Сядро́ 1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро 3).

Сядро́ 2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́ 3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАЛЬДЫ́ВЫ (Дывехі Раджы),

Мальдыўская Рэспубліка (Дывехі Раджэйгі Джумхурыя), дзяржава ў Паўд. Азіі, на Мальдыўскіх а-вах у паўн.-зах. ч. Індыйскага ак. Пл. 298 км². Нас. 290,2 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — мальдыўская (дывехі). Сталіца — г. Мале.

Падзяляецца на 20 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца прэзідэнтам з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу. На чале 20 адм. акруг стаяць кіраўнікі, прызначаныя прэзідэнтам. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе мін-ва па справах атолаў.

Прырода. Астравы нізінныя, каралавага паходжання, утвараюць 2 паралельныя ланцугі. Складаюцца з 26 атолаў, уключаюць каля 2 тыс. дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі. Найб. выш. 24 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра ўвесь год 24—28 °C. Ападкаў каля 2500 мм за год. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва складаюць мальдыўцы (саманазва дывехі), гавораць на мове, якая адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і. Жывуць невял. групы сінгалаў, дравідаў, арабаў, афрыканцаў. Вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост 3,47% (1977). Сярэдняя шчыльн. 974 чал. на 1 км². Заселены толькі 202 буйнейшыя астравы. Каля 30% насельніцтва жыве ў адзіным горадзе М. — Мале (63 тыс. ж., 1995), 54% працаздольнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, 25% — у рыбалоўстве і сельскай гаспадарцы, 21% — у прам-сці.

Гісторыя. У 3—1 ст. да н.э. М. засялілі выхадцы з Шры-Ланкі і Індыі. Да сярэдзіны 12 ст. пануючай рэлігіяй быў будызм. У 1153 прапаведнік Мухамад ул-Абдала схіліў насельніцтва М. да ісламу, заснаваў на М. султанат і абвясціў сябе султанам. У 1558 партугальцы захапілі в-аў Мале, але ў 1573 выгнаны. У 16—17 ст. султанат знаходзіўся ў залежнасці ад галандскіх, а з пач. 19 ст. — англ. улад Цэйлона (цяпер — Шры-Ланка); з 1887 — брыт. пратэктарат. У 1953—54 М. — рэспубліка, потым манархія. З 1956 на М. існавала буйная база брыт. ВПС. 27.7.1965 абвешчана незалежнасць М. З 11.11.1968 — рэспубліка на чале з прэзідэнтам І.​Насірам. У 1976 выведзены ўсе брыт. войскі. У 1978 рэферэндум ухваліў назначэнне прэзідэнтам М.​А.​Гаюма, які ліквідаваў спробы дзярж. пераваротаў у 1980, 1981 і 1988. У лют. 1990 абвешчана праграма шырокай дэмакратызацыі паліт. жыцця ў краіне. Пачалося стварэнне апазіцыйных партый. З 1.1.1998 увайшла ў сілу новая канстытуцыя М., якая прадугледжвае шырокае кола дэмакр. праў і свабод грамадзян. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1993.

М. — чл. ААН (з 1965), Садружнасці (з 1985), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі (з 1985).

Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чалавека складае каля 900 дол. ЗША. Аснова эканомікі — замежны турызм, рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. На М. створаны 2 турыстычныя цэнтры на а-вах Курумба і Бандас. У краіне штогод бывае каля 325 тыс. турыстаў пераважна з Зах. Еўропы, Японіі, Індыі. У 1998 прыбытак ад гэтай галіны склаў 287 млн. дол. Турыстаў прывабліваюць маляўнічыя ўзбярэжжы атолаў, купанні ў цёплым моры, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1996 вылаўлена 105,6 тыс. т рыбы (пераважна тунец). Рыбалоўны флот налічвае каля 5 тыс. невял. ветразевых і маторных суднаў і лодак. З галін прам-сці найб. развіты суднабудаванне (буд-ва невял. суднаў), харч. (мукамольная, рыбакансервавая), тэкст., швейная. Здабыча пяску і каралаў. Новая галіна — зборка электронных кампанентаў. Шырока развіты разнастайныя рамёствы: кавальскае, выраб прадметаў хатняга ўжытку, драўляных лодак, цыновак, кошыкаў, рыбалоўных сетак з валакна какосавых арэхаў, разьбярства па дрэве, выраб упрыгожанняў і сувеніраў з каралаў і ракавін. Ёсць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на імпартаваным паліве і выпрацоўваюць штогод каля 60 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. Важная крыніца даходу — выпуск паштовых марак. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 тыс. га. Вырошчваюць какосавую пальму (збор штогод каля 10 млн. шт. арэхаў), хлебнае дрэва, цытрусавыя, манга, бананы, агародніну (перац, цыбуля, памідоры), караняплоды (ямс, батат), збожжавыя (проса). Жывёлагадоўля не развіта з-за адсутнасці кармавых угоддзяў. Птушкагадоўля. Транспарт пераважна марскі. Гандл. флот М. налічвае 19 суднаў. 2 міжнар. аэрапорты (каля г. Мале і на в-ве Ган). На астравах 10 км аўтадарог. У 1995 экспарт склаў 50 млн. дол., імпарт 268 млн. долараў. М. экспартуе пераважна рыбу і морапрадукты (50 % па кошце), копру, тэкст. і электронныя вырабы. У імпарце пераважаюць прамысл. і харч. тавары, паліва. Асн. знешнегандл. партнёры: Сінгапур, Індыя, Шры-Ланка, Японія. Краіна атрымлівае дапамогу ад асобных дзяржаў і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — мальдыўская руфія.

А.​А.​Дабрыцкая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мальдываў.

т. 10, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)