ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ цела, паглынання каэфіцыент,

адносіны патоку выпрамянення, што паглынаецца целам, да патоку, які падае на яго паверхню. Залежыць ад частаты выпрамянення, прыроды рэчыва, формы і т-ры цела. Калі П.з. цела ў некаторым дыяпазоне частот і т-р роўная 1, то цела лічыцца абсалютна чорным. П.з. уваходзіць у Кірхгофа закон Выпрамянення і характарызуе адхіленне паглынальных уласцівасцей дадзенага цела ад уласцівасцей абсалютна чорнага цела.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЛО́Е,

грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,

хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае ​3/4—​4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІТАБЕТО́Н,

лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам з’яўляецца ўспучаны абпальваннем перліт або блізкія да яго вулканічныя юрныя пароды (абсідыяны, вітрабазальты і інш.). Вяжучымі могуць быць цэмент, вапна, гіпс, растваральнае шкло, сінт. смолы і інш. Аб’ёмная маса да 1000 кг/м³. Выкарыстоўваецца як цеплаізаляцыйны матэрыял у прамысл. і с.-г. абсталяванні, у трубаправодах, як канструкцыйны — для вырабу адна- і двухслойных сценавых панэлей, зборных агараджальных канструкцый будынкаў.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РЫ ((Peary) Роберт Эдвін) (6.5.1856, г. Крэсан, штат Пенсільванія, ЗША — 20.2.1920),

амерыканскі даследчык Арктыкі. Адмірал (1911). У 1892 перасек паўн. купал Грэнландыі з 3 на У на санях з сабачымі запрэжкамі, у 1895 паўтарыў гэты маршрут. У 1900 даследаваў паўн. бераг Грэнландыі, адкрыў мыс Морыс-Джэсеп. У 1909 дасягнуў Паўн. полюса. Яго імем названы паўвостраў на Пн Грэнландыі (Піры Зямля) і праліў на Пн Канадскага архіпелага.

Р.Э.Піры.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),

нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З 1921,

заключаны ў Парыжы 19 лют. Фіксаваўся ў адкрытым паліт. дагаворы і ў сакрэтнай вайсковай канвенцыі. Прадугледжваў узгадненне палітыкі дзвюх дзяржаў і ўзаемную дапамогу ў выніку несправакаванага нападу, у першую чаргу з боку Германіі. У выпадку нападу СССР на Польшчу альбо яго пагрозы Францыя абавязвалася стрымліваць Германію. Пасля нападу 1.9.1939 Германіі на Польшчу Францыя, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, абвясціла 3.9.1939 вайну Германіі.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)