ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.

Літ.:

Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;

Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;

Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Літ.:

Общественное сознание и его формы. М., 1986;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ АДНО́СІНЫ,

сістэма сувязей, што забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканам., сац., паліт., прававой, культ. і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго ін-ты (дзяржава, сям’я, грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і інш.), сац. (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нац. і этн. супольнасці (нацыя, народнасць, нац. меншасць, этнас), аб’яднанні людзей па рэліг. і інш. прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з’яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гасп., паліт., сямейныя і інш.), па суб’ектах (дзярж.-паліт., класавыя, нац. і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з’яў і інш. прыкметах. Характэрная рыса грамадскіх адносін — іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж іх рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння, і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.Маркса і Ф.Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якімі матэрыяльныя і ідэалаг. грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (паліт., прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Альтэрнатыўнае матэрыялістычнаму разуменне іерархіі грамадскіх адносін кладзе ў яе аснову іх сувязь з праяўленнем разумнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымае пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-н. канкрэтнага віду грамадскіх адносін.

Літ.:

Барулин В.С. Социальная жизнь общества: Вопр. методологии. М., 1987;

Попов С.К. Общественные законы: Сущность и классификация. М., 1990;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА,

баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.

У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл. Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.жн. 1941 (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).

У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.

Літ.:

Тактика. 2 изд. М., 1988. С. 320—407.

У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.

Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.

Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.

Літ.:

Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛТЫ,

група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на Зславяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.

Літ.:

Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

В.І.Шадыра.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.М.Яніцкая.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць барый, пераважна ў ступені акіслення +2. Найб. пашыраны аксід, гідраксід барыю, солі барыю (сульфат, хларыд, карбанат, нітрат і інш.). Бясколерныя крышт. рэчывы, ядавітыя, ГДК амаль усіх барыю злучэнняў 0,5 мг/м³. Сыравінай у вытв-сці барыю злучэнняў з’яўляецца барытавы канцэнтрат (80—95% сульфату барыю), які атрымліваюць флатацыяй барыту.

Барыю аксід BaO, tпл 2017 °C, пры награванні ўзганяецца, шчыльн. 5,7·103 кг/м³. З вадой утварае гідраксід барыю, з кіслотамі, дыяксідам вугляроду — солі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, эмаляў, каталізатараў. Пры награванні ў кіслародзе (500 °C) пераходзіць у пераксід барыю BaO2 — кампанент піратэхн. сумесяў, адбельвальнікаў для тканін і паперы. Барыю гідраксід Ba(OH)2, tпл 408 °C, гіграскапічны, насычаны раствор у вадзе наз. барытавай вадой; моцная аснова. Выкарыстоўваецца як паглынальнік дыяксіду вугляроду, для ачысткі алеяў і тлушчаў, кампанент змазак, аналітычны рэагент на сульфат- і карбанат-іоны. Барыю сульфат BaSO4, tпл 1580 °C, шчыльн. 4,5·103 кг/м³, не раствараецца ў вадзе і разбаўленых кіслотах, паглынае рэнтгенаўскае выпрамяненне. Напаўняльнік гумы і паперы (у тым ліку фотапаперы), кардону, кампанент белых мінер. фарбаў, кантрастнае рэчыва ў рэнтгенаскапічных даследаваннях страўнікава-кішачнага тракту (ГДК 6 мг/м³). Барыю карбанат BaCO3, tпл 1555 °C (у атмасферы CO2 пад ціскам 45 МПа), шчыльн. 4,25·103 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, рэагуе з разбаўленымі салянай і азотнай кіслотамі. Трапляецца ў прыродзе як мінерал вітэрыт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці катодаў у электронна-вакуумных прыстасаваннях, аптычнага шкла, эмаляў, палівы, керамічных матэрыялаў, ферытаў, чырв. цэглы. Барыю хларыд BaCl2, tпл 961 °C, шчыльн. 3,83·103 кг/м³, раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваецца ў гарбарнай прам-сці для ўцяжарвання і асвятлення скуры, для барацьбы са шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы, загартоўкі «хуткарэзнай» сталі. Барыю нітрат Ba(NO3)2. Існуе як мінерал нітрабарыт, выкарыстоўваецца ў эмалях і паліве, піратэхніцы. Барыю тытанат BaTiO3сегнетаэлектрык. Барыю храмат BaCrO4 і манганат BaMnO4 — адпаведна жоўты і зялёны пігменты.

Літ.:

Ахметов Т.Г. Химия и технология соединений бария. М., 1974.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКІ РАЁН,

у цэнтры Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 24,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал/км². Цэнтр раёна — г.п. Бешанковічы; г.п. Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.

