Лю́тня ’струнны шчыпковы музычны інструмент’ (ТСБМ), ст.-бел. лютня, лютина (XVI ст.), запазычана са ст.-польск. lutnia ’тс’, ’сузор’е’, якое з с.-в.-ням. lūte (суч. ням. Laute) < італ. liuto, ст.-франц. leüt < араб. al‑ʼūd ’тс’ (Слаўскі, 4, 389; Булыка, Лекс. запазыч., 166). Сюды ж ст.-бел. лютниста ’лютніст’ (XVII ст.), якое са ст.-польск. lutnista < с.-в.-ням. lūtenist (Булыка, там жа, 159), а таксама бел. лютневы (аб музыцы) і лютнёвы ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ля́біх, лябі́х, ля́бех ’гультай, лежань, абібок’ (Мядзв., Бяльк., Растарг., Ян.; рэч., Мат. Гом.). Кантамінаваная форма, у якасці магчымых зыходных якой можна назваць: лебахі (аналагічная семантыка ў лантух ’вантробы’ > ’гультай’), лямец, лімах (гл.) і зах.-бран. ла́бза ’тоўстая, няўклюдная жанчына, дзяўчына’, арханг. лявза́ ’някемлівы, няспрытны чалавек, разява’, пск., цвяр. лябза́, ля́бзя ’тс’, параўн. і дан., краснадарск. лабзай ’тоўсты, здаровы, але гультаявалі чалавек’. Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 70–73). Сюды ж лябехава́ты ’непаваротлівы’ (добр., Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ля́сы тачы́ць ’марна траціць час у пустых размовах’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2, Касп.). Укр. ляси підпуска(ти) ’заляцацца’, рус. лясы точить (веять, разводить, подводить, сказывать, строить, строчить) ’марна траціць час у балбатні, пляткарыць’. Паводле пашырэння ў гаворках можна меркаваць аб запазычанні з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з польск. balasy ’балясы’ < італ. balaustro ’баляса ў балюстрадзе’ (Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Фасмер, 2, 552). Параўн. рус. кастр. лясы‑балясы ’балбатня, леменда’, ярасл. лясы‑балясы точить ’пустасловіць’, ’жартаваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ганара́р (БРС). Рус. гонора́р, укр. гонора́р. Як мяркуюць Фасмер (1, 437) і Шанскі (1, Г, 128–129), запазычанне з ням. Honorar, а гэта з лац. honorārium ’узнагарода’ (аб гісторыі слова падрабязней гл. у Шанскага, там жа). Можна ставіць пытанне, ці бел. і ўкр. словы не запазычаны праз рус. мову (для канкрэтнай гісторыі бел. і ўкр. слоў не хапае даных). Наўрад ці паміж бел. ганара́р і ст.-бел. гонорариумъ (XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 84) ёсць прамая сувязь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гуля́ць ’гуляць’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), ’танцаваць’ (Сцяшк.), ’гуляць, забаўляцца; танцаваць; бяздзейнічаць’ (Шат.), ’сваволіць (аб дзецях)’ (Жд. 2). Слаўскі (1, 433–434) лічыць польск. hulać запазычаннем з укр. мовы. Адносна этымалогіі слова ён мяркуе, што, магчыма, у аснове ляжыць выклічнік hu‑la!, hul! Іншыя версіі, паводле Слаўскага, не пераконваюць. Падрабязны агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 171–172. Паводле Трубачова, прасл. *gulʼati звязана з дзеясловам *guliti, які сярод іншых мае значэнне ’весяліцца, жартаваць і да т. п.’
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гі́дзіць ’гідзіць’ (БРС, Нас., Бяльк.), сюды ж гі́дкі (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), гідлі́вы (БРС, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах.), гідо́та (БРС). Адносіцца да групы прасл. слоў *gyditi, *gydъ, *gydъkъ (аб якіх падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 220–221). Параўн. укр. ги́дити, гидкий, гид, рус. ги́дить, ги́дкий, гид, в.-луж. hidźić, чэш. hyd і г. д. Лічыцца роднасным з *gadъ (< *gu̯ōd(h)). Гл. Бернекер, 1, 374; Фасмер, 1, 405; Трубачоў, Эт. сл., 6, 220, але магчымы і іншыя тлумачэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гіча́н ’лісце і сцяблы рознай агародніны’ (БРС), таксама гіч, гі́чка, гічанё, гіча́ннік, гічы́ўнік, гіча́нне, гічэ́ўе (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 41). Лічыцца запазычаннем з літ. gỹčas ’сцяблы табакі’ (Смулкова, там жа). Вельмі няпэўна. Ва ўкр. мове, акрамя форм тыпу гич, гича́, гича́ль (таксама гита́ль), гича́лля, ги́чка (гл. Грынч.), ёсць і ги́ка (лем.), гик (бойк.), што робіць версію аб літ. паходжанні гэтых слоў неверагоднай. Паводле Рудніцкага (614), паходжанне гэтых лексем няяснае. Параўн. і гіча́н ’качан салёнай капусты’ (Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
О́кліна ’глыбокае месца на балоце’ (Сл. Брэс.). Параўн. рус. смал. о́клины ’багна на месцы былых азёр’ (Мат. СОС). Перыферыйны характар гэтага слова для асноўнай беларускай тэрыторыі сведчыць аб яго старажытнасці: о́кліна < *о́кніна (во́кніна) у выніку дысіміляцыі н‑н > л‑н. У сваю чаргу *о́кніна (во́кніна) утворана ад акно, як зы́біна ад зыб (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 42, дзе зыбіна — аддзеяслоўнае ўтварэнне). Гл. акно́ 2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах і азёрах’ і вокнішча ’акно ў балоце’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карава́й ’рытуальны вясельны хлеб’, укр. коровай ’тс’, рус. коровай ’тс’, балг. кравай ’тс’, серб.-харв. кра̀ва̑ј ’тс’, славен. kravâj ’тс’ (заходнеславянскія паралелі адсутнічаюць). Аб фальклорных даных гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 243 і наст. Традыцыйна каравай разглядаецца як «бык-жаніх» («каравай — карова»), каравай — варапай ’выкрадальнік нявесты’ ў адпаведнасці з абрадам «умыкання». Словаўтваральная мадэль выкарыстоўвае фармант ‑ějь/‑(j)ajь (Ваян, Gram. comp. IV, 532; SP, 1, 88). Параўн. літ. vasarà ’лета’, vasarójis ’яравы хлеб’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 115).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)