галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм.аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнневыліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл.Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).
Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст.англ. вучоны Ч.Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл.Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).
На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г.Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕСЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕСЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.
Літ.:
Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),
пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.
К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.
К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв. запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл.Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл.Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 1021Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.
На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац.АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;
Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя войскі, прызначаныя для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. напрамкаў з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця буйных чыг.аб’ектаў, буд-ва новых і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній.
Ваенізаваныя фарміраванні на рас. чыгунцы ўзніклі ў 1851. Пазней іх замянілі чыг. батальёны, сфарміраваныя на ўзор армейскіх вайск. часцей. Першы такі батальён сфарміраваны ў г. Баранавічы ў 1876, пазней — яшчэ 3 батальёны, а ў 1886 у Баранавічах — першая ў свеце чыг. брыгада. Як асобны від войск Ч.в. існуюць з 1904 (складаліся з Баранавіцкай, Туркестанскай, Закаспійскай і Заамурскай брыгад). У 1-ю сусв. вайну Ч.в. пабудавана 6 тыс.км чыгункі, з іх 1 тыс.км на Беларусі. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ваен. чыгуначнікі ў Расіі аднавілі 22 тыс.км чыгункі, у т. л. 4 тыс. на Беларусі, 3169 мастоў, у т. л. 300 на Беларусі. Пасля грамадз. вайны чыг. батальёны перайменаваны ў палкі, некат. з якіх дыслацыраваліся ў Віцебску, Гомелі, Жлобіне і інш.; выконвалі аднаўленчыя работы на станцыях Слуцк, Бабруйск, Орша, Барысаў. У 1926—40 Ч.в. пабудавалі на тэр. Беларусі чыг. лініі Орша—Лепель, Гомель—Чарнігаў, Рослаўль—Магілёў—Асіповічы, вялі аднаўленчыя работы на напрамку Полацк—Маладзечна—Ліда—Масты. У Вял.Айч. вайну ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 для аднаўленчых і эксплуатацыйных работ на Беларусі было сканцэнтравана 14 чыг. брыгад. Яны аднавілі ўчасткі Смаленск—Полацк—Шаўляй, Смаленск—Орша—Мінск, Асіповічы—Баранавічы—Беласток, масты цераз Дняпро каля г. Жлобін, цераз Зах. Дзвіну каля Віцебска і Полацка, цераз Бярэзіну каля в. Шацілкі, цераз Прыпяць каля г. Мазыр, цераз Сож каля Гомеля і інш. З 1965 на тэр. Беларусі дыслацыравалася 30-я асобая чыг. брыгада Яе часці ўдзельнічалі ў буд-ве другіх пуцей на участках Гомель—Жлобін—Асіповічы, Калінкавічы—Оўруч, Гомель—Церахоўка, Лунінец—Ракітнае, Памыслішча—Дзехцяроўка. З падраздзяленнямі Бел. чыгункі войскі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі чыг. станцый у Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Лунінцы, Бабруйску; буд-ве пад’язных пуцей да шэрагу заводаў, фабрык, прадпрыемстваў і інш. Ч.в. ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (замена пад’язных пуцей да 4-га энергаблока і інш.).
У студз. 1992 паводле пастановы СМ створаны Ч.в. Рэспублікі Беларусь, у якія ўваходзяць часці, прызначаныя для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш.спец. падраздзяленні. Ч.в. працавалі на рэканструкцыі трамвайных пуцей у Мінску і Віцебску, навядзенні пантонных мастоў, дэмаркацыі дзярж. мяжы з Літвой і Латвіяй, пракладцы кабельных ліній, электрасетак і інш.
Літ.:
Степук А. Железнодорожные войска // Армия. 1999. № 4.
А.В.Ганчароў.
Да арт.Чыгуначныя войскі. Воіны-чыгуначнікі наводзяць мост цераз водную перашкоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́СЛЕННЕ,
форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.
Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл.Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).
