МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,
пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.
1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.
Літ.:
Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.
С.Ф.Ліпніцкі.
т. 10, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне), рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя,
працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хемасі́нтэз
(ад хема- + сінтэз)
працэс утварэння некаторымі мікраарганізмамі арганічных рэчываў з вуглекіслаты і іншых неарганічных рэчываў за кошт хімічнай энергіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ана́ліз
(гр. analysis = раскладанне)
1) навуковае даследаванне шляхам расчлянення цэлага на састаўныя часткі (параўн. сінтэз 1);
2) вызначэнне саставу рэчыва (напр. а. крыві).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ГАРАЧКАПАНІЖА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя рэчывы, якія памяншаюць або знімаюць тэмпературу цела пры ліхаманцы; маюць таксама абязбольваючае і процізапаленчае дзеянне. Да іх належаць: аспірын, анальгін, бутадыён, фенацэцін, ібупрафен, вальтарэн, індаметацын і інш. Гарачкапаніжальныя сродкі парушаюць сінтэз простагландзінаў (медыятараў ліхаманкі), гэтым зменьваюць работу гіпаталамічнага цэнтра тэрмарэгуляцыі і павялічваюць працэс цеплааддачы. Выкарыстоўваюць гарачкапаніжальныя сродкі рацыянальна пры рэзкім павышэнні тэмпературы (да 39 °C і вышэй).
А.С.Захарэўскі.
т. 5, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, бензаілгліцын,
C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКТЫ́Н (Iktinos),
старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл. Карынфскі ордэр).
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЦЫ́Я (грэч. pharmakeia ад pharmakon лякарства),
сукупнасць навукова-практычных дысцыплін па пошуках, прыгатаванні, стандартызацыі, даследаванні, захаванні і водпуску лекавых сродкаў. Цесна звязана з фармакалогіяй і інш. Асн. раздзелы Ф.: фармакагнозія, фармацэўтычная хімія, тэхналогія фармацэўтычных прэпаратаў і інш. Адзін з важнейшых кірункаў Ф. — даследаванне будовы рэчываў, характару сувязей у іх малекуле, хім. і фіз. уласцівасцей, што дазваляе ажыццяўляць мэтанакіраваны сінтэз новых фізіялагічна актыўных злучэнняў.
т. 16, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕР (Baeyer) Адольф (31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),
нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГЕСТЭРО́Н,
жаночы стэроідны палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека. Выпрацоўваецца жоўтым целам яечніка, плацэнтай, карой наднырачнікаў. Рыхтуе матку да імплантацыі плоднага яйца, забяспечвае развіццё і захаванне цяжарнасці ў млекакормячых, стымулюе развіццё канцавых сакраторных аддзелаў малочных залоз. Сінтэз і сакрэцыю П. рэгулююць лютэінізавальны гармон і харыянічны ганадатрапін. П. і яго прыродныя і сінт. вытворныя (гестагены) выкарыстоўваюць у медыцыне. Выяўлены таксама ў беспазваночных (напр., малюскаў) і ў кветкавых раслінах.
т. 12, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)