ГУСАКО́ЎСКІ (Іосіф Іракліевіч) (25.12.1904, в. Вародзькаў Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1995),
двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1968). Скончыў кав. школу (1931), бранятанк. (1932) і штабныя (1934) курсы, Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928, на камандных і штабных пасадах. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах: нач. штаба танк. палка, брыгады. Удзельнік аперацыі пад Ельняй (1941), бітвы пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў за Берлін. Вызначыўся ў час Львоўска-Сандамірскай (1944) і Вісла-Одэрскай (1945) аперацый. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі, з 1963 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР (1962—70). У Магілёве ўстаноўлены яго бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІКО́ЎСКІ (Фёдар Мікалаевіч) (24.1.1905, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 8.4.1949),
бел. гісторык, вучоны ў галіне с.-г.навук.Канд.с.-г.н. (1935). Скончыў Варонежскі ун-т (1927). З 1929 у Цэнтр.хім. лабараторыі Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна (з 1933 у складзе Глебавага ін-та АНБССР). У 1934 ва Усесаюзным ін-це збожжавай гаспадаркі ў Саратаве. З 1935 у Маскве ў Ін-це паўн. збожжавай гаспадаркі. Удзельнік абароны Масквы ў Вял.Айч. вайну. З жн. 1943 заг. кафедры БДУ, адначасова (з 1944) вучоны сакратар савета ун-та. Даследаваў гісторыю навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліягр. слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945—47, рукапіс у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац.нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),
расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш.Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).
Літ.:
Вяземский П.А. С.Н.Глинка. СПб., 1847;
Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч.М., 1986. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,
помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕСІЁД (Hēsiodos),
старажытнагрэчаскі паэт 8—7 ст. да н.э. Большую ч. жыцця пражыў у Аскры (вобл. Беотыя). Для сваіх паэм абраў форму эпічнага гекзаметра і мову гамераўскага гераічнага эпасу. У «Тэагоніі» («Радаслоўная багоў») выклаў гісторыю стварэння свету з хаосу, генеалогію багоў і паслядоўнасць трох дынастый, апошняя з якіх прадстаўлена ў рацыянальным уладкаванні свету Зеўсам. У дыдактычнай паэме «Дні і турботы» спалучыў разам практычныя парады, жыццёвую мудрасць, сял. каляндар і міфалагічныя ўстаўкі, у т. л. міф пра Праметэя. Услаўляючы сумленную працу сялян, выкрываў сац. няроўнасць, адстойваў ідэю справядлівасці як вышэйшы эстэт. прынцып. Фрагментарна захаваўся твор «Шчыт Геракла», т.зв. «Эоя», — каталог жанчын-прамаці знатных родаў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Эллинские поэты в переводах В.В.Вересаева. М., 1963;
Античная литература: Греция: Антология. Ч. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).