МЕКО́НГ,

рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс. км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс. км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс. м³/сразводдзе да 30 тыс. м³/с, у межань да 1,5 тыс. м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).

Л.​В.​Лоўчая.

Рака Меконг на мяжы Тайланда з Лаосам.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙМА, поплаў,

частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.

У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыянайб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.

На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУР (Ruhr),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 235 км, пл. басейна 4,5 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Заўэрланд, у нізоўях цячэ па паўд. ускраіне Паўн.-Герм. нізіны. Зімовае разводдзе, летняя межань, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля вусця 70 м³/с. На Р. вадасховішча, ГЭС. Суднаходны ад г. Вітэн, злучаны каналам з р. Эмс. Уздоўж Р. — Рурскі вугальны басейн. На Р. — гарады Эсэн, Мюльгайм, у вусці порт Дуйсбург-Рурарт.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ВА (Drava, ням. Drau),

рака ў Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, часткова з’яўляецца мяжой паміж Харватыяй і Венгрыяй; правы прыток р. Дунай. Даўж. 749 км, пл. бас. 40,4 тыс. км². Пачынаецца ў Карнійскіх Альпах, перасякае Клагенфурцкую катлавіну, прарываецца праз паўд. адгор’і Усх. Альпаў і цячэ па Сярэднедунайскай раўніне. Гал. прытокі — Гурк, Мура (злева), Гайль, Карашыца (справа). Сярэдні расход вады 610 м³/с. Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі. Каскад ГЭС. Суднаходная. На Д. — гарады Філах (Аўстрыя), Марыбар (Славенія), Враждзін, Осіек (Харватыя).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМГА́,

рака ва Усх. Сібіры, левы прыток Алдана, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 1462 км, пл. бас. 69,3 тыс. км². Пачынаецца на Алданскім нагор’і, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне з камяністым рэчышчам, у нізоўях — на Цэнтральнаякуцкай нізіне, даліна шырокая, рэчышча звілістае. Жыўленне снегавое і дажджавое. Высокае веснавое разводдзе і частыя летнія паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Зімой наледзі. Сярэднегадавы расход вады каля 190 м³/с. У бас. Амгі больш за 5,5 тыс. азёраў. Суднаходная на 472 км ад вусця.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,

рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс. км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).

Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.

Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.

Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.

Рака Бярэзіна ў сярэднім цячэнні.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м​3/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. На М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРХА́,

рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)