ФІНА́НСАВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ ГРУ́ПА,

таварыства, створанае ў выніку аб’яднання капіталаў прадпрыемстваў розных галін, банкаў і інш. крэдытна-фін. ін-таў, н.-д. цэнтраў шляхам акцыяніравання. Мае на мэце максімізацыю прыбыткаў, павышэнне эфектыўнасці вытв. і фін. аперацый, умацаванне канкурэнтаздольнасці на ўнутр. і знешнім рынках, усталяванне тэхнал. і кааператыўных сувязей, рост эканам. патэнцыялу ўдзельнікаў. Кіраванне ажыццяўляецца праз цэнтр. кампанію, якая можа быць юрыд. асобай або групай фіз. асоб — уласнікаў і вышэйшых менеджэраў. Эканам. асновай Ф.-п.г. з’яўляецца сістэма ўдзелу, якая дазваляе аб’ядноўваць пад кіраўніцтвам цэнтр. кампаніі значную колькасць фірмаў праз іх удзел у акц. капітале. Функцыі цэнтр. кампаніі: спалучэнне паслядоўных стадый узнаўленчага цыкла ў цэлым, у т. л. рух капіталу; фін. забеспячэнне дзейнасці структур, якія ў яго ўваходзяць; рэалізацыя ўзгодненай палітыкі выраўноўвання нормы прыбытку.

Па прыналежнасці капіталу і маштабах дзейнасці адрозніваюць Ф.-п.г.: нацыянальныя, капітал і маштаб дзейнасці якіх абмяжоўваецца рамкамі адной краіны; транснацыянальныя, што маюць шырокую сетку даччыных прадпрыемстваў за мяжой, але асн. доля капіталу належыць адной краіне; шматнацыянальныя, або глабальныя, капітал якіх належыць прадпрымальнікам розных краін, а іх дзейнасць ахоплівае ўвесь сусв. рынак. Ф.-п.г. ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць у адпаведнасці з цывільным кодэксам краіны і законам «Аб фінансава-прамысловых групах» ад 4.6.1999.

М.​Е.​Заяц, І.​П.​Заева.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),

удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.​Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час. «Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 16, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РСКІ Іван Дзяменцьевіч (Ян Дамінікавіч; 15.5.1845, в. Свольна Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1892),

геалаг, географ, даследчык Сібіры. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це (1860—63). За ўдзел у паўстанні 1863—64 выключаны з 4-га курса, пазбаўлены дваранскага звання, грамадзянскіх правоў і высланы ў Сібір салдатам. У 1869 вызвалены па хваробе ад вайск. службы. У 1871 запрошаны Сібірскім аддз. Рус. геагр. т-ва ў Іркуцк, дзе працаваў пад кіраўніцтвам А.Л.Чаканоўскага. Праводзіў геал. і палеанталагічныя даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, у бас. Ангары і Ніжняй Тунгускі, склаў першую геал. карту ўзбярэжжа воз. Байкал, даследаваў бас. р. Селенга (Бурація). У 1885 па запрашэнні С.-Пецярбургскай АН пераехаў у С.-Пецярбург. У 1891 узначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Памёр у час даследаванняў нізоўяў Калымы. Выказаў ідэю эвалюц. развіцця рэльефу, прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеагеагр. схем унутр. раёнаў Сібіры, якую пазней выкарыстаў і развіў аўстр. геолаг Э.Зюс у працы «Аблічча Зямлі». Узнаг. 3 залатымі медалямі Рус. геагр. т-ва. Яго імем названы сістэма горных хрыбтоў у Паўн.-Усх. Сібіры, хрыбет у Забайкаллі і інш., Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Літ.:

Алдан-Семенов А.И. Черский. М., 1963;

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Ярмоленка В.А. За далягладам Айкумены. Мн., 1995.

В.​А.​Ярмоленка.

І.​Дз.Чэрскі.

