ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],

навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.

Л.​М.​Мажуль.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

велічыня, якая характарызуе здольнасць дыэлектрыка палярызавацца ў знешнім эл. полі. Уваходзіць у Кулона закон як велічыня, што паказвае, у колькі разоў змяншаецца сіла ўзаемадзеяння эл. зарадаў пры пераносе іх з вакууму ў дыэлектрык пры нязменнай адлегласці паміж імі. Для ізатропных дыэлектрыкаў Д.п. ε вызначаецца адным лікам (ε—скаляр), для анізатропных — сукупнасцю лікаў (ε—тэнзар). Нараўне з Д.п. ўласцівасці дыэлектрыкаў апісваюць дыэлектрычнай успрыімлівасцю x, якая звязана з ёй суадносінамі: ε = x + 1.

Д.п. — адна з асн. характарыстык дыэлектрыка, вызначаецца механізмам яго палярызацыі і залежыць ад палярызаванасці часціц (атамаў, малекул, іонаў), што ўваходзяць у яго склад. У непалярных дыэлектрыках Д.п. слаба залежыць ад т-ры; у палярных — залежнасць істотная, асабліва для сегнетаэлектрыкаў. Найб. пашыраныя метады вымярэння Д.п. заснаваны на вымярэнні ёмістасці кандэнсатара, запоўненага даследаваным дыэлектрыкам. Для газаў Д.п. роўна 1,0001—1,006, для вадкасцей — 1,8—81, для сегнетаэлектрыкаў — да 50000.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й О́ПТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1992 на базе Магілёўскага аддзялення Ін-та фізікі АН Беларусі (у 1970—78 Магілёўскі філіял Ін-та фізікі). У складзе Ін-та (1998) 5 лабараторый і 2 тэматычныя групы. Аспірантура з 1993 па оптыцы, лазернай фізіцы і дыферэнцыяльных ураўненнях.

Асн. кірункі навук даследаванняў: інтэгральная і валаконная оптыка; фіз. асновы аптычнай апрацоўкі інфармацыі; тэхнал., мед. і экалагічнае прыладабудаванне. Распрацаваны: тэорыя аптычных хваляводаў і тэхналогія іх вырабу (Дзярж. прэмія Беларусі 1984); тэхналогія вырабу валаконных святлаводаў для аптычных ліній сувязі; тэорыя і метады аналізу працэсаў фарміравання і апрацоўкі інфармацыі ў відарысаўтваральных сістэмах з улікам энергет., палярызацыйных і кагерэнтных уласцівасцей аптычнага выпрамянення; стат. тэорыя пераносу аптычнага выпрамянення і адлюстравання праз рассейвальныя асяроддзі з адвольнай статыстыкай; асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных дыферэнцыяльных сістэм. У ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі А.М.Ганчарэнка; працуе чл.-кар. У.П.Радзько (дырэктар з 1987).

А.​В.​Хомчанка.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,

раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).

Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш. Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),

навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл. Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел. НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЕРАМЕ́ТРЫЯ (ад колер + ...метрыя),

навука аб метадах колькаснага вызначэння колеру (яго тону, яркасці). У выніку колерных вымярэнняў вызначаюцца 3 лікі — колерныя каардынаты ў выбранай сістэме 3 асн. колераў, якія поўнасцю вызначаюць колер пры пэўных стандартызаваных умовах яго разглядання.

К. заснавана на тым, што пры змешванні трох асн. колераў (кожны з іх не ўзнаўляецца 2 астатнімі) у пэўных колькасцях можна атрымаць усе магчымыя колеры. Ідэя трохкампанентнага колернага зроку прапанавана М.​В.​Ламаносавым, развівалі яе Дж.​Максвел і Г.​Грасман. Вымяраюць колер з дапамогай колераметраў, дзе змешваюць асн. колеры ў такіх суадносінах, каб атрымаць колер, эквівалентны даследаванаму. Карыстаюцца таксама колернымі атласамі для параўнання атрыманага колеру з узорамі. Ідэі і метады К. шырока выкарыстоўваюцца ў каляровым кіно і тэлебачанні, тэкст. і лакафарбавай вытв-сці.

