БЭ́КАН (Bacon) Фрэнсіс

(22.1.1561, Лондан — 9.4.1626),

англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве І. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук. індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводле паліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).

Тв.:

The works. Vol. 1—14. London, 1857—74;

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. 2 Изд. М., 1977—78.

В.М.Пешкаў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызнаць у кім‑, чым‑н. знаёмага або знаёмае. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі. Пальчэўскі. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і .. паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Гурскі. Чысты пакой нельга было пазнаць. .. Ложкі Аўдоцця прадала, і той кут, дзе яны стаялі, зусім апусцеў. Чарнышэвіч. // і без дап. Распазнаць па якіх‑н. прыкметах каго‑, што‑н. Толькі па дзвюх абгарэлых бярозах, што калісьці стаялі перад хатай, стары пазнаў месца, дзе пражыў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін.

2. і без дап. Вывучыць з’явы акаляючага жыцця, прыроды, рэальнасці. Пазнаць сутнасць рэчаў. Пазнаць тайны сусвету. □ [Бацька:] — Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. Хадкевіч.

3. Атрымаць сапраўднае ўяўленне аб кім‑, чым‑н. Пазнаць народнае жыццё. □ І пазнаў я жыццёвую тайну, — дзве слязы, як упалі на грудзі... Трус.

4. Перажыць, перацярпець; зведаць. Пазнаць гора. Пазнаць нястачу.

5. і з дадан. сказам. Зразумець што‑н. Калі .. [Аня] гаварыла, карыя вочы яе і выраз твару рэзка мяняліся, і па іх лёгка можна было пазнаць Аніны перажыванні. Карпюк. Здалёк і не пазнаць было, што гэта куры, — проста рознакаляровыя ласкуты. Паўлаў.

•••

Пазнаць, дзе ракі зімуюць — зведаць, што такое сапраўдныя цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.

2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.

3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».

4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальшы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўводзіць у зман, мае ў сабе фальш. Фальшывая трывога. □ Сяляне адмаўляліся выконваць панскія павіннасці, заяўляючы, што царскі маніфест з’яўляецца фальшывым. Ларчанка. // Які з’яўляецца падробкай; несапраўдны. Фальшывы пашпарт. □ На фальшывым ваенным білеце была .. фотакартка [Філістовіча]. Паслядовіч. За гэты час здарылася гісторыя з фальшывым касавым ордэрам, пра што як-небудзь я раскажу асобна. Скрыган. Ззялі сапраўдныя і фальшывыя каштоўнасці. Самуйлёнак. Зусім зразумела, што лірычны герой .. [М. Танка] адмаўляе ўсё фальшывае, падробленае пад сапраўднае. Гіст. бел. сав. літ.

2. Які не адпавядае ісціне, праўдзе. [Лічбы] сведчылі аб тым, што «Чырвонаму бору» створана фальшывая слава. Сабаленка. // Памылковы, няверны. Усё ўпала, рушылася; у фальшывай дарозе ішлі першыя маладыя гады. Чорны. // Не ўласцівы прыродзе рэчаў; ненатуральны. Знаходзіцца ў фальшывым становішчы.

3. Няшчыры, прытворны. [Міхась] сам добра ведаў, якія былі між імі [Мураўскім і Якімам] адносіны, і таму прыкра было слухаць гэты спознены фальшывы жаль, запраўлены хлуснёй. Машара. Апошняя сцэна.. [Людзе] ніяк не ўдавалася. Фальшывыя пакуты, пафас і — ніякага пачуцця. Шамякін. Сябар з фальшываю ласкаю — Камень трымае за пазухай. Дзяргай. // Які характарызуецца такімі паводзінамі (пра чалавека). Фальшывых людзей, буржуазныя перажыткі пісьменнік высмейваў з пазіцый савецкай маралі. Казека. // Які выказвае няшчырасць, крывадушша, прытворства. Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў. Гартны. — Ды... — скончыў.. [дакладчык] сваё выступленне тэатральна фальшывым тонам. Карпюк.

4. Які скажаецца пры вакальным, музычным выкананні (пра мелодыю і пад.). Бравурны марш месцамі быў фальшывы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́па ж.

1. в разн. знач. ла́па; (железный шип — ещё) сковоро́дник м.; ско́вородень м.;

ла́пы мядзве́дзя — ла́пы медве́дя;

у яго́ не ру́кі, а сапра́ўдныя ла́пы — у него́ не ру́ки, а настоя́щие ла́пы;

на ла́пах е́лкі ляжы́ць снег — на ла́пах ёлки лежи́т снег;

л. культыва́тара — ла́па культива́тора;

2. (инструмент для выдёргивания гвоздей) дерга́ч м.; гвоздодёр м.;

папа́сціся (тра́піць) у ла́пы — попа́сть (попа́сться) в ла́пы;

налажы́ць ла́пу — (на што) наложи́ть ла́пу (на что);

даць па ла́пах — дать по рука́м;

даць у ла́пу — дать в ла́пу;

у ла́пах — (каго, чыіх) в ла́пах (у кого, чьих);

запусці́ць ла́пу — запусти́ть ла́пу;

смакта́ць ла́пу — соса́ть ла́пу

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГНАСЕАЛО́ГІЯ

(ад грэч. gnōsis веды + ...логія),

вучэнне аб пазнанні; раздзел філасофіі, які вывучае суадносіны суб’екта і аб’екта ў працэсе пазнавальнай дзейнасці, магчымасці і межы пазнання свету чалавекам, шляхі і сродкі дасягнення ісціны. Гнасеалогія даследуе: месца і ролю ведаў у адносінах чалавека да сусвету, у развіцці індывід. чалавека (асобы) і ў эвалюцыі грамадства, яго трансфармацыі; асаблівасці пазнання як спецыялізаванай дзейнасці і шляхі яго ўваходжання ў інш. віды дзейнасці; суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, перадумовы і крытэрыі сапраўднасці ведаў, суадносіны паміж ісціннасцю і памылковасцю апошніх.

