ВО́ЛЬТА ((Volta) Алесандра) (18.2.1745, г. Кома, Італія — 5.3.1827),

італьянскі фізік, хімік і фізіёлаг. Вучыўся ў школе езуітаў. Працаваў ва ун-тах Павіі (1779—1815) і Падуі (1815—19). Вынайшаў (1799) т.зв. вольтаў слуп — першую крыніцу пастаяннага эл. току. Адкрыў кантактную рознасць патэнцыялаў. Сканструяваў шэраг эл. прыбораў (кандэнсатар, электраскоп, электрометр і інш.). Выявіў і даследаваў уздзеянне электрычнасці на жывыя тканкі жывёл і чалавека. Яго імем названа адзінка эл. напружання — вольт.

А.Вольта.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́К (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 19.10.1949, г. Клецк Мінскай вобл.),

бел, хімік-арганік. Д-р хім. н. (1990), праф (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1991 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі гетэрацыклічных злучэнняў. Распрацаваў метад сінтэзу кісларод- і азотзмяшчальных гетэрацыклаў на аснове рэакцый унутрымалекулярнай цыклізацыі функцыянальна замешчаных ненасычаных і эпоксікетонаў, сінтэзаваў больш за тысячу новых гетэрацыклічных злучэнняў, многія з якіх біялагічна актыўныя (лек. прэпараты).

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛЬБЕРГЛЕ́ЙТ (Марк Аронавіч) (н. 28.11.1949, Мінск),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1990). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1976 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі драўніны, цэлюлозы, лігніну. Распрацаваў тэхналогію атрымання цэлюлозы арганасальвентнымі спосабамі дэлігніфікацыі драўніны.

Тв.:

Применение малоиспользуемых отходов древесины в производстве органоминерального компоста (у сааўт.) // Деревообрабатывающая промышленность. 1995. № З;

Гумификация древесных отходов в процессе их биодеструкции (у сааўт.) // Агрохимия. 1997. № З.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (н. 23.8.1954, с. Аляксандраўскае Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1995). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе. Навук. працы па спосабах апісання і прагназаванні экстракцыйнай раўнавагі ў сістэмах на аснове няводных палярных растваральнікаў. Прапанаваў методыкі раздзялення, канцэнтравання і ачысткі гідрафобных арган. рэчываў розных класаў.

Тв.:

Оценка сольвофобного эффекта при сольватации гидрофобных органических неэлектролитов полярными растворителями // Журн. физ. химии. 1999. Т. 73, № 1.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫФІ́ЛД ((Merrifield) Роберт Брус) (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТА́ШЧЫК (Васіль Ануфрыевіч) (12.6.1921, в. Старыя Дарогі Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 14.10.1994),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1972). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1947). З 1948 у Ін-це хіміі, у 1959—71 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, у 1973—81 у Ін-це торфу АН Беларусі Навук. працы па тапахіміі, вызначэнні ўдзельнай паверхневай энергіі цвёрдых цел (пераважна каталізатараў).

Тв.:

Новые закономерности в топохимии М., 1974.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЙЛЬ ((Boyle) Роберт) (25.1.1627, Лісмар, Ірландыя — 30.12.1691),

англійскі фізік і хімік. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага каралеўскага т-ва. Адукацыю атрымаў у Жэнеўскай акадэміі (1638—44). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і механіцы, па вывучэнні цеплавых, аптычных і акустычных з’яў. Адкрыў (1662) закон залежнасці аб’ёму газу ад ціску (гл. Бойля—Марыёта закон). Сфармуляваў паняцце хім. элемента (1661), залажыў асновы якаснага хім. аналізу.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки М., 1989. С. 95.

Р.Бойль.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎНЕР ((Brauner) Багуслаў) (8.5.1855, Прага — 15.2.1935),

чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.​І.​Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛАХ ((Wallach) Ота) (27.3.1847, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, — 26.2.1931),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1869). З 1870 у Бонскім ун-це (з 1876 праф.), з 1889 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па хіміі тэрпенаў. Адкрыў ліманэн, феландрэн, фенхан, тэрпіпален і інш., указаў на іх генетычную сувязь з ізапрэнам (1891), рэакцыю аднаўляльнага амініравання альдэгідаў і кетонаў сумессю першасных і другасных амінаў з мурашынай кіслатой (1909). Нобелеўская прэмія 1910.

О.Валах.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)