ЕГІ́ПЕТ (араб. Міср),

Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс. км². Нас. 64,8 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.

Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).

Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).

Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае ​2/3 пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс. км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-ра студз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.

Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн. чал.) і краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх. ч.Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.

З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц. фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп. нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп. нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.​Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.​Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш. араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят. арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.​Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш. араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.

Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.

Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн. га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн. т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс. т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс. т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля ​1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн. ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс. т (1993). Вырошчваюць таксама (млн. т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс. т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасці найб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн. т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд. м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн. т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш. Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд. кВтгадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш. вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн. т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн. т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сць нац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сць мінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш. хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сць чыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн. т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс. км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс. км, з іх 15 тыс. км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс. км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн. т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн. т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд. дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд. дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд. дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн. гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс. чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс. чал.), ВПС (110 тыс. чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс. чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс. чал.), нац. гвардыі (60 тыс. чал.), пагран. корпуса (12 тыс. чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс. чал.), берагавой гвардыі (7 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс. чал. (канец 1994).

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец. ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш. Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп. нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.

Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.

Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл. Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.​Мубарака, А.​Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.​С.​Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.​Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.​Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.​Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.​Сану, Ісхака Адзіба, В.​Йекуна, А.​Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Мальера, В.​Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.​Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.​Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.​Х.​Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.​Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.​Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.​Нагі, А.​М.​Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.​Х.​Саіда, М.​Т.​Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.​Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.​Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.​Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.​Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.​Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.​Х.​Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).

Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп. нац. музея ў Каіры (1902, франц. арх. М.​Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер. арх. Дж.​Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.​Карым, А.​Сідкі, Н.​Хебіб, М.​Амар і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап. маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж. нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.​Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.​Сабры, М.​Нагі, М.​Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.​Сіры, С.​Абдэль Расула, Т.​Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.​Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.​Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.

Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт. Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап. муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.​Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.​Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз. т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.​Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г. прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.​Б.​Хайрат, М.​Р.​Гарана, ГА.​Рахім і інш. Нац. муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-т араб. музыкі, Каірскі ін-т муз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.

Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.​Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.​Шэкспіра, П.​Карнеля і інш. Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб. тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж. Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-т т-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш. Найб. вядомыя калектывы; Нац. т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.​Алям, Х.​Рыяд, А.​Фарыс, А.​Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-т тэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.

Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г.муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.​Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.​Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.​Шаукі, Э.​Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.​Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.​Хамама, Магда, С.​Хусні, Н.​Ібрахім, рэжысёраў — С.​Іса, А.​Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».

Літ.:

Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;

Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;

Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;

Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг. М., 1989;

Кошелев В.С. Египет: уроки истории... (1879—1981). Мн., 1984;

Яго ж. Египет от Ораби-паши до Саада Заглула, 1879—1924. М., 1992;

al-Sayyid Marsot A.L. A Short History of Modern Egypt. Cambridge, 1993;

Коцарев Н.К. Писатели Египта, XX в. М., 1975;

Хавас Э.-С. М.А. Современная арабская народная песня: (Пер. с араб.] М., 1970;

Еолян И.Р. Очерки арабской музыки. М., 1977.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя, узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Егіпта.
Да арт. Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.
Да арт. Егіпет. М.​Саід. Горад.
Да арт. Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.
Да арт. Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.
Да арт. Егіпет. Х.​Фаўзі. Праца.
Да арт. Егіпет. Г.​Сіры. Ніл каля вострава Замалек.
Да арт. Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.
Да арт. Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Сялянка са збанам.
Да арт. Егіпет. С.​Рэда. Лялька.
Да арт. Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).

т. 6, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́,

адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз. вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз. рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз. вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл. бас. больш за 50 тыс. км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл. бас. 2—50 тыс. км²) і малая Р. (пл. бас. да 2 тыс. км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.​І.​Львовіча, П.​С.​Кузіна, Б.​Дз.​Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс. км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).

На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс. км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс. км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс. км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл. Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл. Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж.палеапатамалогія.