Гісторыя гнасеалогіі фактычна пачынаецца з пытання аб тым, што такое веды, чым яны забяспечваюцца (пачуццямі ці розумам). Платон сцвярджаў, што сапраўдныя веды маюць агульнаабавязковы характар, г. зн. не залежаць ад індывід. асаблівасцей суб’екта. Арыстоцель абгрунтоўваў тэзіс пра адзінства ведаў і прадмета пазнання, пра лагічную структуру пазнавальнага працэсу. У 17—18 ст. Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, Д.Дзідро і інш. раскрылі вял. ролю навук. метадаў, своеасаблівасць спалучэння пачуццёвых і рацыянальных момантаў у пазнавальным працэсе, суадносіны з рэчаіснасцю. Прадстаўнікі ням. класічнай філасофіі 19 ст. (І.Кант, Г.Гегель і інш.) абгрунтавалі неабходнасць пераадолення разрыву паміж гнасеалагічнай і анталагічнай праблематыкай, дыялектычнае адзінства эмпірычнага і рацыянальнага ў працэсе пазнання, наяўнасць узаемапераходаў гэтых катэгорый, узаемасувязь тэарэт. і практычнага розуму. Марксісцкая гнасеалогія асабліва падкрэслівала дзейсную прыроду пазнання, ролю практыкі як асновы і крытэрыю сапраўднасці ведаў, значэнне пазнання ў перабудове навакольнага асяроддзя, перш за ўсё сац. рэчаіснасці. Філас. фенаменалогія (Э.Гусерль і інш.) лічыць, што найб. фундаментальнай характарыстыкай пазнавальнага працэсу з’яўляецца інтэнцыяльнасць — скіраванасць свядомасці на прадмет пазнання. У сярэдзіне і канцы 20 ст. прадстаўнікі аналітычнай філасофіі (Б.Расел, Дж.Мур, Р.Карнап, Л.Вітгенштэйн, К.Попер і інш.) прааналізавалі месца і ролю знакава-сімвалічных сродкаў навук. мыслення, спосабы верыфікацыі навук. ведаў.

У апошнія дзесяцігоддзі гнасеалогія надае ўсё большае значэнне распрацоўцы агульнаметадалагічных праблем развіцця навукі, яе сац. прыроды. Даследаванні праведзеныя ў Беларусі (Я.Бабосаў, Г.Несвятайлаў, В.Русецкая і інш.) паказалі, што перспектывы развіцця гнасеалогіі шмат у чым абумоўлены сац. сітуацыяй, назапашваннем ведаў.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Гносеология в системе философского мировоззрения. М., 1983;

Познавательные действия в современной науке. Мн., 1987;

Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985.

Я.М.Бабосаў.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Праўдзівы, чыстасардэчны, адкрыты. Шчыры, добрасумленны, ён [Тарас] захапляўся камсамольскаю работаю і аддаваў ёй шмат часу. Якімовіч. [Баляслаў:] — Я з вамі заўсёды быў шчыры, бо і вы да мяне гэтакі былі. Чорны. І Віктар ганарыўся, што яго сябра такі шчыры. Гроднеў. // Які выражае сапраўдныя, непадробныя пачуцці, думкі. Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех. Кірэенка. Што на свеце роўнага па сіле знойдзецца да шчырай дружбы? Дубоўка. Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш. Броўка.

2. Задушэўны; інтымны. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Колас. А за Днястром лавілі далі Гамонку шчырую сяброў. А. Вольскі.

3. Сардэчны, душэўны. У тую хвіліну .. [Нявада] больш, як калі, углядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся. Чорны.

4. Натуральны, пазбаўлены прытворства. Шчырая ўпэўненасць чулася ў голасе Настачкі. Бядуля. Васілёк з такім шчырым захапленнем глядзеў на немчука, што той нават спыніўся перад ім і з цікавасцю стаў аглядаць яго. Маўр. — Не, брат, у нашай кузні іх [ветракоў] не зробіш! — паўтараў .. [бацька] з самым шчырым шкадаваннем. Якімовіч.

5. Старанны. Будзем усім пакаленнем Дружна да мэты збліжацца І камунізм сустрэнем Шчырай, натхнёнаю працай! Тарас. // Верны, адданы. [Месія:] — Будзьце шчырымі змагарамі. Змагайцеся, а не скарайцеся. Мікуліч. [Стары:] — Комлік таксама за гэты прынцып. Можа, самы шчыры прыхільнік яго. Карпаў. // Заўзяты, заядлы. Ляжалі Васі — дружбакі, Музыкі, спевакі, І Янка, шчыры следапыт, І Цімка, стырнавы. Кірэенка. Гэтая стараннасць, гэтае шчырае адданне навуцы, а таксама і здольнасць да навукі вывелі .. [Алёнку] і тут на першае месца ў класе. Колас.

6. Просты, даверлівы. [Захар Іванавіч:] — Палікарпаўна — чалавек шчыры: што ёсць, тое і гаворыць. Кулакоўскі.

7. Які складаецца з аднолькавых народ дрэў (пра лес, бор і пад.). — Расстаюся я з табой, шчыры бор. Багдановіч. // Чысты, без дамешкаў, прымесей. Шчырае золата.

•••

Ад шчырага сэрца гл. сэрца.

Шчырая праўда — сама праўда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРЫБЫ́

(Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.В.Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам І Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл І уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамісапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла І, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.І.Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)