Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багаты́р1 ’багацей’ (Нас., Касп., Шат., Янк. 1), багаты́рь ’тс’ (Бяльк.). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, багати́рь. Паводле Фасмера, 1, 183, другаснае ўтварэнне ад бага́ты (bogatъ): пад уплывам багаты́р2 (гл.) ’герой, асілак’? Але можна думаць і пра першаснасць утварэння: багаты + суф. ‑(т)ырь (параўн. рус. пуст‑ы́рь, дыял. нем‑ты́рь ’нямы’ і г. д.). Таксама наўрад ці правільна Бернекер, 66, які лічыць, што багаты́р ’багацей’ — гэта багаты́р ’герой’ (з пераасэнсаваннем пад уплывам слова бага́ты).

Багаты́р2 ’волат, герой’ (Бел. казкі). Рус. богаты́рь, укр. багати́р, богати́р ’тс’. Запазычанне з ст.-цюрк. *baɣatur (параўн. і ст.-рус. форму богатур), якое пад уплывам слав. bogatъ змянілася ў богатырь. Адносна паходжання цюрк. слова ёсць розныя думкі. Бернекер, 66; Фасмер, 1, 183; Шанскі, 1, Б, 149 (там і іншая літ-pa). Слова ўжо было ў ст.-бел. мове (богатыр, гл. Гіст. лекс., 138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́ндаць ’хадзіць, шлёпаць’ (БРС), ’бадзяцца’ (Яўс., Нас., Бяльк.), брындацца ’боўтацца, таўчыся без толку’ (КЭС), параўн. яшчэ бры́нда ’валацуга’ (Нас., Бяльк., Янк. Мат.), ’гультай’ (Касп., Нас.), брынды біць ’хадзіць без справы, лодарнічаць’ (Янк. БП). Карскі (Труды, 394) бры́нда ’валацуга’ і бры́ндаць ’бадзяцца’ выводзіў з няпэўнай літ. крыніцы (адносна гэтага гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50). Параўн. яшчэ ўкр. дыял. бре́ндати, брендо́лити ’бадзяцца’. Брукнер (43) зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’ (адсюль быццам бел. брынды біць, укр. бринди бити, далей бры́нда ’валацуга’). Фасмер (1, 222–223) прыводзіць рус. дыял. бры́нды ’шырокія рукавы’, бры́ндик ’гультай’, бринжиба́й ’тс’ і параўноўвае гэта з польск. brynda ’жарт, балаўство’, bryndzić się ’манернічаць’. Няясна. Укр. бре́ндати (resp. бел.?) Рудніцкі, 201 (услед за Шэрэхам, ZfslPh, 23, 146 і іншымі), выводзіць з брести́ з арго-суфіксам ‑н‑ (і пад уплывам пле́нтатися ’валачыцца, цягнуцца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тар ’наймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2-3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сястра́н ’пляменнік’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ), сестране́ц ’сын сястры’ (Сцяшк.), сестра́нец ’тс’ (Нас., Маш.), сястры́нец ’тс’ (Жд. 2, Сцяшк., Варл.), сестрані́ца ’дачка сястры’, ’пляменніца’, се́стрінка ’тс’ (Нас.), сястрані́ца ’стрыечная сястра’ (Чэрн.), ст.-бел. сестренецъ ’пляменнік, сын сястры’ (Ст.-бел. лексікон), сестранка ’пляменніца, дачка сястры’ (там жа). Укр. сестрі́нець ’пляменнік, сын сестры’, сестрі́ниця, сестрі́нка ’пляменніца, дачка сястры’, рус. сестри́нец ’сын сястры’, сестре́ни́ца ’стрыечная сястра’, сестрени́ца, сестря́нка ’дачка сястры; стрыечная сястра’, польск. siostrzeniec ’пляменнік, сын сястры’, в.-луж. sotrjenc ’сын сястры’, sotrjenca ’дачка сястры’, славін. sɵstřȧ̃nă ’дачка сястры’, sostrḯnc ’сын сястры’, чэш. sestřenec ’пляменнік’, sestřenice, дыял. sestřenka ’пляменніца’, славац. sesternica, sestrnička ’дачка сястры’, sestrenec ’пляменнік’, славен. sestràn ’пляменнік; сын сястры’, séstrna, séstrnica ’пляменніца’, балг. се́стринец ’пляменнік’, се́стриница ’пляменніца’. Да сястра. Прасл. *sestrěn(ьcь), *sestrěnica, *sestran‑ (Фасмер, 3, 613; Трубачоў, История терм., 67 і наст.). Параўноўваецца з літ. seserénas ’сын сястры’ (Траўтман, 258).