Літ.:

Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;

Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Назва Даўжыня,
км
Плошча
басейна,
тыс. км
Сярэднегадавы
расход вады,
м/с
Найбольшыя рэкі свету
Ніл (ад вытоку р. Кагера) 6671 2870 2,6 тыс. (каля г. Асуан)
Амазонка (ад вытоку р. Мараньён) 6400 7180 220 тыс.
Місісіпі (ад вытоку р. Місуры) 5970 3230 19 тыс.
Янцзы 5800 1808 34 тыс.
Об (ад вытоку р. Іртыш) 5410 2990 12,7 тыс.
Хуанхэ 4845 771 2 тыс.
Парана (з р. Уругвай) 4380 2663/2970 17,5/23 тыс.
Меконг 4500 810 13,2 тыс. (каля г. Пнампень)
Амур (ад вытоку р. Аргунь) 4440 1855 10,9 тыс.
Лена 4400 2490 16,5 тыс.
Конга (ад вытоку р. Луалаба) 4320 3700 46 тыс.
Макензі (разам з р. Піс ад вытоку р. Фінлі) 4250 1804 11 тыс.
Нігер 4160 2092 9,3 тыс.
Енісей (ад вытоку р. М.​Енісей) 4102 2580 19,8 тыс.
Мурэй (ад вытоку р. Дарлінг) 3750 1057 0,47 тыс.
Волга 3530 1360 7,71 тыс.
Найбольшыя рэкі Беларусі
Дняпро, увесь 2145 504 1670
у межах Беларусі 689 118 583
Нёман, увесь 937 98,2 685
у межах Беларусі 459 35 214
Зах. Дзвіна, уся 1020 87,9 666
у межах Беларусі 328 33,1 441
Прыпяць, уся 761 121 450
у межах Беларусі 500 52,7 383 (каля г. Мазыр)
Сож, увесь 648 42,1 219
у межах Беларусі 485 21,5 219
Бярэзіна 613 24,5 142
Рака Мухавец у г. Брэст.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕТ Старажытны,

старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.

Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.

Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв. номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.

У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.

У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.

Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.

Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх. ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.

Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх. ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.

Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх. ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).

Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э. паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл. Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э. Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.

Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт. Егіпталогія.

Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.

Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб. стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн. буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.

Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.

Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.

Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.

Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл. Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст. н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст. араб. л-ра.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э. Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.

Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.

Літ.:

Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;

Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ. М., 1975;

Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;

Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ. М., 1982;

Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр. М., 1989;

Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр. М., 1992;

Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;

Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;

Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;

Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;

Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ. М., 1958;

Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;

Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;

Пер. с фр. М., 1966;

Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;

Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;

Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;

Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;

Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;

Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;

Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;

Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;

Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;

Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;

Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;

Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;

Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;

Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;

Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;

Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;

История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;

Культура Древнего Египта. М., 1976;

Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;

Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;

Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.

Дз.​І.​Малюгін (гісторыя), Н.​К.​Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).

Да арт. Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.
Да арт. Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.
Да арт. Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.
Да арт. Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.
Да арт. Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.
Да арт. Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.
Да арт. Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.

т. 6, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ А́ФРЫКІ У Афрыцы жыве каля 760 млн. чал. (ацэнка на пач. 1998). У расавых адносінах насельніцтва неаднароднае Прадстаўнікі негроіднай расы (каля 55% усяго нас.) жывуць на Пд ад Сахары. Блізкія да негроідаў маларослыя плямёны трапічных лясоў — пігмеі (каля 400 тыс. чал.). На Пд кантынента ў самастойную расавую групу вылучаюць бушменаў (сан) і гатэнтотаў (кой-каін; разам каля 175 тыс. чал.). Да еўрапеоіднай расы (каля 25% нас. Афрыкі) адносяцца арабскія і берберскія народы на Пн, якія ўваходзяць у паўд. адгалінаванне гэтай расы, і нашчадкі эмігрантаў з Еўропы (найб. у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, ПАР; каля 15% яе нас.). На ПнУ, у зоне кантактаў паміж негроідамі і паўд. еўрапеоідамі, яшчэ ў старажытнасці склаўся эфіопскі расавы тып; мяшаныя формы (т.зв. пераходныя і мяшаныя групы Судана) характэрныя і некаторым інш. народам на паўд. межах Сахары (фульбе, тубу, кануры і інш.). У выніку змяшання ў 17—19 ст. на Пд Афрыкі афрыканераў (бураў) і англічан з карэннымі жыхарамі ўтварыліся т.зв. каляровыя (больш за 3 млн. чал.). Усяго мяшанага еўрапеоідна-негроіднага насельніцтва каля 20%. Мальгашы на в-ве Мадагаскар належаць да паўд. адгалінавання мангалоіднай расы.

