помнік грамадз. архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1904—06 у эклектычным стылі (арх. П.Камбураў) як аддзяленне Маскоўскага міжнар. банка. Мураваны сіметрычны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Гал.фасад вылучаны рызалітам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі на 2-м паверсе і пілястрамі карынфскага ордэра паміж імі. Тэрыторыя банка была абкружана мураванай сцяной (захавалася часткова). У комплекс уваходзілі таксама 2 жылыя будынкі і гасп. пабудовы (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана з дрэва ў 1826 у в. Блонь (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Сіметрычны прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) са шпілем, над сяродкрыжжам 8-гранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Гал.фасад акцэнтаваны манум. порцікам, які ўтвараюць 4 мураваныя калонкі і трохвугольны франтон. Сцены гарызантальна ашаляваны, завершаны карнізам з поясам «сухарыкаў», разным фрызам. У інтэр’еры асн. частка 3-нефавая, над бабінцам хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал.фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА І ДВУХ САВЕ́ТНІКАЎ Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1770-я г. ў стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак са скошанымі вугламі на невял. цокалі, завершаны вальмавым дахам. Гал.фасад вылучалі 3 з нязначным выступам рызаліты, завершаныя невысокімі атыкамі з франтонамі. Карнізны пояс падзяляў фасады на 2 ярусы. Існавалі гасп. пабудовы. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Т.І.Чарняўская.
Магілёўскі дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал.фасадсім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал.фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,
помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал.фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял.цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.
Літ.:
Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.
А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.
Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал.фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал.фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал.фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал.фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.