Літ.:
Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;
Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць у падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. П.л. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. П.л. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак П.л. падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя П.л. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл.). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н НДІМіністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь,
навукова-даследчае рэсп. унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1958 на базе Мінскага праектнага бюро, створанага на аснове СКБ Мінскага з-да ЭВМ; у 1969 пераўтвораны ў Мінскі філіял Н.-д. цэнтра ЭВТ (Масква), з 1972 сучасная назва. У структуру ін-та ўваходзяць аддзяленні: навук.-тэхн. ЭВМ, ПЭВМ і выліч. комплексаў; н.-д. матэматычнае; н.-д. электроннае; інж.навук.-вытв.; навук.-вытв. мікраэлектронікі; а таксама цэнтр камп’ютэрнай бяспекі і сертыфікацыі сродкаў вылічальнай тэхнікі (СВТ); цэнтр стандартызацыі і менеджменту якасці; доследная вытв-сць.
Асн. кірункі навук. даследаванняў і дзейнасці: стварэнне сучасных ЭВМ, у т. л. суперЭВМ з кластэрнай арганізацыяй, ЭВМ універсальных шырокага выкарыстання, ахаваных, персанальных і інш., вылічальных комплексаў і ўстройстваў спец. прызначэння, мікраэлектронных устройстваў, сістэмных і прыкладных праграмных сродкаў, прыкладных сістэм апрацоўкі даных, сістэм кантролю доступу і шматузроўневай аховы аб’ектаў; распрацоўка метадаў і сродкаў аховы інфармацыі; удасканаленне метадаў і сістэм праектавання і кіравання стварэннем СВТ. Вынікам н.-д. і доследна-канструктарскіх работ стала стварэнне і ўкараненне ў вытв-сць: шэрагу ЭВМ серыі «Мінск» («Мінск-1», «Мінск-2», ... «Мінск-32»), у 1960—75 выраблена больш за 4 тыс.ЭВМ; больш за 10 мадэлей адзінай сістэмы і комплексаў на іх базе (ЕС-1020, ЕС-1021, ЕС-1130 і інш.), у 1971—84 — больш за 9 тыс. машын і комплексаў, або 70% камп’ютэрнага парка СССР; шэрагу персанальных ЭВМ (ЕС 1840, ЕС 1841 ... ВМ 2002 і інш.), з 1984 больш як 30 мадэлей забяспечвалі поўную праграмную сумяшчальнасць з персанальнымі камп’ютэрамі лініі Intel і былі найб. масавымі ў СССР (да 1991 выраблена 150 тыс. машын). Яны падрыхтавалі аснову для шырокага і хуткага авалодання сучаснымі СВТ карыстальнікамі розных прафес. груп. Створаны: знешнія ўстройствы і сістэмы, устройствы тэхн. дыягностыкі, камп’ютэрныя сістэмныя і партатыўныя касавыя апараты і інш. За апошняе дзесяцігоддзе ў ін-це распрацаваны: ахаваныя СВТ для апрацоўкі сакрэтнай інфармацыі для выкарыстання ў дзярж. установах і арг-цыях, ва ўзбр. сілах і сілавых ведамствах; ЭВМ рознага базіравання (стацыянарныя, аўтамаб., пераносныя); універсальныя ЭВМЕС 1230 і інш.; тры пакаленні ўстройстваў пасаж. аўтаматыкі для Мінскага метрапалітэна; першы рад суперкамп’ютэраў у адпаведнасці з рас.-бел. праграмай «СКІФ»; аўтаматызаваная сістэма пагранічнага кантролю АСПК-Дазор і інш.