Афрыку насяляе больш за 1 тыс. народаў і буйных плямён. У канцы 20 ст. ў многіх раёнах кантынента сфарміраваліся і фарміруюцца новыя народнасці і нацыі з родаплемянных і лакальных этн. груп. 198 народаў налічваюць больш за 500 тыс. чал. кожны, іх агульная колькасць 664,7 млн. чал., або 87,5% усяго насельніцтва Афрыкі. З іх 6 народаў больш за 20 млн. чал. (егіпецкія арабы, або егіпцяне, — 54,2, хаўса — 30,8, іаруба — 26,2, фульбе — 23, ігба — 21,6, алж. арабы, або алжырцы, — 21,2) і 21 народ большы за 5 млн. чал. (мараканскія арабы, або мараканцы, — 19,4, арома, або гала, — 19, суданскія арабы, або суданцы, — 15, малагасійцы — 12,8, берберы Магрыба — 12, самалі — 10,3, малаві — 9,4, конга — 9,2, шона — 8,7, макуа — 8,5, руанда — 8,3, зулу — 8,2, коса — 7,4, луба — 7,2, рундзі — 7,2, ібібіо — 6,8, туніскія арабы, або тунісцы, — 6,3, луа — 6,1, кікую — 6, тыграі — 6, тсонга — 5,3). Найб. разнастайны этн. склад у Судане, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Танзаніі, Кеніі, ПАР, Камеруне, Эфіопіі, Гане і Угандзе. Большая частка насельніцтва Афрыкі (каля 690 млн. чал., або 91%) належыць да дзвюх моўных сем’яў: семіта-хаміцкіх моў (афразійскіх моў) і нігера-кардафанскіх моў (конга-кардафанскіх моў). Народы семіта-хаміцкай моўнай сям’і (уваходзяць семіцкая, кушыцкая, чадская і берберская групы) расселены пераважна на Пн, ПнУ і часткова на З Афрыкі (каля 290 млн. чал., 38% нас. Афрыкі). На арабскай мове (належыць да семіцкіх моў) гавораць егіп., алжырскія, мараканскія, суданскія, туніскія і лівійскія арабы, маўры Зах. Сахары і інш. (усяго каля 137 млн. чал.), на інш. семіцкіх мовах — амхара, тыграі, гураге, тыгрэ (разам 30,8 млн. чал., усе — аснова эфіопскай нацыі, жывуць часткова ў Эрытрэі і Судане). Народы кушыцкай групы (больш за 35 млн. чал.) — арома, самалі, беджа, камбата, афар жывуць пераважна на У Эфіопіі і ў Самалі, асобныя невял. народы — у Судане, Эрытрэі, Кеніі, Танзаніі. Народы чадскай групы, якую раней па найб. народзе называлі групай хаўса (больш за 35 млн. чал. — хаўса, бура, мандара, бадэ і інш.), расселены на Пн Нігерыі, у Нігеры, у раёнах на Пд і У ад воз. Чад. Берберамоўнае насельніцтва (каля 27 млн. чал. — берберы разам з кабіламі, рыфамі, шавія і інш., а таксама туарэгі), якое раней было пашырана ў Паўн. Афрыцы, цяпер жыве ў горных раёнах Марока, Алжыра і Туніса, у асобных раёнах Сахары. Амаль уся трапічная Афрыка на Пд ад Сахары і пояса саваннаў, у т. л. Цэнтр., Усх. і Паўд., заселена народамі нігера-кардафанскай моўнай сям’і (каля 400 млн. чал., 53% насельніцтва кантынента). Падзяляецца на 2 групы: нігер-конга і кардафанскую. У моўную групу нігер-конга ўваходзіць больш за 99% носьбітаў моў гэтай сям’і, яна падзяляецца на 6 падгруп: бенуэ-конга, ква, зах.-атлантычная, гур, мандэ, адамаўа-ўсходняя. Пераважная частка трапічнай і Паўд. Афрыкі населена народамі падгрупы бенуэ-конга. Каля 90% іх колькасці на Пд ад 6° паўн. ш. прыпадае на народы банту (больш за 200 млн. чал.). Найб. народы малаві, конга, шона, макуа, руанда, зулу, коса, рундзі, кікую, тсонга, тсвана, лух’я, монга, ньямвезі, суто, ганда, авімбунду, фанг, камба. На У Афрыкі разам з інш. мовамі банту вельмі пашырана ў якасці мовы міжнац. зносін мова суахілі, якой акрамя народа суахілі (2,4 млн. чал.) карыстаецца каля 60 млн. чал. У прыморскіх раёнах Зах. Афрыкі ад Ліберыі да Нігерыі пашыраны мовы падгрупы ква (больш за 92 млн. чал.), найб. народы — іаруба, ігба, ашанці, біні, эве, фон, бетэ, іджа, фанці, аньі, бауле, нупе і інш. У Зах. Афрыцы на Пн ад народаў падгрупы ква насельніцтва гаворыць пераважна на мовах зах.-атл. падгрупы (каля 36 млн. чал.), падгрупы гур, або вальтыйскай (каля 15 млн. чал.) і падгрупы мандэ (каля 16 млн. чал.). Найб. народы зах.-атл. падгрупы — фульбе і валоф, падгрупы гур — мосі, сенуфа, гурма; падгрупы мандэ — малінке, бамбара, мендэ, санінке, сусу. Пераважна ў Цэнтральнаафр. Рэспубліцы і на Пн Дэмакр. Рэспублікі Конга жывуць народы адамаўа-ўсходняй падгрупы (каля 8,5 млн. чал.) — зандэ, банда, гбайя і інш. На Пд Сахары, ва Усх. Судане, у басейне верхняга цячэння р. Ніл, часткова ў Кеніі, Танзаніі і Угандзе жывуць народы ніла-сахарскай сям’і (каля 38,5 млн. чал., 5% нас. Афрыкі). Вылучаюць 6 моўных груп, найб. колькасць мае шары-нільская група (больш за 28 млн. чал.); найб. народы — луа, дзінка, календжын, нубійцы, тэса, нуэр, ланга, мору-мангбету, сара. З інш. груп гэтай моўнай сям’і вылучаюцца народы кануры і сангай. Востраў Мадагаскар і суседнія астравы насяляюць мальгашы — прадстаўнікі зах.-аўстранезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў. Пустыню Калахары і суседнія раёны насяляюць гатэнтоты (кой-каін) і бушмены (сан), іх мовы складаюць кайсанскую сям’ю моў. Насельніцтва еўрап. паходжання — афрыканераў (бураў), англаафрыканцаў, англічан, іспанцаў, партугальцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў і інш. каля 12 млн. чал. (1,6% нас. кантынента). Найбольш іх у ПАР. Там жывуць і групы еўрап.-афр. метысаў (т.зв. каляровыя), якія гавораць на афрыканерскай і англ. мовах. Іх крыху больш за 3 млн. чал. На Канарскіх а-вах жывуць іспанцы (каля 1,5 млн. чал.), на в-ве Мадэйра — партугальцы (каля 0,3 млн. чал.). На Пд і У Афрыкі жывуць групы выхадцаў з Індыі і Пакістана. Ураджэнцы Еўропы і п-ва Індастан складаюць большасць насельніцтва Маскарэнскіх і некаторых інш. дробных астравоў. У Афрыцы ёсць невял. групы выхадцаў з Кітая, Інданезіі, араб. краін Азіі.

