асадкавыя ўтварэнні на дне азёраў сучаснай і мінулых геал. эпох. Прадстаўлены пераважна дробназярністымі тэрыгеннымі асадкамі, сапрапелем і дыятамітам у прэснаводных азёрах, карбанатамі, сульфатамі, хларыдамі, глінай — у салёных. На Беларусі найб.пашыраны пясчана-гліністыя асадкі і стужачныя гліны азёрна-ледавіковых басейнаў антрапагену, сучасныя аргана-мінер. адклады (глеі і сапрапелі), карбанатныя пароды (азёрныя мергелі) і інш. Многія з іх карысныя выкапні; выкарыстоўваюцца на ўгнаенне, як лекавыя гразі, для вытворчасці будматэрыялаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, якіх вырошчваюць і разводзяць у акварыумах з дэкар. і навук. мэтамі. З некалькіх сотняў відаў на Беларусі пашыраны каля 40. Найб. вядомыя: залатая рыбка, мечаносцы, гупі, даніо, скалярыі, неоны, барбусы, сомікі, хромісы, наностамусы, хеміграмусы, дыскусы, цыхлазомы, гурамі, грымі, малінезіі, тэрнецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́ДЫ, вокіслы,
злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫ́ДЫІ (Ascidiae),
клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс. відаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАСЦЕНЬ, берасцянік,
гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІМЕТА́Л [ад бі... + метал(ы)],
матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб.пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб.пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЦУКРЫ́ДЫ,
вугляводы — алігацукрыды, малекула якіх мае 2 астаткі монацукрыдаў, злучаных гліказіднай сувяззю. Падзяляюцца на неаднаўленчыя (цукроза, трэгалоза) і аднаўленчыя (мальтоза, лактоза, цэлабіёза). У злучэннях неаднаўленчых Д. удзельнічаюць абодва гліказідныя гідраксілы, у аднаўленчых злучэнне ажыццяўляецца паміж гліказідным гідраксілам аднаго астатку і спіртавым гідраксілам другога астатку, у малекуле захоўваецца адна напалову ацэтальная групоўка. Па здольнасці ўдзельнічаць у рэакцыях нагадваюць монацукрыды. Пашыраны ў прыродзе ў свабодным выглядзе, з’яўляюцца структурнымі кампанентамі малекул гліказідаў, аліга- і поліцукрыдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯСПО́Р (ад грэч. diaspora рассейванне),
мінерал падкласа гідрааксідаў, гідрааксід алюмінію HAlO2. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонкапласціністыя, таблітчастыя, слупкаватыя. Агрэгаты ліставатыя або тонкалускаватыя. Колер шэры, белы, жаўтавата-буры, чырванаваты, зялёны. Бляск шкляны. Крышталі празрыстыя да паўпразрыстых. Цв. 6,5—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—3,5 г/см³. Пры награванні каля 575 °C ператвараецца ў карунд. Паходжанне пераважна кантактава-метасаматычнае і экзагеннае. Пашыраны ў радовішчах баксітаў. Выкарыстоўваецца як руда на алюміній, вогнетрывалы і абразіўны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ (у бел.муз. фальклоры),
устойлівы ансамбль з некалькіх творча раўнапраўных спевакоў. Кожны з іх выконвае ў ансамблі пэўную функцыю, якая асэнсоўваецца як асаблівае майстэрства і замацоўваецца ў спец. тэрміналогіі: запявала «заводзіць» песню, тыя, што вядуць асн. напеў ніжняга голасу, — «басуюць», а выканаўца верхняга сольнага голасу «падводкі» «падымае» песню. Пашыраны пераважна ў паўд. раёнах Беларусі.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971. С. 19—28.