КІЕ́НЯ (Аляксандр Іванавіч) (н. 29.4.1938, в. Малінаўка Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р біял. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1968). З 1979 заг. кафедры Гомельскага ун-та, 1992 заг. кафедры Гомельскага мед. ін-та. Навук. працы па імуналогіі, вывучэнні ролі гіпафізарпа-тырэоідных гармонаў у нейрагумаральным рэгуляванні функцый стрававальнай сістэмы, асаблівасцях морфафункцыянальнага стану дзяцей, што пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Основы иммунологии. Мн., 1991;

Здоровый человек: Основные показатели. Мн., 1997 (разам з Ю.​І.​Бандажэўскім);

Физическое развитие и функциональная характеристика детей, проживающих на территории, загрязненной радионуклидами (у сааўт.) // Структурно-функциональные эффекты инкорпорированных в организм радионуклидов. Гомель, 1997.

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЗЕВЕ́ТЭР (Аляксандр Аляксандравіч) (22.5.1866, Пецярбург — 1933),

расійскі паліт. дзеяч, гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1888), у 1909—11 праф. у ім. З 1904 чл. Саюза вызвалення і чл. ЦК партыі кадэтаў. Дэп. 2-й Дзярж. думы. У 1922 высланы з СССР. У эміграцыі быў праф. рус. гісторыі ў Пражскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі Расіі 18—1-й пал. 19 ст.: «Пасадская абшчына ў Расіі XVIII ст.», «Дзевятнаццатае стагоддзе ў гісторыі Расіі» (абедзве 1903), «Гарадавое палажэнне Екацярыны II 1785 г.» (1909), «Гістарычныя нарысы» (1912), «Гістарычныя водгукі» (1915).

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 585—589.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦ (Аляксандр Антонавіч) (12.9. 1875, с. Рамашкі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.9.1944),

украінскі харавы дырыжор, муз. фалькларыст, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Вучыўся ў Муз.-драм. школе М.​Лысенкі ў Кіеве. З 1913 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Кіраваў многімі хар. калектывамі. Адзін з заснавальнікаў (1917) Першага нац. хору (з 1919 Укр. рэсп. капэла). З 1919 за рубяжом. Запісаў і апрацаваў шмат рус., укр., і інш. нар. песень, у т. л. бел. «Лугам, лугам зеляненькім», «Там за садамі», «Ой, у садочку цвіла лілея» і інш., якія былі дасланы яму Р.​Шырмам і ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОТ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 5.9.1960, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1997). Скончыў БДУ (1982). З 1982 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1993 праф. БДУ. Навук. працы па тэорыі дынамічных сістэм, метадах і алгарытмах аптымальнага дыскрэтнага кіравання і даследавання самаарганізавальных сістэм, лічбавай апрацоўцы (фільтрацыі, рэстаўрацыі, кампрэсіі, ідэнтыфікацыі) сігналаў і відарысаў.

Тв.:

Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990;

Быстрые алгоритмы и программы цифровой спектральной обработки сигналов и изображений. Мн., 1995 (разам з А.​Б.​Мінервінай).

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Аляксандр Пятровіч) (н. 28.9.1951, Масква),

бел. вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Брат У.П.Кузняцова. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі эл. ланцугоў і аўтам. кіравання.

Распрацаваў метады аналізу і сінтэзу нелінейных дыскрэтных сістэм аўтам. кіравання, навук. асновы тэорыі сістэм імпульсна-фазавай аўтападстройкі частаты.

Тв.:

Анализ и параметрический синтез импульсных систем с фазовым управлением. Мн., 1993 (разам 3 М.​П.​Батурам, Л.​Ю.​Шыліным);

Теория электрических цепей. Мн., 1999 (разам з А.​П.​Курулёвым, М.​П.​Батурам).

М.​П.​Савік.

А.Кузняцоў. Памяці душы. 1989.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​В.​Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.​Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна).

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Г.​В.​Кісялёў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙЗЛЕР (Аляксандр Піліпавіч) (4.10.1923, Масква — 12.7.1977),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946). Дырыжор у вайск. часцях Бел. і Маскоўскай ваен. акруг. З 1951 дырыжор, з 1959 нач. аркестра штаба БВА, з 1968 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Аўтар аранжыровак для духавога арк. твораў муз. класікі (у т. л. 6-я сімфонія і 2-я ч. 5-й сімфоніі П.​Чайкоўскага, 40-я сімфонія В.​А.​Моцарта, фінал 9-й сімфоніі «З Новага свету» А.​Дворжака), бел. кампазітараў (сюіта з балета «Мара» Я.​Глебава, музыка А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад»), арыгінальных п’ес (маршаў, вальсаў, песень і інш.).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ХАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (15.9. 1909, в. Іванькава Ядрынскага р-на, Чувашская Рэспубліка — 17.9.1978),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940), Мазырскі настаўніцкі ін-т (1949). З 1930 на гасп., камсам. і парт. рабоце ў Дрысенскім, Расонскім і Аршанскім р-нах, сакратар Чашніцкага, Пастаўскага райкомаў КП(б)Б. З пач. Вял. Айч. вайны на фронце, з мая 1943 чл., з вер. 1943 сакратар Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Маладзечанскага, Палескага абкомаў КП(б)Б, з 1953 1-ы сакратар Мазырскага райкома, з 1956 — гаркома КПБ.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТО́ЎТЫ (Мантоўтавічы),

шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — літ. баярын Мантоўт (у хрышчэнні Аляксандр), верагодны родзіч Бутрыма, які ў час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 прыняў герб «Тапор». У 1422—35 Мантоўт быў старостам салечніцкім (пасля атрымаў Салечнікі ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ва ўласнасць), у 1440 староста эйшышкскі. Найб. вядомыя М.: Міхал (?—1486), сын Мантоўта, староста луцкі ў 1463—75, намеснік новагародскі і маршалак гаспадарскі ў 1482, кашталян трокскі з 1483. Узначальваў раду вял. кн. Жыгімонта. Меў маёнткі на Украіне, Жырмуны каля Ліды, Шарсцін у Гомельскай вол. Юрый (?—1508), сын Міхала, староста крамянецкі ў 1502—05, ваявода кіеўскі з 1507.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)