Больш за 41% вернікаў у Афрыцы вызнаюць іслам, 48% — хрысціянства, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Мусульмане-суніты складаюць абсалютную большасць насельніцтва (больш за 85%) у 12 краінах пераважна на Пн Афрыкі: у араб. краінах, Маўрытаніі, Малі, Нігеры, Самалі, Гамбіі, Джыбуці. Каля 30—50% насельніцтва — мусульмане, жывуць у Нігерыі, Эфіопіі, Танзаніі, Кот-д’Івуары, Буркіна-Фасо, Чадзе, Сьера-Леоне. У 26 краінах Зах., Цэнтр., Усх. і Паўд. Афрыкі большасць вернікаў — хрысціяне. Яшчэ ў 11 краінах іх ад 20 да 50%. Больш за 85% насельніцтва хрысціян у Рэспубліцы Каба-Вердэ, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Лесота, Экватарыяльнай Гвінеі, Бурундзі, Намібіі, Габоне, Рэспубліцы Конга, Анголе. У Нігерыі 50% насельніцтва — хрысціяне, пераважаюць на Пд, у Эфіопіі — 58%, пераважна монафісіты, жывуць на З і Пн, у ПАР 73%. Сярод хрысціян прыкладна па 40% католікаў і пратэстантаў, астатнія монафісіты і праваслаўныя, а таксама прыхільнікі незалежных хрысц. афр. цэркваў і сектаў. Традыц. вераванні пашыраны сярод значнай часткі карэннага насельніцтва на Пд ад Сахары, асабліва ў Ліберыі, Буркіна-Фасо, Цэнтр.-Афр. Рэспубліцы, Конга, Зімбабве, Замбіі. У Афрыцы жыве каля 1,5 млн. індуістаў, ёсць групы будыстаў, канфуцыянцаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),

Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 7229,1 тыс. чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г. Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз. Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч. тэр. ў бас. р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц. традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс. ж. (1993), па 20—40 тыс. ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн. чал. загінулі, каля 2 млн. чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс. н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм. Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.​Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.

1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.​Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн. чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.​Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.​Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.

Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп. дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл. ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс. га пад ворывам, каля 250 тыс. га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс. га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс. га.

Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс. т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс. т збожжа, 3 тыс. т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс. т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс. т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн. кВтгадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн. дол., імпарт 326 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал. гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн. дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.

Літ.:

Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;

Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Руанды.
Да арт. Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.

т. 13, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак. Пл. 582,6 тыс. км². Нас. 28,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г. Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).

Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс. км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.

Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс. чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц. традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл. Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст. Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб. феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт. Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.

У 1922 створана першая паліт. арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт. арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр. дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв. дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.​Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.​Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл. ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.

Асн. партыі: Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.

Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд. дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс. га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс. га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс. т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс. т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс. т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс. т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд. кВтгадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс. км, у т. л. 8,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс. км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.

Літ.:

Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;

Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;

Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.

В.​А.​Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кеніі.
Да арт. Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.
Да арт. Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ Старажытная,

Элада (грэч. Hellas), цывілізацыя, дзяржаўнасць і культура на тэрыторыі паўд. ч. Балканскага п-ва, астравоў Эгейскага м., зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія і інш. зямель у 2—1-м тыс. да н.э. (ад узнікнення першых грэч. гарадоў-дзяржаў да рым. заваявання ў 2 ст. да н.э.).

Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю Грэцыі на 2 вял. эпохі: мікенскую (крыта-мікенскую) палацавую цывілізацыю і ант. полісную цывілізацыю, а таксама на больш дробныя перыяды. У 1-ю эпоху (30—12 ст. да н.э.), якая прыпадае на бронзавы век, дагрэчаскае насельніцтва (пеласгі) выцеснена ўласна грэчаскім (ахейцы), сфарміраваліся крыта-мікенская культура з цэнтрам у Кносе, раннекласавае грамадства на чале з басілеямі, узніклі мараплаванне і пісьменства (гл. Крыцкае пісьмо). Канцом гэтай эпохі сталі Траянская вайна і перасяленне ў Грэцыю дарыйцаў. У прамежкавыя перыяды — субмікенскі (1125—1025 да н.э.) і гамераўскі (11—9 ст. да н.э., вядомы пераважна паводле эпасу Гамера, наз. таксама «цёмныя вякі») — адбыўся пераход да жал. веку, склаліся патрыярхальнае рабства і раннія полісы як асобая форма земляробскай абшчыны. Эпоха ант. поліснай цывілізацыі пачалася з архаічнага перыяду (8—6 ст. да н.э.), які па часе супаў з шырокай тэр. экспансіяй грэкаў (т.зв. вял. каланізацыя, з сярэдзіны 8 ст. да н.э.). У архаічны перыяд грэч. грамадства развівалася найб. інтэнсіўна. Адбылося станаўленне класічнага рабства і полісаў як гарадоў-дзяржаў, фарміраванне сістэмы грашовага абарачэння і рынку, мелі месца распрацоўка канцэпцый суверэнітэту народа і дэмакр. формы праўлення, гал. этычных нормаў і прынцыпаў маралі, эстэт. ідэалаў, зараджэнне асн. феноменаў ант. культуры — філасофіі і навукі, гал. жанраў л-ры, т-ра, ордэрнай архітэктуры, спорту. Каланізацыю, выкліканую пераважна недахопам с.-г. зямель (з-за гэтага ў полісах нярэдка адбываліся грамадз. войны і гвалтоўны перадзел зямлі) і імкненнем грэкаў устанавіць свой кантроль над гандл. шляхамі, першымі пачалі астраўныя гарады Халкіда і Эрэтрыя, потым Карынф, Мегары, малаазійскія гарады (асабліва Мілет) і інш. Каланізацыя развівалася ў 3 асн. кірунках: зах. (Сіцылія, Паўд. Італія, Паўд. Францыя, усх. ўзбярэжжа Іспаніі), паўн. (фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага м., раён праліваў з Міжземнага ў Чорнае м. і ўзбярэжжа апошняга) і паўд.-ўсх. (узбярэжжа Паўн. Афрыкі і краіны Леванта). У ходзе яе заснаваны ант. калоніі, у т. л. Сіракузы, Тарэнт, Візантый, Гаргіпія, Ольвія, Пантыкапей, Фанагорыя, Херсанес Таўрыйскі, Тыра; актывізаваўся грэч. марскі гандаль; рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі як самаст. галіна вытв-сці. Каланізацыя не поўнасцю спыніла сац. канфлікты, што ў 7—6 ст. да н.э. прывяло да зараджэння ў многіх грэч. гарадах, у т. л. Стараж. Афінах, ранняй формы тыраніі (у ліку першых тыранаў былі Пісістрат і Палікрат). Класічны перыяд (мяжа 6 і 5 ст. — 388 да н.э.) быў часам эканам., паліт. і культ. росквіту Грэцыі. Яго гал. знешнепаліт. падзеі — грэка-персідскія войны, Пелапанеская вайна, Карынфская вайна. Унутрыпаліт. развіццё было звязана з рэформамі Салона і Клісфена ў Афінах, законамі Лікурга ў Спарце і характарызавалася саперніцтвам у полісах дэмакр. і алігархічных (гл. Алігархія) сіл (найб. росквіту дэмакратыя дасягнула ў Афінах пры Перыкле), утварэннем дзяржаў федэратыўнага тыпу (найб. вядомыя Фесалія і Беотыя), паступовым узвышэннем Стараж. Македоніі. На пач. апошняга перыяду элінізму (канец 4 — апошнія дзесяцігоддзі 1 ст. да н.э.) крызіс класічных полісаў стаў прычынай усх. паходу (334—323 да н.э.) Аляксандра Македонскага. У ходзе грэка-македонскіх заваяванняў узнікла вял. імперыя, якая ахапіла Балканскі п-аў, астравы Эгейскага м., М. Азію, Егіпет, усю Пярэднюю Азію, паўд. раёны Сярэдняй Азіі і ч. Цэнтр. Азіі да ніжняга цячэння Інда. Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) створаная ім імперыя ў выніку адсутнасці цесных унутр. сувязей і паўвекавых міжусобіц яго палкаводцаў (дыядохаў) распалася на шэраг эліністычных дзяржаў (Македонія, Грэка-Бактрыйскае царства, манархіі Селеўкідаў, Пталамеяў і інш.). Саперніцтва ўнутры Грэцыі паміж Македоніяй, Ахейскім саюзам і Эталійскім саюзам прывяло да аслаблення магутнасці краіны і ўмяшання ў яе справы Стараж. Рыма (з 197 да н.э.). Пасля роспуску рымлянамі Эталійскага (148 да н.э.) і Ахейскага (146 да н.э.) саюзаў Грэцыя фактычна страціла незалежнасць (канчаткова ў 27 да н.э. ў сувязі з ператварэннем Грэцыі ў рым. правінцыю Ахая).

Выхаванне і адукацыя. У Стараж. Грэцыі выхаванне разумелася як непарыўнае адзінства «гімнастычнага» і «мусічнага» (ад слова муза), як развіццё фіз. і разумовае адначасова. Сінтэзам гэтых элементаў павінна была стаць класічная раўнавага цела і духу, ідэал калакагатыі — гармоніі ў чалавеку прыгажосці і дабра. Пачатае з канкрэтнага ўяўлення аб прыгожым трэніраваным целе юнака «высакароднага паходжання», з цягам часу паняцце калакагатыі дасягнула вышыні абстракцыі, стала выражэннем грамадз. і этычных каштоўнасцей ант. грамадства, увасобленых у гарманічна развітой асобе.