У ін-це працуюць (працавалі) Ю.Р.Бастанджан (гл. Дадатак), Э.В.Кавалевіч, Г.П.Лапато, М.А.Мальцаў, В.У.Пржыялкоўскі, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.Ф.Чалайдзюк, Л.Т.Чупрыгіна, Л.І.Шунякоў і інш. Выдадзены творы ў галіне ЭВМ, праграмных сістэм і сістэм апрацоўкі інфармацыі: «Электронная вылічальная машына «Мінск-32» (1972), «Арыфметычныя і лагічныя асновы лічбавых аўтаматаў» (2-е выд. 1980), «Лагічнае праектаванне ВІС» (1984), «МікраЭВМ. Кн. 5. Персанальныя ЭВМ» (1988), «Паралельная апрацоўка інфармацыі. Т. 4» (1988), «Фартран 77 для ПЭВМ АС» (1991) і інш. На камп’ютэрных сайтах размешчаны 2 гіст. даведкі пра ін-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА БУДАЎНІЦТВА
Як навука эканоміка будаўніцтва на Беларусі пачала складвацца ў 1920-я г. Пытанні гэтай галіны вывучаліся ў Дзяржплане БССР, галіновых наркаматах, Ін-це эканомікі АН Беларусі, БПІ. Асн.навук. распрацоўкі былі звязаны з тэхн. пераўзбраеннем буд. арг-цый, удасканаленнем структуры капітальных укладанняў, індустрыялізацыяй буд. вытворчасці. У пасляваенныя гады найбольшая ўвага аддавалася распрацоўцы эканам. асноў сістэмы планавання і кіравання буд. комплексам, павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці буд. арг-цый, скарачэння тэрмінаў уводу ў дзеянне асн. фондаў. У 1970—80-я г. вывучаліся пытанні арг-цыі працы, павышэння эфектыўнасці буд. вытворчасці, удасканалення механізму гаспадарання ў буд. арг-цыях, укаранення калектыўнага і брыгаднага падраду, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, пошуку рэзерваў зніжэння кошту буд-ва (М.Ц.Архіпец, У.Ф.Бохан, Л.М Варабей, У.Г.Еўтух, Я.М.Лемеш, І.Т.Хачатуранц).
У наш час пытанні эканомікі буд-ва даследуюцца ў навук. арг-цыях Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь, Н.-д.эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.эканам. ун-це, Брэсцкім тэхн. ун-це і інш. З пач. 1990-х г. у н.-д. арэндным прадпрыемстве «Будэканоміка» Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь вядуцца даследаванні па пытаннях удасканалення арганізац. структуры кіравання буд. комплексам, эфектыўнасці інвестыцый у буд-ве (Л.М.Варабей, С.В.Старынскі), кіравання маёмасным комплексам і распрацоўкі варыянтных прагнозаў раздзяржаўлення і прыватызацыі дзярж.буд. арг-цый (Е.М.Кучар, Л.А.Ігнаценка), нарміравання працы, стымулявання рэсурсазберажэння, укаранення новай сістэмы якасці на буд. прадпрыемствах (Г.Я.Эцін), фарміравання практыкі падрадных таргоў у буд-ве (Л.М.Варабей, У.Я.Адамовіч); вядуцца прававыя даследаванні ў сферы буд. дзейнасці (У.Ф.Бохан, Р.Я.Грунтова, Л.М.Кавалёва). У Брэсцкім тэхн. ун-це вывучаюцца праблемы інавацыйнай адаптыўнасці і канкурэнтаздольнасці ў буд-ве (Э.П.Галавач, А.І.Рубахаў), ствараюцца методыкі аналізу дзейнасці буд. арг-цый ва ўмовах рынку (П.М.Івароўскі). У Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры па цэнаўтварэнні ў буд-ве даследуюцца пытанні цэнаўтварэння і фарміравання стартавай прапановы інвестара пры буд-ве аб’ектаў (У.М.Столпнер). Фарміраванне ў Беларусі рынку нерухомасці прывяло да ўзнікнення прынцыпова новага кірунку ў эканоміцы буд-ва — эканомікі нерухомасці, які паступова вылучаецца ў самаст.навук. сферу (П.С.Гейзлер, Л.Г.Саяніна, М.Ю.Трыфанаў). Даследуюцца пытанні фарміравання і развіцця сістэмы пазабюджэтнага фінансавання жыллёвага буд-ва, механізмаў і фін. тэхналогій іпатэчнага жыллёвага крэдытавання, прыцягнення фін. жыллёвых інвестыцый (У.Г.Еўтух, С.А.Мартынаў, Э.І.Пятровіч, А.Д.Сідарэнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕРНАЯ ГЕАЛОГІЯ
