Ро́йба, ст.-бел. ройба: ручъниковъ осмъсотъ жомойтъскихъ ройбъ чотырыста (Булыка, Запаз., 286). Гутшміт (ZfSl, 23, 675) прывязвае гэтае слова да літ. ráibas ’каляровы, плямісты, з рабаціннем’. Руце–Дравіня (ZfSl, 26, 555–557) мяркуе, аднак, што слова ўзыходзіць да лат. raîba або raibe ’каляровая накідка, каляровая хустка’, якое было пашырана па ўсёй Латвіі і пазней распаўсюдзілася ў Летуве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАНДЭ́КТЫ (лац. pandectae ад грэч. pandektēs усёабдымны),

у Стараж. Рыме творы вядомых юрыстаў, пабудаваныя ў выглядзе кароткіх вытрымак з законаў і прац папярэдніх аўтараў. Шырокую вядомасць атрымалі П., якія склалі 2-ю частку Кадыфікацыі Юстыніяна (найб. пашырана назва Дыгесты). П. разглядаліся як зб-кі дзеючага права і падручнікі.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,

верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн. км², у т. л. 11 млн. км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.

А.​Ф.​Санько.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПУШКІ,

рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас. Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз. рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас. Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л. воз. Дрывяты, Нарач і інш.

Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапушкі: 1 — сібірская; 2 — еўрапейская.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ТКА,

традыцыйная бел. страва з бульбы. Таркаваную бульбу перамешваюць з бульбяною кашаю, дадаюць мукі, солі, соды, раскочваюць на тонкі блін, рэжуць на невял. кавалкі і пякуць на змазанай тлушчам патэльні. Спечаную К. кладуць на 5—10 хвілін у падсолены кіпень або булён. Ядуць з малаком, маслам. Страва пашырана на З Беларусі.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́Я, Ахея (грэч. Achaia),

вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз. рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНАЯ РУДА́,

руда, якая ўтварылася ў выніку адкладання на дне балотаў вокіслаў і гідравокіслаў жалеза ў выглядзе канкрэцый, цвёрдых скарынак і слаёў. Пашырана пераважна ў зоне ўмеранага клімату. У Беларусі найб. на Бел. Палессі, мае ў сабе 30—40% жалеза. Пачынаючы з жал. веку і да сярэдзіны 19 ст. з яе здабывалі жалеза.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)