МЕЦЭНА́Т Гай Цыльній (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 і 64—8 да н.э.),

рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц. пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т. л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІ (Meany) Джордж (16.8.1894, Нью-Йорк — 10.1.1980),

прафсаюзны дзеяч ЗША. У 1910—22 рабочы-водаправодчык. У прафс. руху з 1915. З 1922 адзін з кіраўнікоў аддзялення прафсаюза водаправодчыкаў у Нью-Йорку. У 1934—39 старшыня філіяла Амерыканскай федэрацыі працы (АФП) у штаце Нью-Йорк. З 1940 сакратар-скарбнік, з 1952 старшыня АФП. У 1955—79 старшыня Амерыканскай федэрацыі працы — Кангрэса вытворчых прафсаюзаў, якая пад яго ўплывам выйшла з Міжнар. канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў (1969). З 1948 чл. грамадскага дарадчага апякунскага савета за «эканам. кааперацыю адміністрацыі».

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТ (Mott) Джон Рэйлі (25.5.1865, г. Лівінгстан-Манар, ЗША — 31.1.1955),

амерыканскі грамадскі дзеяч, хрысц. місіянер. Скончыў Корнелскі (г. Ітака) ун-т (1888). У 1895—1920 ген. сакратар, у 1920—28 старшыня Сусв. студэнцкай хрысц. федэрацыі, у 1898—1928 адначасова ў Хрысц. асацыяцыі маладых людзей (з 1915 ген. сакратар гэтай асацыяцыі і Нац. савета хрысц. царквы ў ЗША). У 1921—41 старшыня Міжнар. місіянерскага савета. З 1948 ганаровы старшыня Экуменічнага савета цэркваў. Аўтар прац па прапагандзе хрысц. ідэалаў і місіянерскай дзейнасці. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Э.Г.Болч).

Дж.Мот.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯЛО́ЎСКІ Юзаф (1728—8.3.1814),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТАНЬЯ́ХУ Беньямін (дакладней Нетаніягу Біньямін; н. 21.10.1959, Ізраіль),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (ЗША). Служыў у падраздзяленні асобага прызначэння ізраільскай арміі, займаў адказныя пасады ў прыватных фірмах. Чл. партыі Херут (Свабоды). З 1982 1-ы сакратар пасольства Ізраіля пры ААН, з 1984 пастаянны прадстаўнік Ізраіля пры ААН. У 1988—91 нам. міністра замежных спраў Ізраіля, у 1991—92 міністр канцылярыі ізраільскага прэм’ер-міністра. У 1996—99 прэм’ер-міністр Ізраіля. Прыхільнік жорсткага курсу на перагаворах з араб. краінамі па ўрэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЕРЭ́РЭ (Nyerere) Джуліус Камбараджэ (1922, Бутыяма, Танзанія — 14.10.1999),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Танзаніі. Скончыў каледж Макерэрэ (Уганда) і Эдынбургскі ун-т. З 1946 настаўнічаў. Заснавальнік Афр. нац. саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954—77. У 1977—90 прэзідэнт Рэв. партыі (створана ў выніку аб’яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 чл. Заканад. сходу Танганьікі, з 1960 гал. міністр, у 1961—62 прэм’ер-міністр, з 1962 прэзідэнт Танганьікі. У 1964—85 прэзідэнт Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 адышоў ад паліт. дзейнасці. Тэарэтык афр. сацыялізму паводле кіт. мадэлі.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАНДРЭ́У (Papandreu) Андрэас (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу, унук З.Мінейкі. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЯЛІ́ЦЫН Аляксандр Іванавіч (25.2.1913, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 15.8.1967),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1959). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1929 працаваў слесарам паравознага дэпо, у 1933—35 у Чырв. Арміі, потым на камсам. і парт. рабоце. З 1944 на парт. рабоце ў Беларусі. З 1952 у органах дзяржбяспекі: нам. міністра дзяржбяспекі БССР, з 1953 нам. міністра ўнутр. спраў БССР, у 1954—59 старшыня КДБ пры Савеце Міністраў БССР. У 1959—67 нам. старшыні КДБ пры Савеце Міністраў СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР (1959).

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЦІ́НІ (Pertini) Алесандра (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»). З 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТО́РЫУС (Pretorius) Андрыес Вільхельмус Якобус (27.11.1798, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 23.7.1853),

бурскі ваен. і паліт. дзеяч у час перасялення бураў (афрыканераў) з Капскай калоніі на Пн ад р. Аранжавая. Узначаліў бураў у 1838 пасля гібелі іх лідэра П.​Рэтыфа. У снеж. 1838 камандаваў атрадамі бураў, якія перамаглі зулусаў у бітве на р. Інкоме. У студз. 1852 падпісаў з англічанамі Сандрыверскую канвенцыю, паводле якой тыя прызнавалі незалежнасць бураў на Пн ад р. Вааль, дзе ў 1856 была створана Паўд.-Афр. Рэспубліка (гл. Трансвааль). Ад яго імя паходзіць назва г. Прэторыя.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)