помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в.Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),
ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.
Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,
горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш.Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр.ч. выходзяць стараж.крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км²), у т. л. ледавікі Джамбула і Берга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІКАБРА́ЗЫ,
млекакормячыя 2 сям.атр. грызуноў. Сям. дзікабразавых (Hystricidae). 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жывуць у пустынных, горных, перадгорных раёнах. Найб. вядомы Дз. індыйскі (Hystrix indica); рэшткі блізкага да яго віду выяўлены ў ніжнеантрапагенных адкладах каля в. Карчова (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Сям. Дз. амерыканскіх (Erethizontidae) — 5 родаў, 12 відаў. Пашыраны ў Паўн., Цэнтр і паўн.ч.Паўд. Амерыкі. Жывуць пераважна на дрэвах. Вядомы Дз. мексіканскі (Coendou mexicanus).
Даўж. цела да 103 см, хваста да 45 см, маса да 27 кг. Цела ўкрыта тоўстымі вострымі іголкамі (даўж. на загрыўку да 40 см) і цвёрдым шчаціннем. Афарбоўка цела чарнаватая, бураватая, карычневая з жоўтымі або белымі палосамі на іголках і валасах. Корм раслінны. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн.ч.Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч.Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс.га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч.стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняйглыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,
адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.
Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),
манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.
Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЮ́МАЎ (Малік Каюмавіч) (н. 22.4.1912, Ташкент),
узбекскі аператар і рэжысёр дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1967). Герой Сац. Працы (1990). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Пачынаў як акцёр. З 1933 працаваў на Ташкенцкай студыі кінахронікі, карэспандэнтам «Саюзкінахронікі» ў Сярэдняй Азіі, на ўзб. студыі маст. фільмаў, у 1961—79 дырэктар, маст. кіраўнік Студыі навук.-папулярных і дакумент. фільмаў Узбекістана. Рэж.-аператар фільма «Прыязджайце да нас ва Узбекістан» (1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. Зняў фільмы: «Раніца Індыі» (1956), «В’етнам — краіна мая» (1960), «Ад вясны да вясны» (1963, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964), «Ташкент, землетрасенне» (1967), «Залатая Бенгалія» (1973), «Зямельная рэформа» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Хто страляе ў рэспубліку» (1984) і інш.
Літ.:
Караджев Б. Малик Каюмов // Режиссеры советского документального кино. М., 1983.