т. 17, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБІ́НСКІ КЛУБ,

палітычны клуб і масавая грамадская арг-цыя ў Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99. Узнік у чэрв.—кастр. 1789, названы па месцы пасяджэнняў у зале б. бібліятэкі манахаў-дамініканцаў (у Францыі наз. якабінцамі) у Парыжы. Меў шматлікія мясц. секцыі (больш за 44 тыс. ў 1794). Напачатку аб’ядноўваў усіх праціўнікаў феад.-абсалютысцкіх парадкаў пры дамінуючай ролі прыхільнікаў канстытуцыйнай манархіі з ліку ліберальнага дваранства і буйной буржуазіі. Вясной 1790 найб. кансерватыўныя з іх (Э.​Ж.​Сіес, А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.) утварылі ўнутры клуба замкнёнае «Таварыства 1789»). У ліп. 1791 у сувязі з паліт. крызісам, выкліканым спробай караля Людовіка XVI уцячы за мяжу, манархісты-канстытуцыяналісты выйшлі з Я.к. і ўтварылі т-ва фельянаў. У клубе да восені 1792 панавала групоўка рэспубліканцаў на чале з Ж.П.Брысо, якая пазней атрымала назву жырандыстаў. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) абвастрыўся канфлікт паміж радыкальнымі групоўкамі Я.к. і жырандыстамі, якія пакінулі клуб у кастр. 1792. З гэтага часу Я.к. — асн. паліт. цэнтр якабінцаў, дзе ў перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793 — ліп. 1794) панавала групоўка М.Ф.М.І.Рабесп’ера і выпрацоўваліся асн. кірункі дзярж. палітыкі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) Я.к. у пач. ліст. 1794 разгромлены «залатой моладдзю» і 12.11.1794 афіцыйна зачынены дэкрэтам Канвента. Спробы аднавіць яго дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 спынены Дырэкторыяй.

П.​А.​Тупік.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),

члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.​Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына II насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл. Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.

Літ.:

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.

Дз.​У.​Караў.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),

закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл. Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.

К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.

В.​С.​Болбас, С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАМА́РАЎ Мікалай Іванавіч (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),

расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл. Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр. час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл. Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.

Тв.:

Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;

Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;

Мазепа. М., 1992;

Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАСЛА́ЎСКІ (Mieroslawski) Людвік (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),

польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл. Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач. паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).

Літ.:

Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ Часлаў Іванавіч (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),

бел. тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.​І.​Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн. ін-т. Удзельнік Першай бел. тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.​Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел. пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел. тэатр. камісіі пры Часовым бел. нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел. АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел. нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.

У.​В.​Ляхоўскі, В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЖ КРЭСО́ВА, Таварыства стражы крэсовай (Straż Kresowa, Towarzystwo Straży Kresowej),

грамадска-паліт. арг-цыя ў 1920-я г., створаная з мэтай абароны польскіх інтарэсаў на «крэсах усходніх» (усх. ускраінах). Узнікла ў лют. 1918 у сувязі з перадачай герм. ваен. адміністрацыяй тэр. Холмшчыны Украіне. Ставіла за мэту адраджэнне польскага паліт., гасп. і культ. жыцця на тэр. «крэсаў» праз стварэнне на месцах польскіх грамадска-гасп. арг-цый: кааператываў, с.-г. і культ.-асв. гурткоў, маладзёжных аб’яднанняў і інш. Кіруючымі органамі С.к. з’яўляліся выканаўчы к-т і кіруючая рада. Атрымлівала крэдыты ад урада. З крас. 1919 дзейнічала на Беларусі, дзе былі створаны Беластоцкая, Брэсцкая, Віленская, Гродзенская і Мінская акр. У кастр. 1919 па ініцыятыве С.к. арганізаваны Часовы к-т адбудовы ўсх. зямель. У час польска-сав. вайны 1919—20 летам 1920 дапамагала арганізаваць полк імя караля Стафана Баторыя ў польскім войску. Удзельнічала ў правядзенні перапісу насельніцтва 1921 у Зах. Беларусі і ў падрыхтоўцы плебісцыту 1922 у Сярэдняй Літве. Фармальна выступала за аб’яднанне зямель б. ВКЛ з Польшчай на прынцыпах канфедэрацыі, фактычна была прыхільніцай інкарпарацыі бел., укр. і літ. зямель польскай дзяржавай. Падвяргалася вострай крытыцы з боку бел. нац. арг-цый як сродак урадавай палітыкі паланізацыі. Пасля ўсталявання ўстойлівай усх. мяжы Польшчы ў 1921—22 дзейнасць С.к. паступова заняпала. У 1927 канчаткова спыніла існаванне, хоць афіцыйна не была скасавана.

А.​М.​Чарнякевіч.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)