МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,

частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЛО́ДАЧНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

род марской авіяцыі (у некат. краінах род ВПС), прызначаны для пошуку і знішчэння з паветра падводных лодак праціўніка. Дзейнічае самастойна або ва ўзаемадзеянні з процілодачнымі караблямі. Падзяляецца на авіяцыю берагавога базіравання і карабельную (палубную). Уключае процілодачныя самалёты, у т. л. гідрасамалёты, і верталёты. Узнікла ў 1-ю сусв. вайну, найб. развіццё атрымала ў 2-ю сусв. вайну. Аснашчана радыёлакацыйнымі станцыямі, газасігналізатарамі, магнітометрамі, гідралакатарамі, саманаводнымі тарпедамі, глыбіннымі бомбамі, кіроўнымі ракетамі і інш.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калеахе́тэ

(н.-лац. coleochaete)

пласціністая або ніткаватая зялёная водарасць сям. калеахетавых, якая пасяляецца на падводных раслінах, ракавінах малюскаў, камянях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перыско́п

(гр. periskopeo = гляджу вакол)

аптычны прыбор для назірання з закрытага месца (з акопаў, бліндажоў, падводных лодак і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ка́тэр, ‑а, м.

1. Невялікае самаходнае судна для транспартных, спартыўных, ваенных і прамысловых мэт. Катэр на падводных крылах. Тарпедны катэр. Дэсантны катэр. □ Прыняўшы на борт пасажыраў, катэр накіраваўся да парахода. «Звязда». Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

2. Тып ваенна-марской парусна-грабной шлюпкі.

3. Старадаўняе паруснае аднамачтавае судна.

[Англ. cutter.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕЛА́НАЎ ПРАЛІ́Ў.

Паміж мацерыком Паўд. Амерыка і архіпелагам Вогненная Зямля. Злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўж. 575 км, найменшая шыр. 2,2 км, глыб. да 1170 м, найменшая глыб. на фарватэры 19,8 м. Паўн.зах. частка вузкая, глыбокая са стромкімі, скалістымі берагамі, з якіх спускаюцца ў ваду ледавікі, паўн.-ўсх. — шырокая, мелкаводная з нізкімі берагамі лагуннага тыпу. Плаванне небяспечнае з-за моцных зах. вятроў, падводных скал і меляў. Гал. порт — Пунта-Арэнас (Чылі). Праліў адкрыты Ф.Магеланам у 1520.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫПЛА́Н (ад грэч. bathys глыбокі + план),

апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.

Батыплан: 1 — рухавік; 2 — тэлевізійныя камеры; 3, 4 — ілюмінатары.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛЬНАЕ СУ́ДНА,

марское судна для пракладкі, падняцця і рамонту падводных (марскіх, акіянскіх) кабеляў сувязі. Мае кабелеўкладачныя машыны з электрапрыводам: кармавую (для апускання кабелю на дно) і 2 насавыя (для падняцця кабелю з дна), апаратуру бесперапыннага кантролю эл. характарыстык кабелю (напр., каэфіцыента перадачы сігналаў), прылады з захопамі для пошуку кабелю і інш. У трумах К.с. ўкладваюць віткамі да некалькіх тысяч кіламетраў падводнага кабелю сувязі. Водазмяшчэнне К.с. 7—20 тыс. т, скорасць пракладкі кабелю на глыбіню да 6 км — 15 км/гадз.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРВЕ́Т (франц. corvette),

1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.

2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.

3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.

Ветразевы карвет.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)