КРЫЯЭЛЕКТРО́НІКА (ад крыя... + электроніка),

крыягенная электроніка, адзін з кірункаў цвердацелай электронікі. Прылады К. характарызуюцца высокай адчувальнасцю, хуткадзеяннем, нізкім узроўнем цеплавых шумоў. Выкарыстоўваюцца для вымярэння магн. палёў, эл. напружанняў, інтэнсіўнасці інфрачырвонага выпрамянення ў вымяральнай і выліч. тэхніцы, ЗВЧ-апаратуры і інш.

Прынцып дзеяння прылад К. заснаваны на фіз. з’явах у цвёрдых целах пры крыягенных т-рах, напр., фазавы пераход нармальны метал — звышправаднік, квантаванне магн. патоку, Джозефсана эфект. Развіццё К. пачалося ў СССР, ЗША і інш. са стварэння ў 1953 крыятрона (мініяцюрнай пераключальнай прылады) і на яго аснове трыгера і квантрона, дзе інфармацыя запісваецца адзінкавымі квантамі магн. патоку. Ячэйка Кроу (асн. элемент крыягенных запамінальных прылад), прынцып дзеяння якой заснаваны на незатухальных эл. токах у звышправадніках, дазваляе захоўваць інфармацыю з надзвычай высокай шчыльнасцю ўпакоўкі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН і Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.​Азіі),

цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л. звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.

Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл. Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.

У.​М.​Сацута.

Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел аптычнай спектраскапіі, заснаваны на выкарыстанні ўласцівасцей лазернага выпрамянення. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, хіміі, экалогіі для вывучэння структуры, стану і ўласцівасцей рэчыва, часціц і працэсаў.

Узнікла ў 1960-я г. на мяжы спектраскапіі і квантавай электронікі. Метады Л.с. выкарыстоўваюць з’явы нелінейнага ўзаемадзеяння лазернага выпрамянення з рэчывам (двух ці больш фатоннае, а таксама насычанае і наведзенае паглынанне, працэсы кагерэнтнага рассеяння, шматфатоннага змешвання і інш.). Л.с. характарызуецца высокімі адчувальнасцю, спектральнай, прасторавай і часавай раздзяляльнай здольнасцю, дазваляе вывучаць спектральныя характарыстыкі, замаскіраваныя неаднародным пашырэннем спектральных ліній ці палос, даследаваць рэчыва ва ўзбуджаным стане, праводзіць даследаванні адзінкавых атамаў і малекул.

На Беларусі даследаванні па праблемах Л.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш.

Літ.:

Летохов В.С., Чеботаев В.П. Принципы нелинейной лазерной спектроскопии. М., 1975;

Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981;

Лазерная пикосекундная спектроскопия и фотохимия биомолекул. М., 1987.

В.​А.​Арловіч.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.

Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл. Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл. Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 10​21 Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.

На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац. АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.

Літ.:

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;

Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ. М., 1983;

Ахманов С.А., Выслоух В.А., Чиркин А.С. Оптика фемтосекундных лазерных импульсов. М., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,

галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.

Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.

На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам А.​С.​Рубанава і Б.​І.​Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ і інш.

А.​С.​Рубанаў.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.​С.​Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна радыётэхнікі і электронікі, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай і выкарыстаннем метадаў і тэхн. сродкаў атрымання (генерыравання), запамінання (захоўвання), пераўтварэння, узмацнення, вымярэння і індыкацыі імпульсаў электрычных. Імпульсныя сігналы, што выкарыстоўваюцца ў І.т., вызначаюцца амплітудай і працягласцю імпульсаў, частатой іх паступлення (праходжання), адносным узаемным размяшчэннем у серыі, перарывістасцю. Найб. шырока выкарыстоўваюцца імпульсы: у аўтаматыцы працягласцю каля 0,01—1 с, перарывістасцю да 10; у радыёсувязі адпаведна 10​−4—10​−5 с, 10—10​2; у радыёлакацыі 10​−3—10​−9 с, ад 10​2 да 10​4; у вылічальнай тэхніцы да 10​−9 с і менш.

