аўтаматыза́цыя

(ад гр. automatos = самарухомы)

прымяненне тэхнічных сродкаў, эканамічна-матэматычных метадаў і сістэм кіравання для замены чалавека ў працэсе вытворчасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, І.​Ньютан, Дж.​С.​Міль, Дж.​Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл. Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл. Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

утыліта́рны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на імкненні да практычнага выкарыстання, прымянення чаго‑н.; практычны. Максім Багдановіч ставіць і вырашае праблему ідэйна-мастацкай вартасці паэтычных твораў і іх утылітарнай ролі для грамадства. Майхровіч. Замак меў чыста утылітарнае прызначэнне і быў месцам, дзе насельніцтва хавалася на перыяд ваеннай небяспекі. «Помнікі». // Які мае практычнае прымяненне; прыкладны. Утылітарныя веды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амплуа́

(фр. emploi = прымяненне)

1) блізкае па характару кола роляў, якія адпавядаюць сцэнічным здольнасцям артыста;

2) перан. кола заняткаў каго-н.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

насі́лле, ‑я, н.

1. Прымяненне фізічнай сілы. Пратэст супраць грубага насілля. Сляды насілля на целе.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н. для дасягнення сваёй мэты. Дыктатура ёсць панаванне часткі грамадства над усім грамадствам і прытым панаванне, якое апіраецца непасрэдна на насілле. Ленін. // Злоўжыванне сваёй уладай; прыцясненне. Разбурыць лад насілля і зла.

•••

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармацы́я

(п.-лац. pharmacia, ад гр. pharmakeia = прымяненне лякарства)

раздзел медыцыны, які вывучае пытанні здабывання, апрацоўкі, вырабу, захавання і выдачы лекавых сродкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электрыфіка́цыя

[ад электры(чнасць) + -фікацыя]

1) шырокае прымяненне электрычнай энергіі ў вытворчасці і ў побыце;

2) перавод чаго-н. на электрычную энергію (напр. э. чыгуначных ліній).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вы́карыстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Скарыстаць што‑н., ужыць у сваіх мэтах. Выкарыстаць адпачынак. Выкарыстаць зручны момант. □ Якаў радаваўся свайму вольнаму вечару, было жаданне як мага лепш выкарыстаць яго. Кулакоўскі. Свет для моладзі цяпер адкрыты, шырокі — чаму ж не выкарыстаць гэтую магчымасць?.. Хадкевіч. // Знайсці прымяненне. Пакуль на поле не выехалі, прараб стараўся выкарыстаць кожнага цалінніка на будоўлі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыксатрапі́я

(ад гр. thiksis = дотык + -трапія)

здольнасць дысперсных сістэм вяртаць зыходную структуру, разбураную механічным уздзеяннем; мае практычнае прымяненне ў тэхналогіі лакафарбавых матэрыялаў, кляёў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.​Бел, З.​Бжазінскі, А.​Тофлер, А.​Кінг, Дж.​Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)