СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).
Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.
Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́РЫУС ((Acharius) Эрык) (10.10.1757, г. Еўле, Швецыя — 14.8.1819),
шведскі батанік і медык. Праф. у Вадстэне. Распрацаваў першую класіфікацыю, у якой улічыў дыягнастычную прыкмету грыбоў — пладовыя целы. Увёў шэраг тэрмінаў, што ўжываюцца пры марфалагічных апісаннях лішайнікаў.
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.
Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.
т. 1, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗА́ННЕ,
абрад выдалення крайняй плоці мужчынскага палавога члена. Узнік у першабытным грамадстве. Праводзілася пры ініцыяцыі. Захавалася ў некат. народаў Аўстраліі, Акіяніі, Афрыкі, у рэліг. рытуале іудаізму (над немаўлятамі) і ісламу (над хлопчыкамі 7—10 гадоў).
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГАМІ́Я (ад апа... + ...гамія),
апагаметыя, адна з формаў бясполага размнажэння (апаміксісу) у вышэйшых раслін. Пры апагаміі зародак утвараецца з клетак зарастка (у папарацяў) або зародкавага мяшка (у кветкавых раслін). Трапляецца рэдка (напр., у трыпутніка ланцэталістага).
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЖЫК Якуб, бел. жывапісец 14 ст. Паходзіў з бел. зямель. Быў запрошаны каралём Ягайлам і працаваў пры яго двары ў Кракаве каля 10 гадоў. Аўтар першых партрэтаў Ягайлы («Каралеўскіх выяў»), жанравых і гіст. карцін, абразоў.
т. 4, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСО́НІЙ, гідроній-катыён,
адратаваная форма іона вадароду (пратона), H3O+. Утвараецца па донарна-акцэптарным механізме пры ўзаемадзеянні пратона з малекулай вады. Існуе ў водных растворах кіслот. Удзельнічае ў многіх рэакцыях (напр., гідролізе), якія каталізуюцца к-тамі.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)