Літ.:

Ивенс Р.М. Введение в теорию цвета: Пер. с англ. М., 1964;

Луизов А.В. Цвет и свет. Л., 1989.

В.​В.​Валяўка.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМБРА́НА (лац. membrana скурка, перапонка),

1) у тэхніцы — тонкая гнуткая пласцінка (плёнка), звычайна замацаваная па перыметры. Прызначана раздзяляць 2 поласці з рознымі ціскамі або аддзяляць замкнёную поласць ад агульнага аб’ёму.

Бываюць плоскія, гафрыраваныя, інш. складанага профілю; метал. (з сталі, фольгі, элінвару, бронзы) і неметал. (з гумы, скуры, пластмасы і інш.) Выкарыстоўваюцца ў мех. гуказапісвальных і гукаўзнаўляльных апаратах (мікрафонах, тэлефонах), як адчувальныя элементы (у мембранных цягамерах, дыфманометрах), для ўшчыльнення (у мембранных помпах, вакуумных клапанах і інш.).

2) У тэорыі пругкасці — замацаваная па контуры бясконца тонкая плёнка, модуль пругкасці якой у перпендыкулярным да паверхні напрамку роўны нулю. Такая М. з’яўляецца пругкай сістэмай, выкарыстоўваецца як нясучы элемент у мембранных вісячых сістэмах. У прыблізных разліках прымаецца нерасцяжнай.

3) М. біялагічныя — структуры, што забяспечваюць цэласнасць клетак і арганел. Гл. Біялагічныя мембраны.

4) Крыніца гуку ў некаторых муз. інструментах: нацягнутая на рэзанатар скура, сінт. плёнка і інш. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення.

т. 10, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.

У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл. Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.

Літ.:

Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.

Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.​П.​Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.

На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.​Дз.​Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.

Літ.:

Руководство по оториноларингологии. М., 1994;

Тугоухость. М., 1978.

І.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЯ ТЭРАПІ́Я, радыетэрапія,

лячэнне іанізавальным выпрамяненнем. Выкарыстоўваюць фатоннае (гама-выпрамяненне, рэнтгенаўскае, тармазное) і карпускулярнае (пучкі электронаў, пратонаў, нейтронаў, цяжкіх іонаў, таксама альфа- і бэта-выпрамяненні радыеактыўных ізатопаў) іанізавальнае выпрамяненне. Крыніцы выпрамянення ў П.т.: радыеактыўныя рэчывы (натуральныя або штучныя радыенукліды) і спец. электрафіз. апараты, якія ствараюць пучкі выпрамянення (рэнтгенаўскія апараты, паскаральнікі электронаў, пратонаў, генератары нейтронаў). Метады П.т.: дыстанцыйнае апрамяненне (гама-выпрамяненне кобальту-60 або цэзію-137, рэнтгенаўскае і інш.) і кантактнае (унутрыполасцевае, унутрытканкавае). Дыстанцыйнае апрамяненне ажыццяўляецца ў статычным або ў рухомым рэжымах. Механізм дзеяння П.т. — непарыўна звязаныя біяфіз. і біяхім. працэсы, якія выклікаюць функцыян. і марфал. змены ў клетках (да іх адмірання). Аснова П.т. — розная радыеадчувальнасць нармальных і пухлінных тканак (тэрапеўт. інтэрвал радыеадчувальнасці). П.т. з’яўляецца вядучым метадам кансерватыўнага лячэння шматлікіх форм злаякасных пухлін (рак скуры, губы, языка, гартані, шыйкі маткі), важным кампанентам камбінаванага і комплекснага лячэння.

Літ.:

Киселева Е.С. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М., 1996.

С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)