Генерыраванне імпульсаў рознай формы, іх селекцыя па пэўных адзнаках, функцыянальнае пераўтварэнне і інш. робіцца з дапамогай разнастайных схем і ўстройстваў. Гэта лінейныя ўстройствы фарміравання і пераўтварэння імпульсаў (фарміравальныя лініі, дыферэнцавальныя і інтэгравальныя ланцугі, імпульсныя трансфарматары і ўзмацняльнікі, эл.-магн. і ультрагукавыя лініі затрымкі); нелінейныя ўстройствы пераўтварэння імпульсаў і пераключэння ланцугоў (абмежавальнікі, імпульсныя мадулятары, фіксатары ўзроўню, пік-трансфарматары, пераключальныя матрыцы і інш.); рэгенератыўныя спускавыя ўстройствы і генератары імпульсаў (пераразлічальныя схемы, трыгеры, мультывібратары, блокінг-генератары); імпульсныя дзельнікі частаты паўтору, электронныя генератары лінейназменнага току і напружання, селектары імпульсаў, лагічныя элементы і ўстройствы перапрацоўкі інфармацыі, закадзіраванай імпульснымі сігналамі, і інш. Метады і сродкі І.т. шырока выкарыстоўваюцца ў тэлебачанні (сігналы відарыса і сінхранізацыі імпульсныя), у радыёлакацыі і радыёнавігацыі, у радыёсувязі з высокай перашкодаўстойлівасцю і шматканальнай, у сучасных ЭВМ і лічбавых аўтаматах, радыёвымяральных прыладах і інш.

Літ.:

Ерофеев Ю.Н. Импульсная техника. М., 1984;

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР (англ. laser, скарачэнне ад Light Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне святла вымушаным выпрамяненнем),

аптычны квантавы генератар эл.-магн. выпрамянення ў бачным, інфрачырвоным ці ультрафіялетавым дыяпазонах даўжынь хваль. Прынцып работы Л. заснаваны на ўзмацненні святла пры наяўнасці адваротнай сувязі. Выкарыстоўваецца ў навук. фіз., хім., біял. даследаваннях, прам-сці, медыцыне, экалогіі, лініях валаконна-аптычнай сувязі, для запісу, апрацоўкі, перадачы і захоўвання інфармацыі і інш., а таксама ў ваен. справе (прамянёвая зброя).

Л. мае актыўнае асяроддзе, прылады напампоўкі для ўзбуджэння рэчыва ва ўзмацняльны стан і адваротнай сувязі, якая забяспечвае шматразовае праходжанне выпрамянення праз актыўнае рэчыва. Адваротная сувязь ствараецца люстэркамі (гл. Аптычны рэзанатар) або перыядычнымі неаднастайнасцямі актыўнага рэчыва (Л. з размеркаванай адваротнай сувяззю). Паводле актыўнага рэчыва адрозніваюць газавы лазер, паўправадніковы лазер, цвердацелы лазер, вадкасны на арган. фарбавальніках, эксімерны Л. (на малекулах галагенаў з высакароднымі газамі), Л. на свабодных электронах і інш.; паводле рэжыму работы — неперарыўны і імпульсны (выпрамяняюцца адзінкавыя імпульсы ці перыядычная паслядоўнасць імпульсаў з частатой паўтарэння да 10​7 с​−1.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі Л. праводзяцца ў ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, БПА і інш. Бел. вучонымі і інжынерамі створаны лазеры на арган. фарбавальніках, рэалізаваны розныя метады кіравання параметрамі лазернага выпрамянення і выкарыстання Л. ў навук. даследаваннях, медыцыне, апрацоўцы інфармацыі.

Літ.:

Степанов Б.И. Лазеры на красителях. М., 1979;

Яго ж. Лазеры сегодня и завтра. Мн., 1987;

Качмарек Ф. Введение в физику лазеров: Пер. с пол. М., 1981;

Тарасов Л.В. Лазеры действительности и надежды. М., 1985;

Войтович А.П., Севериков В.Н. Лазеры с анизотропными резонаторами. Мн., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,

адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.

Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл. Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн. дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10​−3—10​−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 10​9—10​10 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 10​6 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.

А.​І.​Болсун.

Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, B — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.7.1916, г. Атэртан, Аўстралія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1960). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН інш. краін. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1986). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). У 1939-41 і 1944—82 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1968 нам. дырэктара). Адначасова з 1954 праф. Маскоўскага ун-та, з 1973 заг. кафедры Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та, у 1973—92 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі Рас. АН, у 1982—98 дырэктар Ін-та агульнай фізікі Рас. АН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэд. савета выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя»; у 1969—78 гал. рэдактар 3-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі. Навук. працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магн. з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прам-сці, медыцыне, сувязі і інш. Разам з М.Г.Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Ч.Таўнсам). Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1980. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1988).

Тв.:

Методы изготовления астрономической оптики. М., 1980 (разам з Э.​А.​Вітрычэнкам, Я.​В.​Трушыным);

Научные основы прогрессивной технологии. М., 1982 (у сааўт.);

Квантовая электроника. М., 1996.

Літ.:

А.​М.​Прохоров. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

Аляксандр Міхайлавіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)