1) спосаб разважання ад асобных прыватных фактаў да агульных вывадаў, абагульненняў (параўн.дэдукцыя);
2) узбуджэнне электрычнага току пры руху яго ў магнітным полі або пры змяненні вакол яго магнітнага поля;
3) узаемадзеянне працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай сістэме, пры якім узнікненне аднаго працэсу выклікае развіццё другога, процілеглага.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
глуты́р Вялікі кавалак зямлі на раллі, глыба; неразбітая скіба ўзаранага цвёрдага поля (Мсцісл.Юрч.). Тое ж глуты́ра (Мсцісл.Юрч.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
недасе́вак Пусты, недасеяны ўчастак поля; рэдка засеянае поле; нерассеянае насенне, астатак ад сяўбы (Слаўг.). Тое ж недасе́ў, недасе́вічча (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
падпя́тнішча Месца, якое знаходзіцца недалёка ад вугла поля з каморніцкім капцом (Сал.).
□ ур. Падпятнішча (поле) каля в. Яскавічы Сал.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ДЫПО́ЛЬ (ад ды... + грэч. polos полюс),
1) Д. электрычны — сістэма з 2 роўных па абс. значэнні і розных па знаку засяроджаных (кропкавых) эл. зарадаў (q), размешчаных на некат. адлегласці l адзін ад аднаго. Характарызуецца эл.дыпольным момантамp = ql.
На вял. адлегласцях ад Д. (r ≫ l) яго эл. поле вызначаецца формуламі
,
,
, дзе φ — патэнцыял, Er — радыяльная і ΕΘ — трансверсальная кампаненты напружанасці у пункце назірання з радыус-вектарам , Θ — вугал паміж вектарамі і , ε0 — эл. пастаянная. Д. з пастаянным дыпольным момантам () стварае патэнцыяльнае (безвіхравое) поле, Д. з пераменным момантам з’яўляецца крыніцай выпрамянення эл.-магн. хваль.
2) Д. магнітны — сістэма з 2 роўных па абс. значэнні і розных па знаку фіктыўных магн. зарадаў (полюсаў), размешчаных на некат. адлегласці адзін ад аднаго. Лічыцца, што ў макраскапічным сэнсе магн. зарадаў (адасобленых магн. полюсаў) не існуе, аднак магн. поле замкнутых эл. токаў на вял. адлегласцях супадае з полем, якое ствараў бы магн. Д. Асн. характарыстыка магн. Д. — магнітны момант. Гл. таксама Манаполь магнітны.
А.І.Болсун.
Да арт.Дыполь. Лініі напружанасці вектара E электрычнага поля дыполя, p — электрычны дыпольны момант.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,
залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.
Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.
Літ.:
Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ.М., 1977;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НЫ,
вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.
Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш.Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл.поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл.Гана эфект).
П.С.Габец, П.А.Пупкевіч.
Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЫ ШКО́ДНЫЯ,
жывёльныя арганізмы рознага паходжання, узроўню арганізацыі, сістэматычнай прыналежнасці і экалагічных умоў месцапражывання, якія прама або ўскосна, часова або пастаянна, перыядычна або неперыядычна шкодзяць гаспадарцы, здароўю чалавека, свойскім і дзікім жывёлам і раслінам. Вылучаюць Ж.ш. у залежнасці ад аб’ектаў, якім яны шкодзяць: гасп. (шкоднікі сельскай, рыбнай, паляўнічай гаспадаркі і інш.), ландшафтным (шкоднікі поля, саду, агарода, лесу і інш.), групам і відам раслін і жывёл (шкоднікі с.-г. раслін, хвойных і лісцевых парод дрэў і інш.). Назва «Ж.ш.» даволі ўмоўная, для канчатковай ацэнкі пэўнага віду жывёл у кожным выпадку неабходны дакладны эколага-эканам. аналіз. Аднак біягеацэнатычнае значэнне віду вызначыць цяжка. Абсалютных Ж.ш. у прыродзе няма. На Беларусі да Ж.ш. належаць некат. віды млекакормячых (палёўкі звычайная і рыжая, дамавая мыш, чорны пацук і інш.), птушак (мышалоў балотны, шэрая варона, ястраб-цецяроўнік, верабей дамавы і інш.), рыб (напр., джгір), малюскаў (напр., дрэйсена) і інш.; найбольшую шкоду гаспадарцы прычыняюць Ж.ш. з класа насякомых (напр., шаўкапрады, пільшчыкі, пядзенікі, караеды, пухаеды, сляпні, каларадскі жук, шведская муха, бураковая блыха, гарохавы зерняед і інш.) Для барацьбы з Ж.ш. выкарыстоўваюцца гасп. (напр., агратэхн. прыёмы рэгуляцыі колькасці), біял. (натуральныя ворагі), механічныя (непасрэднае знішчэнне пасткамі і інш.), фізічныя (знішчэнне з дапамогай высокіх або нізкіх тэмператур, ультрагуку і інш.), хім. (ядахімікаты), генетычныя (масавы выпуск лятальных мутацый, якія парушаюць нармальны цыкл размнажэння Ж.ш.) метады.