У Стараж. Грэцыі сфарміраваліся 2 асн. тыпы выхавання: спартанскі і афінскі. У Спарце выхаванне фіз. развівалася за кошт выхавання інтэлектуальнага і эстэтычнага. У 7-гадовым узросце хлопчык пераходзіў пад апеку дзяржавы. Уключаны ў адзін з атрадаў (ілаў), пасля 4-гадовай падрыхтоўкі ён мог прыступіць да больш сур’ёзных заняткаў, якія завяршаў у 20-гадовым узросце ў якасці ірэна — сталага юнака. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі ад 7 да 14 гадоў) і эфебы (юнакі ад 14 да 20 гадоў). Ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў спартанцы праходзілі ваен. службу. Іх інтэлектуальная падрыхтоўка абмяжоўвалася ўменнем чытаць і пісаць, веданнем некалькіх ваен. і рэліг. песень, а таксама асобнымі звесткамі аб традыцыях, гісторыі, рэлігіі і абрадах Спарты. Загартоўка была суровая: развіццё ўпартасці і вынослівасці, здольнасці пераносіць нястачу, голад, холад, боль, выхаванне гатоўнасці да паходаў, валодання зброяй. Выхаванне дзяўчынак мала адрознівалася ад выхавання хлопчыкаў. На першым месцы былі фіз. сіла і вынослівасць дзяўчынак, будучых маці грамадзян-воінаў. Яны займаліся нароўні з хлопчыкамі гімнастыкай, бегам, кідалі дыск, дужаліся, а таксама вучыліся спевам і танцам. Гал. мэтай такой сістэмы было выхаванне людзей развітых фізічна, храбрых і дысцыплінаваных. Арганізацыя выхавання ў Спарце прыпісваецца Лікургу і апісана Плутархам у «Жыцці Лікурга».

У Афінах ідэалам выхавання было фарміраванне чалавека ўсебакова адукаванага. Ідэя калакагатыі рэалізоўвалася праз фіз. і мусічнае, або інтэлектуальнае, маральнае і эстэт. выхаванне. Мусічным выхаваннем хлопчыкаў ва ўзросце 7—14 гадоў займаліся прыватныя настаўнікі — граматысты і кіфарысты. Граматыст вучыў дзяцей чытанню і пісьму, даваў ім асн. паняцці пра лічэнне. Потым яны пераходзілі да вывучэння стараж. пісьменнікаў (Гамер, Эзоп), чыталі паэмы Гесіёда, вершы заканадаўца Салона, творы Феакрыта, развучвалі гімны ў гонар багоў. Кіфарыст даваў хлопчыкам навыкі ігры на ліры ці кіфары. Пад кіраўніцтвам педатрыба ў палестрах 15—16-гадовыя хлопчыкі спаборнічалі ў бегу, скачках, кіданнях кап’я і дыска. Выхаванне інтэлектуальнае і фіз. працягвалася ў гімнасіях, якія ў эліністычную эпоху былі асн. тыпам публічнай сярэдняй школы. Заканчэннем выхаваўчага цыкла была 2-гадовая ваен. і грамадз. падрыхтоўка ў дзярж. эфебіях, створаных пасля 338 да н.э. Дзяўчынкі з усіх сац. слаёў атрымлівалі хатняе выхаванне. Тып афінскага выхавання перамог у эліністычным свеце і пазней адыграў значную ролю ў развіцці еўрап. педагогікі. У Афінах сфарміраваўся таксама тып вышэйшай школы, пачатак якой далі філас. школы і ў першую чаргу Акадэмія платонаўская.

