ДЗЯРЖА́ЎЦА,

службовая асоба ў ВКЛ, кіраўнік, часовы ўладальнік дзярж. маёнтка — дзяржавы. Да 16 ст. называўся намеснікам або цівуном. Прызначаўся вял. князем з шляхты, звычайна пажыццёва. Выконваў гасп., адм.-судовыя функцыі, збіраў падаткі, наглядаў за станам і рамонтам гасп. пабудоў, ваен. умацаванняў, адказваў за забеспячэнне гаспадаркі рабочай сілай. Судзіў велікакняжацкіх сялян, мяшчан, якія не падлягалі магдэбургскаму праву, шляхту (да 1564). З 16 ст. пашырылася практыка аддачы дзяржавы Дз. «ў заставу» за пэўную суму грошай.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канфедэра́цыя

(лац. confoederatio)

1) аб’яднанне, саюз якіх-н. грамадскіх арганізацый або дзяржаў (напр. Усеагульная к. прафсаюзаў у Францыі);

2) часовы саюз шляхты ў Польшчы 16—18 ст., які ствараўся для дасягнення пэўных палітычных мэт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сейм

(польск. sęjm)

1) саслоўна-прадстаўнічы орган у старажытнай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім; сход гараджан і шляхты на Беларусі ў 14—16 ст.;

2) назва парламента ў некаторых дзяржавах, напр. у Польшчы, Фінляндыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАГУ́Н (Іван) (? — 17.2.1664),

украінскі дзеяч, вінніцкі і брацлаўскі палкоўнік, наказны гетман (1651). У час антыфеад. вайны 1648—51 паплечнік Б.Хмяльніцкага. Прыхільнік незалежнасці Украіны, выступаў супраць саюзу з Расіяй і з Польшчай. Вызначыўся перамогамі над польскімі войскамі на Брацлаўшчыне (1648), пад Вінніцай (1651), Жванцам (1653), Уманню (1654). У 1659 узначаліў паўстанне супраць укр. гетмана І.Выгоўскага, які перайшоў на бок польскай шляхты. У 1663—64 удзельнічаў у ваен. дзеяннях Польшчы супраць Расіі, абвінавачаны ў здрадзе і расстраляны польскімі ўладамі.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПА́Н,

старадаўняе верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў палякаў, беларусаў і інш. слав. народаў. У 16—19 ст. быў абавязковай часткай адзення шляхты, мяшчан, укр. казакоў. Шылі пераважна з белага або шэрага сукна (радзей атласу. аксаміту). Крой двухбортны з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам. Паверх Ж. насілі кунтуш.

Да арт. Жупан. Партрэт К.​Весялоўскага ў жупане з кунтушом. Невядомы мастак. 1636.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.​М.​Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЖКА ((Žizka) Ян) (каля 1360, Троцнаў, Чэхія — 11.10.1424),

чэшскі нац. герой, палкаводзец перыяду гусіцкіх войнаў. З дробнай шляхты. У 1406—09 удзельнічаў у паўстанцкай вайне супраць паноў у Паўд. Чэхіі. З 1409 на службе ў польск. караля Ягайлы; прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410. У 1414 пры двары Вацлава IV. Адзін з кіраўнікоў паўстання жыхароў Новага Месца ў Празе 30.7.1419. Першыя перамогі атрымаў у пач. 1420 каля Некаміржа і Судамержа. Вызначыўся 14.7.1420 пры абароне Віткавай гары каля Прагі. Са снеж. 1420 першы гетман табарытаў. На Часлаўскім сейме 1.6.1421 выбраны ў ліку 20 правіцеляў Чэшскай зямлі. Выразнік інтарэсаў дробнай шляхты і мяшчан-гусітаў, падтрымліваў «Чатыры пражскія артыкулы». У ліп. 1421 пры аблозе замка Рабі Ж. страціў зрок. У час 3-га крыжовага паходу супраць гусіцкай Чэхіі ў 1422 разбіў ням. войска каля Кутна-Горы і Нямецкі-Броду. У пач. 1423 парваў з радыкальнымі табарытамі і заснаваў ва Усх. Чэхіі Малы Табар. 7.6.1424 разбіў войска пражан і паноў каля Малешава. Памёр ад чумы ў час аблогі г. Пршыбіслаў.

Літ.:

Ревзин Г.И. Ян Жижка. [М.], 1952;

Мацек Й. Табор в гуситском революционном движении: Пер. с чеш. Т. 2. М., 1959;

Озолин А.И. Бюргерская оппозиция в гуситском движении: Соц.-полит. требования. Саратов, 1973.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Я.​Жыжка. З карціны мастака Р.​Бема.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),

мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)