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нны ’дзяшовы, недарагі’, ’малакаштоўны, пусты’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ; зах.-бел., ЛА, 3), та́нна ’дзёшава’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), та́нно ’тс’ (Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́на ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нні ’дзяшовы’ (Сл. ПЗБ), та́ны ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нный ’тс’ (Бяльк.), сюды ж танне́й ’дзешавей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тане́й ’тс’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́нняй ’тс’ (паст., вільн., Сл. ПЗБ), тане́йшы, та́ньшы ’тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. таний (1637 г.), тане (1616 г.), таней, танший (КГС). Геаграфія і гісторыя ўжывання слова сведчаць пра запазычанне з польск. tani, дыял. tanny ’тс’, якое разглядаецца як граматычны гіперызм, што ўзыходзіць да прасл. *tunjь ’танны’, гл. Фасмер, 4, 19; спецыяльна: Борысь, Etymologie, 471–474; Шустар-Шэўц, Зб. Бернштэйну, 474–480; Этимология–1967, 74 (збліжае польск. tani з *tъnъk ’тонкі’). Параўн. тунны, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцава́ць ’выконваць танец; танчыць’, ’скакаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), танцова́ць ’тс’ (ТС), танцэ́ваць ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), танцёва́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. танцова́ти, танцева́ти ’танцаваць’ (1518 г., КГС); сюды ж танцо́р ’мужчына, які ўмее добра танцаваць’ (Ласт., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), та́нцар ’тс’ (Федар. 4), танцо́рка ’дзяўчына, жанчына, што добра танцуе’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), танцэ́рка ’тс’ (Федар. 4), танцёрка ’тс’ (Сл. ПЗБ), танцые́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанні з польскай мовы, гл. старое tańcować ’танцаваць’ (суч. tańczyć, гл. танчыць), tancerka, tancerz ’хто добра танцуе’, у апошнім адбылася замена суф. ‑erz на ‑or (‑ор), магчыма, яшчэ на частцы польскамоўнай тэрыторыі, параўн. польск. мазав. tancor ’тс’, адносна чаго Смулкова, Бел.-польск. ізал., 116. Падрабязней пра польскія формы гл. Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495; запазычанне ў рускую — Фасмер, 4, 19; Віткоўскі, Słownik, 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трымце́ць, трамце́ць ‘дрыжаць, калаціцца (ад стуку, удараў, ад страху)’, ‘трэсціся, калыхацца’, ‘пакрывацца рабізною (пра паверхню вады)’, ‘узмоцнена і часта біцца (пра сэрца)’, ‘махаючы крыламі, трымацца ў паветры’, ‘трапятаць ад моцнага хвалявання, унутранага пачуцця’ (ТСБМ, Некр. і Шат., Ласт., Сцяшк.; ашм., Стан., Ян., Растарг.), ‘дрынкаць, бразгатаць, дзілінкаць, тарахцець’ (Некр. і Байк.), зоркі трымця́ць ‘зоры мігцяць, ззяюць’ (ваўк., ЛА, 2), тромце́ць ‘дрыжаць’ (ТС), сюды ж ст.-бел. тремтенье ‘трапятанне, дрыжанне, матлянне’ (ГСБМ), гл. трамцець. Фармальная і семантычная блізкасць да літ. trìmti ‘дрыжаць ад холаду’, ‘лякацець’, лат. trimēt ‘рухацца’, tremt ‘баяцца’, ‘палохаць’ выклікалі меркаванні пра запазычанне ці пранікненне, што павінна было мець месца пасля падзення дыфтонгаў, але да падзення рэдукаваных у славянскіх мовах (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49; яго ж, PC, 1993, 1, 38; Лекс. Палесся, 14; Лучыц-Федарэц, Baltica, 3, 1, 169 і інш.). Меркаванне адхіляецца Анікіным (Опыт, 289), які канстатуе толькі роднасныя адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)