ценявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да ценю (у 2, 6 знач.). Ценявыя ўзоры. Ценявая праекцыя. Ценявы тэатр. Ценявыя фарбы.
2. Які знаходзіцца ў цяні (у 1 знач.); неасветлены. Ценявы бок вуліцы. □ Некалі гэтая.. [ігруша] раскошна і маляўніча развіналася над хатай, яе лісце было да таго густое, што пры невялікім дожджыку ўвесь ценявы бок страхі аставаўся сухі. Кулакоўскі.
3. перан. Адмоўны, непажаданы. Ценявыя бакі жыцця Багдановіч раскрываў з настолькі вялікім пачуццём меры, што раскрыццё іх было ў яго сапраўды не «кветкамі зла». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР,
паняцце, якое аб’ядноўвае тэатр Грэцыі Старажытнай і краін Б. Усходу, што развіваўся пад яго ўплывам, і тэатр Рыма Старажытнага. У перыяд развіцця антычны тэатр (6 ст. да н.э. — 4—5 ст. н.э.) у Еўропе ўпершыню створана сапраўднае тэатр. мастацтва, узніклі першыя ўзоры пастаянных тэатр. збудаванняў (тэатр у Эпідаўры), тэатр. машын і дэкарацыйнага афармлення спектакляў. Вопыт і традыцыі антычнага тэатра маюць моцны ўплыў на тэорыю і практыку еўрап. т-ра новага часу.
т. 1, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
рускі нар. мастацкі промысел. Існуе ў раёне г. Гарадзец Ніжагародскай вобл. з сярэдзіны 19 ст., калі замяніла мясц. вытв-сць калаўротаў з інкрустацыяй і разьбой (існавала з 18 ст.). У 1936 засн. арцель, з 1960 ф-та «Гарадзецкая размалёўка», якая вырабляе сувеніры, цацкі. Гарадзецкая размалёўка (жанравыя сцэнкі, фігуры коней, пеўняў, кветкавыя ўзоры) яркая, лаканічная, выконваецца тэмперай, характэрны свабодны мазок з белай і чорнай графічнай абводкай.
Літ.:
Маврина Т.А. Городецкая живопись: [Альбом]. Л., 1970.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ро́спіс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).
2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».
3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАВО́Т
(франц. gavotte),
1) старадаўні франц. нар. танец, напачатку карагодны. Муз. памер ці , тэмп умераны. Музыка гавота светлая, вытанчаная, часам з наіўна-пастаральным, радзей урачыстым адценнем. Вядомы з 16 ст. У 17—19 ст. прыдворны танец, грацыёзны і нярэдка манерны. Вядомы і цяпер у франц. правінцыі (асабліва ў Брэтані).
2) Частка інстр. сюіты (у музыцы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і інш.), радзей самаст. п’еса. У оперу і балет уведзены Ж.Б.Люлі. Класічныя ўзоры гавота стварылі Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюк, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў, С.Пракоф’еў.
т. 4, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,
адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.Вашынгтона работы Г.Сцюарта, 1796) і інш.
Літ.:
Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.
т. 3, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САВА-ПЯТРО́ЎСКАЯ Таццяна Паўлаўна
(н. 29.9.1950, Мінск),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-мастацкі ін-т (1972). Працуе пераважна ў галіне маст. ткацтва. Творчасць характарызуецца пошукамі выяўленчых магчымасцяў тэкстылю. Асн. работы: дэкар. тканіны «Святочная» (1972), «Натхненне» (1983), габелен-заслона «Нараджэнне планеты кветак» (1978), трыптыхі «Вясна» (1984), «Азёрны» (1986), дыптых «Каляровае паветра» (1988), габелен-скульптура «Лялька» (1989), габелены «А калі б магла» (1990), «Рэльефная кампазіцыя» (1991), «Кантрасты» (1995). Стварае ўзоры вырабаў для маст. прам-сці (абрусы, дарожкі, сурвэткі). Працуе таксама ў галіне пастэлі і малюнка.
т. 2, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЎЛЯ́НСКАЯ ЗБРАЁЎНЯ,
калекцыя ваен. зброі і амуніцыі 13—19 ст., сабраная А.Гюнтэрам (па паходжанні немец) у сваім маёнтку Дабраўляны (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не). Экспанаты — шлемы, кірасы, латы, парахаўніцы, бердышы, алебарды, чаканы, стрэлы, баявыя сякеры, лукі, даспехі крыжакоў і інш. — былі размешчаны ў пабудаванай ім капліцы. У калекцыі былі ўзоры ваен. і паляўнічага ўзбраення розных стараж. магнацкіх родаў. На тэр. сядзіб Гюнтэр стварыў таксама музей нар. побыту (старыя хаты, аборы, борці і інш.). Пасля яго смерці (1854) б. ч. экспанатаў трапіла ў Варшаву.
Г.А.Каханоўскі.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)