ПУЛЬМАНАЛО́ГІІ І ФТЫЗІЯТРЫ́І НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1928 у Мінску як Бел.НДІ туберкулёзу. У Вял.Айч. вайну эвакуіраваны ў Нова-Беліцу (г. Гомель). З 1944 у Мінску, з 1972 у пас. Навінкі Мінскага р-на. З 1988 НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу і павышэння эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння неспецыфічных пашкоджанняў органаў дыхання; вывучэнне асаблівасцей праяўлення пазалёгачнага туберкулёзу і распрацоўка эфектыўных метадаў лячэння. У складзе ін-та 5 н.-д. аддзелаў, у т. л. імунамарфалагічных даследаванняў; лабараторыі, 8 разнапрофільных клінічных аддзяленняў, дыспансернае і дапаможнае аддзяленні. На базе НДІ працуе кафедра туберкулёзу і дзіцячага туберкулёзу Мінскага мед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
алахто́ны
(ад ала- + гр. chthon = зямля)
1) біял. арганізмы, якія насяляюць пэўную мясцовасць, але ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ў іншым месцы (параўн.аўтахтоны 1);
2) геал. горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку геалагічных працэсаў з матэрыялу, перанесенага з іншых мясцін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БРАМЛЕ́Й (Юліян Уладзіміравіч) (21.2.1921, Масква — 4.6.1990),
рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад.АНСССР (1976, чл.-кар. 1966), д-ргіст.н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АНСССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар.т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і этнічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.Р.Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (25.12.1900, г. Арол — 21.9.1976),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1940), д-р фізіка-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1931—54 у Маскоўскім ун-це. З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1963—67 заг. Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. У 1928 сфармуляваў закон анізатрапіі, які ўстанаўлівае сувязь паміж магн. і мех. ўласцівасцямі ферамагнетыкаў. Аўтар прац па тэорыі хім. дынамікі і ланцуговых працэсаў, стат. тэорыі дыслакацыі, тэорыі пластычнасці і трываласці. Прапанаваў метады аналізу ферасплаваў і спосабы выяўлення дэфектаў у метал. вырабах. Дзяржаўная прэмія СССР 1941, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Ферромагнетизм. М.; Л., 1939;
Основы химической динамики. М., 1940;
Теория цепных процессов. М.; Л., 1951;
Дислокации и пластичность. Мн., 1961.
Літ.:
Н.С.Акулов // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»
(«ААП»),
назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУСБССР для фабрыкацыі шэрагу паліт.працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.М.Галадзед, М.Ф.Гікала, В.Ф.Шаранговіч, А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.А.Чарнушэвіч, П.Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал.працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),
унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАПЛО́СК (Барыс Аляксандравіч) (12.11.1905, в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.7.1994),
савецкі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы 1963. Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). У 1946—63 у НДІАНСССР, з 1963 у Ін-це нафтахім. сінтэзу Рас.АН. Навук. працы па тэорыі полімерызацыі і сінтэзу каўчукоў. Адкрыў і даследаваў з’яву аксідарэдукцыйнага ініцыіравання радыкальных працэсаў (1939), новы тып ланцуговых рэакцый пад уплывам карбенавых комплексаў пераходных металаў (1980). Распрацаваў асновы сінтэзу каўчукоў метадам эмульсійнай полімерызацыі. Ленінская прэмія 1984, Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949.
Тв.:
Генерирование свободных радикалов и их реакции. М., 1985 (разам з А.І.Ціняковай);
Металлоорганический катализ в процессах полимеризации. 2 изд. М., 1985 (з ёй жа).
Літ.:
Б.А.Долгоплоск (1905—1994): (К 90-летию со дня рождения) // Высокомолекулярные соединения. Сер. А. 1996. Т. 38, № 3.