КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУБО́ВІЧ (Каханоўскі) Аўген
(Яўген) Тодаравіч (5.3.1912, в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1987),
бел. гісторык, літаратуразнавец, паліт. дзеяч. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). У 1930 арыштаваны, сасланы. У 1933 вярнуўся ў БССР, з 1939 кансультант-метадыст Наркамасветы БССР. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады (1944, справы культуры), кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (1944); на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выступіў з асн. рэфератам. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. арг-цый і партый, займаўся літ., навук., культ.-асв. і паліт.-грамадскай дзейнасцю. Даследчык мовы, л-ры, гісторыі Беларусі, пачынальнік вывучэння гісторыі бел. эміграцыі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зб. «Янка Купала і Якуб Колас, 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел.муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).
незалежнае грамадскае аб’яднанне маладзёжных і дзіцячых арганізацый у 1958—95. Створаны ў кастр. 1958 як КМА БССР. Заклаў падмурак міжнар. супрацоўніцтва бел. моладзі, наладзіў сувязі з маладзёжнымі арг-цыямі Польшчы, Венгрыі, Югаславіі, В’етнама, ФРГ, Бельгіі, ЗША і інш. КМА БССР быў адзінай арг-цыяй, якая ва ўмовах сав. сістэмы давала бел. моладзі магчымасць выязджаць за мяжу. Асн. мэты: развіццё навук., тэхн. і маст. творчасці моладзі; абарона паліт., сац.-эканам., асабістых правоў, свабод і законных інтарэсаў маладзёжных арг-цый Беларусі; стварэнне і развіццё новых маладзёжных рухаў і арг-цый, прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнар. арэне; развіццё рэгіянальнага міжнар. супрацоўніцтва і інш. У кастр. 1991 зарэгістраваны як КМА Беларусі. У сак. 1995 перарэгістраваны як Бел.нац.к-т маладзёжных арг-цый (БНКМА). Вышэйшы орган — сход прадстаўнікоў арганізацый-членаў, выканаўчы — прэзідыум БНКМА. У складзе БНКМА 28 арганізацый-членаў і 6 арганізацый-наглядальнікаў (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы ККБССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (да яго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),
бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж.выд-ваБССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розных літ. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА (Іван Сяргеевіч) (12.9.1902, в. Дзмітраўка Бутурлінаўскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 12.6.1979),
бел. гісторык. Акад.АНБССР (1969, чл.-кар. 1959), д-ргіст.н., праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Паўн.-Каўк.камуніст.ун-т (1930), Ін-тчырв. прафесуры (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1948). У 1938—41 дэкан Мінскага, дырэктар Беластоцкага пед. ін-таў, з чэрв. 1941 сакратар Беластоцкага абкома КП(б)Б. З 1948 у Ін-це гісторыі АНБССР: нам. дырэктара, дырэктар (1953—44), заг. сектара Вял.Айч. вайны. Працы па гісторыі Вял.Айч. вайны. Чл. рэдкалегіі, адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—2, 1954—58, 2-е выд., 1961), чл. рэдкалегіі «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), гал. рэдактар і сааўтар 4-га т. гэтага выдання, чл. рэдкалегіі «Гісторыі СССР» (т. 1—11, 1966—80) і сааўтар яе т. 10 (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХНЮ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 27.9.1947, в. Грушчаны Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1987), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1969). З 1992 дырэктар Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. У 1997—98 заг. аддзела Камісіі па міжнар. справах і нац. бяспецы Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З 1998 у БДУ. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), аўтараў і складальнікаў зб-каў дакументаў і матэрыялаў «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Антон Луцкевіч: матэрыялы следчай справы НКУСБССР» (1997).
Тв.:
Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историогр. очерк. Мн., 1979;
Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985;
Историческая наука БССР, 80-е годы. Мн., 1987 (разам з П.Ц.Петрыкавым);
Арыштаваць у высылцы: Дак. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996;
Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіягр. Браніслава Тарашкевіча. Мн., 1999 (разам з А.І.Валахановічам).