КАСКО́ (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст. погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт.вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст.вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯ́Р (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1941, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1984), праф. (1997). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1964), Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1978 нам. упаўнаважанага Савета па справах рэлігій пры СМБССР па Брэсцкай вобл. З 1985 у Брэсцкім ун-це. Даследуе праблемы фарміравання грамадскай думкі, развіцця паліт. працэсу, станаўлення прававой дзяржавы, рэалізацыі і абароны правоў чалавека. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ па паліталогіі і правах чалавека.
Тв.:
Взгляд изнутри: Обществ.-полит. процесс на Беларуси. Лунинец, 1993;
Права человека: Современные представления и механизмы защиты. 3 изд. Брест, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯВА́,
рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Спірыдонавіч) (н. 15.9.1913, ст. Чарназём Цвярской вобл., Расія),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падп. арг-цыі і партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. З 1940 нач. паравознага дэпо ст. Мінск. У ліп. 1941 арганізаваў і ўзначаліў падп. арг-цыю ў паравозным дэпо, якая ўваходзіла ў Мінскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 у партызанах: нам. камандзіра роты, камісар атрада «Мсцівец», у кастр. 1943 — лют. 1944 камісар брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага. Пасля вайны на адм. рабоце на Бел. чыгунцы. Аўтар успамінаў «Чыгуначнікі Мінска ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў» у зб. «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941—1944 гг.)» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ГІН (Міхаіл Васілевіч) (1900, с. Марчугі Васкрасенскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.7.1956),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. У 1918—20 у Чырв. Арміі. З 1937 старшыня Слуцкага акр. выканкома, старшыня Аргкамітэта ЦВКБССР па Мінскай вобл., нам. старшыні СНКБССР, адначасова са студз. 1939 2-і сакратар ЦККП(б)Б. У 1941—49 1-ы сакратар Новасібірскага абкома ВКП(б). Потым у Савеце па справах калгасаў пры СМСССР і Мін-ве сельскай гаспадаркі СССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1938—41, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1939—41. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМЫСАЛЯЧЭ́ННЕ,
ужыванне з лекавымі мэтамі пажыўнага напітку з кабылінага (радзей вярблюджага і каровінага) малака — кумысу. У качавых народаў вядома са стараж. часоў. Навук. абгрунтаванне К. ў Расіі дадзена М.В.Поснікавым (у 1883 пабудаваў кумысалячэбніцу непадалёку ад г. Самара). На Беларусі кумысалячэбніцы ў 2-й пал. 19 ст. існавалі ў г. Дуброўна (Віцебская вобл.) і Ігуменскім пав. (Мінская вобл.). К. пашырана пераважна на курортах паўд. раёнаў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане, краінах Сярэдняй Азіі. Найб. дабратворны ўплыў яно аказвае пры туберкулёзе лёгкіх ці перыферычных лімфатычных вузлоў, павялічвае сакрэцыю страўніка, паляпшае састаў крыві; рэкамендуецца пры гастрытах, С-гіпавітамінозе, паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́НКА (Іван Сідаравіч) (8.10.1895, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія — 25.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1940), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі Л. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Магілёўскай вобл. Дывізія з баямі 23—25 чэрв. фарсіравала рэкі Проня і Бася, адбіла некалькі контратак каля в. Халмы Чавускага р-на; Л. з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў, загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў Магілёве. Яго імем названы вуліца і сквер у Магілёве, плошча ў Крычаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКТЫШЫ́,
вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лактышы і Будча. Створана ў пойме р. Лань у 1977. Пл. 15,9 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 4,2 км, найб.глыб. 4,9 м, аб’ём вады 50,2 млн.м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы. На працягу 9,8 км вадасховішча агароджана дамбай. Для сцёку ў вадасховішча вады з рэк Лань і Нача пабудаваны перапуск са шлюзам-рэгулятарам каля в. Лактышы. Дно плоскае, пераважна глеістае. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці меліяраваных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.