, стварыць што‑н. філіграннае; намаляваць. Выпісаць вобразы дзеючых асоб. Выпісаць узор.

6. Разм. Зрасходаваць пісаннем. Выпісаць чарніла з аўтаручкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)