У 18 — пач. 20 ст. асноўным аб’ектам інжынерна-геалагічных вышуканняў на Беларусі было гідратэхнічнае і дарожнае буд-ва. У 1930-я г.навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў 2 кірунках: па інж. геалогіі і грунтазнаўстве. Пераважалі якасная і эмпірычная ацэнкі ўласцівасцей грунтоў. Больш шырокае вывучэнне інж.-геал. умоў тэр. Беларусі пачалося ў 1960—70-я г. Уклад у развіццё інж. вышуканняў зрабілі І.А.Бусел, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка. У 1964 пры Дзяржбудзе БССР створаны Бел.дзярж.ін-тінж. вышуканняў, які праводзіў каардынацыю дзейнасці вышукальных арганізацый, адзіную тэхн. палітыку і стварэнне метадычнай асновы інж.-геал. вышуканняў. Сярод буйных аб’ектаўбуд-ва, якія патрабавалі асаблівай увагі ў інж. вышуканнях і дасканалага вывучэння ўласцівасцей грунтоў — жылыя будынкі павышанай павярховасці, Вілейска-Мінская водная сістэма, Магілёўскае аб’яднанне штучнага валакна, нафтаперапрацоўчыя з-ды ў Наваполацку і Мазыры, Бел. металургічны з-д, Мінскі метрапалітэн, газаправод Ямал—Зах. Еўропа і інш. Для меліярацыі балот і забалочаных зямель праводзіліся інж.-геал. здымкі, спец. даследаванні на намыўных плошчах.
Паступова паляпшалася методыка даследаванняў, пачалі актыўна выкарыстоўваць палявыя метады вышуканняў (электраразведка, пенетрацыйна-каратажны комплекс, даследаванне грунтоў статычнымі нагрузкамі, зандзіраванне і інш.). Дасягнуты поспехі ў навук. даследаваннях фіз. і мех. уласцівасцей грунтоў Беларусі (марэнных, лёсападобных, флювіягляцыяльных, азёрна-ледавіковых) у Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў, Бел. дарожным НДІ, Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це Рэсп. унітарнага прадпрыемства (РУП) «Белгеалогія», Бел.н.-д. ін-це буд-ва, БНТУ і інш.Вытв. арганізацыі РУП «Белгеалогія» з 1970-х г. на тэр. краіны для мэт меліярацыі праводзілі геолага-гідрагеал. і інж.-геал. здымкі маштабу 1:50 000, у працэсе якіх таксама вывучаліся грунты, праводзілася інж.-геал. раянаванне. У 1978 і 1992 выдадзены манаграфіі «Інжынерная геалогія СССР», якія абагульнілі навук. і практычныя дасягненні па інж.-геал. даследаваннях грунтоў і вопыту буд-ва ў складаных прыродных умовах.
З 1992 інж.-геал. даследаванні сталі праводзіцца на больш дасканалай нарматыўна-метадычнай аснове, якая ўключыла вопыт бел. і замежных даследчыкаў. Створана схема інж.-геал. раянавання Беларусі (Г.А.Калпашнікаў). Распрацавана фармальна-лагічная аснова і створана тыпалагічнае інж.-геал. раянаванне ледавіковых адкладаў Беларусі для мэт масавага буд-ва (І.А.Бусел). Укараняецца камп’ютэрызацыя інж. вышуканняў. Даследаваны прасторава-часавыя заканамернасці фарміравання, узаемасувязі і зменлівасці фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў.
У 2-й пал. 20 ст. інжынерная геалогія набывае экалагічны кірунак і стварае новую галіну — інжынерную геаэкалогію, якая паступова ператвараецца ў геаэкалогію — міждысцыплінарную навуку, што вывучае нежывое (абіятычнае) рэчыва геасферных абалонак як кампанент навакольнага асяроддзя і мінеральную аснову біясферы; даследуе пераважна верхнюю частку літасферы і працэсы, што адбываюцца ў ёй пад уплывам прыродных і тэхнагенных фактараў. Асновай для фарміравання геакалогіі сталі інжынерная геалогія, гідрагеалогія, геахімія, геалогія, геафізіка і інш.
Літ.:
Макарочкин М.Ф., Шарай В.Н., Ловыгин Н.И. Состав и строительные свойства лессовидных грунтов БССР. Мн., 1959;
Винокуров Е.Ф. Моренные грунты как основания сооружений. Мн., 1968;