ЗА́ДРУГА (сербахарвацкае),

у паўднёвых славян ранейшая назва вялікай патрыярхальнай сям’і; разнавіднасць сямейнай абшчыны. Складалася з некалькіх пакаленняў нашчадкаў аднаго бацькі з іх жонкамі і дзецьмі; гаспадарка і спажыванне агульныя. Налічвала 20—30 чал. (часам 50—80). Існавала да 2-й пал. 19 ст.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),

польскі мовазнавец-славіст. Акад. АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРУ́Н,

вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым. Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.

Паводле стараж. бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ТНІК,

умоўная назва першай залатой манеты ўсх. славян часоў Кіеўскай Русі, выпушчанай Уладзімірам Святаславічам у канцы 10 ст. Маса 4—4,4 г. Падобны на сучасныя яму візант. соліды. З 11 вядомых экзэмпляраў З. 6 паходзяць з Пінскага скарбу.

Златнік Уладзіміра Святаславіча [980—1015] з Пінскага манетнага скарбу.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЯ́ВІЯ, Куябія, Куяба,

адзін з трох цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Славіяй. Большасць даследчыкаў лічаць К. паліт. аб’яднанне ўсх. славян на тэр. Сярэдняга Прыдняпроўя з цэнтрам у г. Кіеў, а таксама Стараж. Кіеў.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛІШЧЫ, капішчы, кумірніцы, трэбішчы, храмы ідальскія,

дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў усх. славян і суседніх народаў. Былі С. родавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямён. Найчасцей прысвячаліся Перуну, на іх устанаўлівалі ідалаў. Размяшчаліся на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах азёр і рэк, зрэдку насыпаліся штучна. Месцам С. былі таксама камяні-следавікі, культавыя ўзгоркі і крыніцы; ушаноўваліся свяшчэнныя дрэвы (асабліва дуб як дрэва Перуна) і гаі. На Беларусі найб. канцэнтрацыя С. нагадваецца ў паласе гал. Еўрап. водападзелу. Пасля прыняцця хрысціянства многія С. былі прыстасаваны для патрэб царквы і набылі функцыі прошчаў, у сувязі з чым частка іх у рэліктавай форме захавалася да 20 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987;

Яго ж. Язычество древних славян. М., 1981;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н,

легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Канадзе, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў Канадзе. Засн. ў 1967 як аддзел Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША). З 1968 самаст. ін-т. З 1971 чл. Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя навук. канферэнцый, выставак бел. нар. мастацтва, лекцый па беларусазнаўстве, пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце і інш. Члены ін-та бралі ўдзел у канфер. канадскіх славян (1969, Таронта), па пытаннях канадскага шматкультуралізму (1978), у 1975 разам са Слав. аддзелам Атаўскага ун-та наладзілі Дні бел. чытанняў на тэму «Прысутнасць беларусаў на паўн.-амер. кантыненце». Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (г. Мінск, 1993), штогодніх Кангрэсаў навук. арг-цый (у складзе Асацыяцыі канадскіх славян). У розны час БІНіМ узначальвалі В.​Жук-Грышкевіч, Я.​Садоўскі, І.​Шыманец-Сурвіла.

А.​С.​Ляднёва.

У бібліятэцы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Н II (Otto; 955—7.12.983),

кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона I. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. панавання.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІК,

драўляная 8-гранная ў плане вежа ў абарончым дойлідстве зах. і ўсх. славян у 16—17 ст. Часам былі квадратнага сячэння ў 1-м ярусе з 8-граннымі наступнымі ярусамі і высокім шатровым дахам. У Віцебскіх замках 17 ст. былі К.: Валконскі, Духаўскі, Шарамецеў, Бабарыкін, Мяшчанскі.

Шарамецеў круглік З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)