прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл.Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл.квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АН Украіны К.К.Хрэнава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,
пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.
Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл.Электрафатаграфія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вестыбуля́рны, -ая, -ае.
У выразе: вестыбулярны апарат (спец.) — орган у хрыбетных жывёлін і чалавека, які з’яўляецца часткай унутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
анабіёз, -у, м. (спец.).
Рэзкае запавольванне або спыненне жыццёвых працэсаў у арганізме з наступным аднаўленнем іх пры спрыяльных умовах.