Паўночная ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90% паверхні ляжыць на выш. да 150 м, найвыш. пункт 179,8 м (каля в. Пліса). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. матэрыялы. Сярэдняя т-ра студз. -7,5, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 185 дзён. Рэкі — Зах. Дзвіна і яе прытокі Ула са Свячанкай, Крывінка з Бярозкай. У межах раёна 55 азёраў. Самыя вял. з іх Саро, Бораўна, Белае возера, Астровенскае возера, Слабадское возера. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 20% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 61,6 тыс. га, з іх асушана 24,5 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 15 калгасаў і 5 саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод, ф-кі маст. і рымарскіх вырабаў) і харч. (малочны з-д, хлебакамбінат, кансервава-гароднінасушыльны завод) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Лепель—Віцебск, Шуміліна—Сянно. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пач. школы, дапаможная школа-інтэрнат, школа мастацтваў, муз. і спарт. школы, ПТВ, 9 дзіцячых устаноў. 23 клубныя ўстановы, 34 б-кі, 4 бальніцы, 11 фельч.-ак. пунктаў. Зоны адпачынку па р. Ула і часткова на ПнУ — Астроўна—Лётцы. Гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі прыроды і архітэктуры: парк у в. Бачэйкава, парк «Саломінка» і Мікалаеўская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Дабрыгоры, царква Казанскай Маці Божай пач. 20 ст. ў в. Дарагакупава, сядзіба «Нізгалава» 2-й пал. 19 ст. ў в. Двор Нізгалава, Мікалаеўская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Слабодка. Выдаецца газ. «Зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Бешанковіцкага р-на. Мн., 1991.

С.І.Сідор.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. biblion кніга + ...графія),

1) галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і апісанні інфармацыі пра творы друку і пісьменства, а таксама па распрацоўцы прынцыпаў і метадаў выкарыстання гэтай інфармацыі.

2) Апрацаваны збор бібліяграф. апісанняў дакументаў, падабраных па пэўных пытаннях.

Зарадзілася ў стараж. часы. Вядомы бібліягр. табліцы, складзеныя пад кіраўніцтвам грэка Калімаха ў Александрыйскай бібліятэцы (3 ст. да н. э.). У Еўропе першая друкаваная бібліягр. праца — «Кніга пра царкоўных пісьменнікаў» І.Трытэнхеймскага (1494). Найб. значнай працай у 16 ст. была «Усеагульная бібліятэка» швейцарскага вучонага К.Геснера (т. 1—4, 1545—55). Самы даўні стараж.-рускі бібліягр. помнік — арт. «Богословъца от словес» у «І зборніку Святаслава» (1073).

На сучасным этапе адрозніваюць бібліяграфію: дзяржаўную, або нацыянальную (рэгістрыруе творы друку і аўдыёвізуальныя матэрыялы, выдадзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны, і інфармуе аб іх грамадскасць); навукова-дапаможную (садзейнічае навук. і прафесійна-вытв. дзейнасці); рэкамендацыйную (садзейнічае агульнай і прафес. адукацыі, самаадукацыі, выхаванню і папулярызацыі ведаў); універсальную (адлюстроўвае дакументы паводле фармальных прыкмет — тыпалагічных, храналагічных, моўных); галіновую (адлюстроўвае дакументы пэўнай галіны ведаў ці практычнай дзейнасці); краязнаўчую (пашырае інфармацыю, звязаную зместам з пэўнай мясцовасцю ў краіне); бягучую (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра новыя творы друку); рэтраспектыўную (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра дакументныя масівы за пэўны прамежак часу). З сярэдзіны 20 ст. уніфікуюцца метады апрацоўкі бібліяграфіі, аўтаматызуецца тэхніка іх складання, ствараюцца інфарм. сістэмы, якія каардынуюцца міжнар. арг-цыямі (ЮНЕСКА, Міжнар. федэрацыя бібліятэчных т-ваў і інш.).

На Беларусі бібліягр. дзейнасцю займаюцца Нацыянальная кніжная палата (з 1978 выдае штогод паказальнік «Бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі»), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа АН Беларусі, Бібліятэка прэзідэнцкая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая і інш., а таксама б-кі ВНУ, абласныя навук. б-кі, органы навукова-тэхн. інфармацыі. Значны ўклад у развіццё бел. бібліяграфіі зрабілі Ю.І.Бібіла, А.Дз.Васілеўская, Н.Б.Ватацы, Л.І.Збралевіч, М.В.Іваноў, В.Е.Лявончыкаў, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі, М.Ц.Талкачоў, В.А.Факееў і інш.

Літ.:

Здобнов Н.В. История русской библиографии до начала XX в. 3 изд. М., 1955;

Симановский И.Б. Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965;

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979;

Симон К.Р. История иностранной библиографии. М., 1963.

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)