ЛЕСАТУ́НДРА,

занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах тундры і лесу. Пашырана ў субарктычным поясе Паўн. паўшар’я. Лясныя ўчасткі прадстаўлены пераважна рэдкалессямі з дрэвамі выш. 2—8 м, якія ўтвораны найчасцей лістоўніцамі, елкамі і некат. відамі бярозы, з карлікавай бярозкай і часам ядлоўцам у падлеску, з зялёнымі імхамі і ягелямі ў наглебавым покрыве. Рэдкалессі чаргуюцца з бязлеснымі ўчасткамі: на павышэннях рэльефу — хмызняковымі, плямістымі, мохава-лішайнікавымі тундрамі, у паніжэннях — узгорыстымі, гіпнавымі і інш. балотамі. Гл. таксама Лесатундравая зона.

Лесатундра.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ.

У Крычаўскім і Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл., за 15 км на Пн ад г. Крычаў, на З ад в. Лабковічы. Пластавы паклад звязаны з кварцава-глаўканітавымі пяскамі сенаманскага яруса (верхні мел). Фасфарыты прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі пластамі і суцэльнай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 18,6 млн. т, перспектыўныя — 227 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы да 3 м, ускрышы (пяскі, супескі, мергель, мел) 20—79 м. Фасфарыты прыдатныя на вытв-сць мінер. угнаенняў.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,

пародаўтваральныя мінералы са шчыльн. менш за 2,75—2,89 кг/м³. Прадстаўлены пераважна сілікатамі і аксідамі, часта светлага колеру. Найб. пашыраны палявыя шпаты (складаюць 50% аб’ёму літасферы) і кварц (да 12% аб’ёму літасферы); менш пашыраны кальцыт, слюды, хларыты, глаўканіты; рэдка трапляюцца вівіяніт, вулканічнае шкло, цэаліты і інш. Падзяляюцца на алатыгенныя (прынесеныя з інш. месцаў) і аўтыгенныя мінералы. Глаўканіт, біятыт, хларыт (шчыльн. 2,2—3,3 кг/м³) — прамежкавыя мінералы (належаць і да лёгкіх, і да цяжкіх мінералаў). Гл. таксама Мінералы.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ Каля паўд.-ўсх. ускраіны г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пластавы паклад звязаны з сенаманскімі адкладамі верхняга мелу. Фасфарыты прымеркаваны да тоўшчы глаўканітава-кварцавых пяскоў і прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі слаямі і фасфарытавай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 175 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 0,12—14,1 м, фасфарытавай пліты 0,05—0,3 м, ускрышы (пяскі, гліны, супескі, мергель, мел) 5,3—46,3 м. Колькасць пяцівокісу фосфару ў зыходнай рудзе 3,14—18,4%. Фасфарыты прыдатныя для вытв-сці мінер. угнаенняў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

represent [ˌreprɪˈzent] v.

1. рэпрэзентава́ць, прадстаўля́ць;

represent the interests прадстаўля́ць інтарэ́сы;

Many countries were represented by their ambassadors. Многія краіны былі прадстаўлены сваімі пасламі.

2. абазнача́ць, увасабля́ць, сімвалізава́ць;

Phonetic signs represent sounds. Фанетычныя значкі абазначаюць гукі.

3. адлюстро́ўваць;

What does this picture represent? Што намалявана на гэтай карціне?

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Напру́д ’насілу’ (Сержп., Отч.), сюды ж напру́дзіцца ’напружыцца’ (Пал.), ’напрэгчы ўсе сілы’ (Растарг.). Да *pręd ’цячэнне’, што звязана чаргаваннем з *pręd‑, гл. прадиць, прачуць; іншыя значэнні прадстаўлены ў пруд ’запруда’, прудкі ’хуткі’ і пад. Цікавы архаізм, у якім захавалася першасная семантыка славянскага слова ’сіла, напружанне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́РХНЯГА ВО́ЗЕРА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,

каля зах. краю Верхняга воз., пераважна ў ЗША (штат Мічыган, Вісконсін і Мінесота) і Канадзе (прав. Антарыо); адзін з буйнейшых жалезарудных басейнаў свету. Працягласць басейна з З на У каля 600 км, з Пн на Пд каля 300 км. Жал. руды прымеркаваны да пратэразойскай жалезаруднай фармацыі, магутнасць яе 15—300 м, прадстаўлены таканітамі і звязанымі з імі багатымі гематытавымі рудамі (колькасць Fe 51—57%) і беднымі рудамі — магнетытавымі кварцытамі (Fe каля 27%). Здабыча з 1854. Руда абагачаецца. Асн. спажыўцы — металургічныя з-ды ЗША.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУД у лясной тыпалогіі,

характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)