ІХТЫЯЗА́ЎРЫ (Ichthyosauria),

падклас вымерлых марскіх паўзуноў. 6 сям., 28 родаў, каля 80 відаў. Вядомы з адкладаў сярэдняга трыясу да мелавога перыяду мезазойскай эры, росквіту дасягнулі ў юры. Рэшткі знойдзены ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. Жылі ў морах.

Даўж. 1—15 м. Вонкава нагадвалі сучасных дэльфінаў і акул. Мяркуюць, што І. паходзілі ад катылазаўраў. З паўзуноў найб. прыстасаваныя да жыцця ў вадзе. Цела верацёнападобнае, сплюшчанае з бакоў, мяккі спінны і цвёрды двухлопасцевы верт. хваставы плаўнікі Парныя канечнасці ператвораны ў ласты (заднія значна карацейшыя за пярэднія). Чэрап з доўгім рылам, вял. круглымі ці авальнымі вачніцамі. Зубы шматлікія (да 200), вострыя, аднарадныя. Скура без лускі. Жывародныя. Карміліся рыбай і галаваногімі малюскамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост марскіх адкладаў мезазою.

Л.​Ф.​Каліноўскі.

Іхтыязаўр.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),

падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.

У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.

Да арт. Лёгачныя малюскі: 1 — жывародка рачная; 2 — смоўж палявы; 3 — катушка рагавая; 4 — янтарка крохкая.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гастэрастама́ты

(н.-лац. gasterostomata)

падклас трэматодаў, паразітуюць у стрававальным тракце рыб і земнаводных; брухаротыя смактуны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэфалакары́ды

(н.-лац. cephalocarida)

падклас ракападобных; жывуць на пясчаным дне ў Атлантычным і Ціхім акіянах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),

падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.

Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лепідаза́ўры

(н.-лац. lepidosauria)

падклас паўзуноў (дыапсідаў), які ўключае атрады эазухій (выкапнёвыя формы), дзюбагаловых і лускаватых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

андрэі́ды

(н.-лац. andreaeidae)

падклас лістасцябловых імхоў; пашыраны па ўсім зямным шары, прадстаўлены адзіным родам андрэя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

архаза́ўры

(ад гр. archaios = старажытны + -заўр)

падклас вымерлых (тэкадонты, дыназаўры, птэразаўры) і сучасных (кракадзіл) паўзуноў (дыапсідаў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паўрапо́ды

(н.-лац. pauropoda)

падклас мнаганожак, пашыраны амаль ва ўсіх геаграфічных зонах, акрамя пустынь і тундры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пірасо́мы

(ад піра- + сома)

падклас марскіх хордавых жывёл падтыпу тунікатаў, здольныя ярка свяціцца дзякуючы сімбіятычным бактэрыям.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)