це́мя, цемя і цемені, Д цемю і цемені, В цемя, Т цемем і цеменем, М (аб) цемі і (аб) цемені, н.
Верхняя частка галавы, а таксама верх чэрапа паміж лобнымі, патылічнымі і скроневымі касцямі. [Хлопец] падстрыжаны пад бокс так, што толькі на самым цемі тырчаў касмыль русых валасоў. Дуброўскі. Ссунуўшы казырок на цемя, хлопец уважліва разглядаў чарцёж і ледзь прыкметна шавяліў вуснамі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Пашкоджаны хваробай, раненнем. Вавілыч і партызаны, якія прыходзілі яму на дапамогу, паспелі адскочыць крокаў на сотню, аднак балючая нага садоўніка пашкодзіла ўсяму. Кулакоўскі.
2. Які выклікае адчуванне фізічнага болю. Балючы ўкол. // Які сведчыць пра боль; пакутны. Балючым енкам прагучэў самотны крык арла ў вышыні. Самуйлёнак.
3. перан. Які прычыняе душэўныя хваляванні, неспакой. — Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. Шамякін. // Які выяўляецца ў рэзкай форме. Андрэй чакаў нейкага адказу, магчыма, самага балючага рэагавання. Кулакоўскі. // Вельмі важны, найбольш хвалюючы. [Дзяўчынкі] спяшаюцца выкласці самае балючае — у іх класе ёсць яшчэ вучні з дрэннымі паводзінамі. «Маладосць». // Які цяжка адбіваецца на чым‑н. Была скончана пачатковая школа, але далейшы лёс хлопчыка апынуўся ў тупіку: працяг вучобы патрабаваў грашовых затрат, балючых для сялянскай гаспадаркі. У. Калеснік.
•••
Балючае месца гл. месца.
Балючае пытанне гл. пытанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.
1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.
4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.
5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Абмеркаваць, асэнсаваць, сабрацца з думкамі. Віктар не хадзіў самотна па вуліцы пасля таго, як балюча пакрыўдзіў бацьку і жонку, не шукаў такога прытулку, дзе можна было б спакойна абдумацца, заглянуць самому сабе ў душу. Кулакоўскі.
2. Перадумаць, прыйсці да іншага рашэння. Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загатава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што і чаго.
Разм.
1. Стварыць запас чаго‑н.; нарыхтаваць. Загатаваць дроў на зіму. □ Вось, каб не галадаваць, Трэ’ табе загатаваць за ўраджай запасы збожжа. Крапіва.
2. Зрабіць, падрыхтаваць. — Я прыйшоў сюды, дык не ўмеў нават як след раствор загатаваць. Кулакоўскі.
загатава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што і чаго.
Давесці да кіпення; закіпяціць. Загатаваць ваду. Загатаваць чаю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ло́каць, ‑кця; мн. локці, ‑цяў; м.
1. Месца згібу рукі, дзе злучаецца плечавая косць з касцямі перадплечча. Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус .. паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі. Хвіліну .. [Максім і Васіль] ішлі моўчкі, датыкаючыся адзін аднаго локцямі. Шамякін. // Частка рукава, якая аблягае гэта месца. Падраны локаць.
2. Старадаўняй мера даўжыні, роўная прыблізна 0,5 метра.
•••
Кусаць (сабе) локці гл. кусаць.
Пачуццё локця гл. пачуццё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяжу́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. Быць дзяжурным (у 1 знач.). Дзяжурыць ля тэлефона. □ У гарачыя дні малацьбы і адпраўкі хлеба дзяржаве Грысь сам і дзяжурыў на пароме, бо ніхто так не ўмеў наладзіць усе пераправачныя прылады, як гэта мог зрабіць стары Вячэра. Кулакоўскі.
2. Неадлучна знаходзіцца дзе‑н. пры кім‑, чым‑н. з якой‑н. мэтай. [Пан Яндрыхоўскі:] Падрыхтаваць сорак фурманак, каб дзяжурылі тут, у маёнтку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Затрымацца дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася; запазніцца. — Мо цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай чаго б яна забавілася. Мележ. [Удзельнікі нарады] сабраліся хутка, толькі недзе забавіўся дырэктар. Дуброўскі.
2. Зацягнуць, прамарудзіць з чым‑н., не зрабіць чаго‑н. у час. — Калі там, у Беларусі, усе гэтакія малайцы, дык яны, нябось, не забавяцца з будаўніцтвам свайго трактарнага. Кулакоўскі.
3. Зак. да забаўляцца (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недапе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад недапячы.
2. перан.; у знач. прым. Разм. Недастаткова падрыхтаваны да якой‑н. працы; малавопытны. Калі падчас трапіцца які-небудзь крыху недапечаны трактарыст, то мала карысці. Кулакоўскі.
3. перан.; у знач. прым. Разм. Вялы, бязвольны. — Слухай, Андрэй, — сказаў [Тамаш], падышоўшы. — Чаго ты ляжыш? Не выспаўся, ці што? Нешта ты апошнія дні як недапечаны. Што з табою, скажы. Чарнышэвіч. // Прыдуркаваты. Недапечаны хлапец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)