Міфалогія і рэлігія. Стараж.-грэч. міфалогія прайшла ў сваім развіцці доўгі шлях, успрыняўшы некат. паданні народаў Стараж. Усходу (пераважна хетаў і фінікійцаў). З Усходу ў стараж.-грэч. пантэон трапілі асобныя божаствы і героі. Першапачаткова (перыяд матрыярхату) яна характарызавалася стыхійнымі, пачварнымі формамі, мела рысы хтанізму (ад грэч. chthōn зямля, якая, паводле міфалагічных уяўленняў, нараджала ўсе гэтыя пачвары). У першабытную эпоху ў міфалагічных рэліг. уяўленнях стараж. грэкаў вял. значэнне мелі татэмістычныя, фетышысцкія і анімістычныя ўяўленні аб неаддзельнасці духоўнай сутнасці ад іх саміх (бог Зеўс уяўляўся арлом, лебедзем, маланкай, Афіна — савой ці змяёй). У перыяд матрыярхату яшчэ не існавала вызначанай іерархіі багоў: мноства мясц. багоў шанавалася ў асобных абшчынах і не мела ўсеагульнага значэння. Паступовае афармленне алімпійскай міфалогіі адбывалася ў перыяд патрыярхату. У 2-м тыс. да н.э. стараж.-грэч. міфалогія дасягнула свайго росквіту, канчаткова склаўся алімпійскі пантэон багоў, якія жылі на гары Алімп і падпарадкоўваліся ўладзе аднаго бога — Зеўса. Для алімпійскай міфалогіі характэрны яскрава выяўлены антрапамарфізм (багоў уяўлялі ў чалавечым абліччы, ад простых людзей яны адрозніваліся бяссмерцем і магутнасцю, але былі падобныя да іх сваімі паводзінамі, думкамі і пачуццямі). Замест б. паданняў аб пачварах з’явіліся міфы пра герояў (Геракл, Тэсей), якія змагаюцца з гэтымі пачварамі і перамагаюць іх. З разлажэннем абшчынна-радавых адносін, зараджэннем навук. ведаў наіўны міфалагічны антрапамарфізм знікае. У стараж.-грэч. паэтаў Гесіёда і Піндара Зеўс ператвараецца ў вобраз, які ўвасабляе прынцып сусв. справядлівасці; у Эсхіла Зеўс паказаны ў выглядзе сусв. дэспата, чалавеканенавісніка, прадстаўніка сляпых і неразумных сіл. У межах рабаўладальніцкай фармацыі міфалогія прайшла перыяд класікі, калі яна была носьбітам і выразнікам поліснай ідэалогіі, і эліністычна-рым. перыяд, калі яна ператварылася ў літ. і маст. прыём, у алегорыю або метафару. Побач з міфалогіяй развівалася і фарміравалася стараж.-грэч. рэлігія — вера ў звышнатуральную сілу багоў, замацаваная сістэмай культаў і абрадаў. Разам з афіц. дзярж. рэлігіяй у Стараж. Грэцыі былі пашыраны богаслужэнні, адкрытыя толькі для пасвячоных — містэрыі (у гонар Дэметры, Дыяніса і інш.).

Філасофія. Стараж.-грэч. філас. думка, якая дала пачатак еўрап. філасофіі, узнікла ў Іаніі — цэнтры грэч. культуры 7—6 ст. да н.э. У адным з найб. развітых яе полісаў — Мілеце, сфарміравалася натурфіласофія. Заснавальнік мілецкай школы (6 ст. да н.э.) Фалес, які лічыцца бацькам еўрап. філас. думкі, першы спрабаваў адказаць на пытанне, што з’яўляецца нязменнай першаасновай усяго існага, з якой усё ўзнікае і ў якую ўсё зноў вяртаецца. На яго думку, такой прасубстанцыяй з’яўляецца вада. Фалес не пакінуў пасля сябе ніводнага пісьмовага твора, а яго погляды (як і іншых дасакратыкаў) пераказаў Арыстоцель. Вучань Фалеса Анаксімандр упершыню выклаў свае погляды пісьмова ў творы «Аб прыродзе». У невял. урыўку, які захаваўся, ёсць квінтэсенцыя яго поглядаў: праматэрыяй усяго існага з’яўляецца «апейрон» (бясконцае). Анаксімен лічыў, што прасубстанцыяй было паветра, бо яно бязмежнае і ажыўляе свет, як душа (дух) ажыўляе жывыя арганізмы. Геракліт Эфескі сутнасць быцця бачыў у безупынных зменах, што адбываюцца паводле ўсеагульнага закону (логаса), у адзінстве і вечнай барацьбе процілегласцей. Дыяметральна іншых поглядаў прытрымліваўся заснавальнік элейскай школы (6—5 ст. да н.э.) Парменід, які выказаў ідэю адзінага нязменнага, нерухомага і непадзельнага быцця, пазнавальнага толькі шляхам дэдукцыі, незалежна ад вопыту і пачуццяў. Погляды свайго настаўніка абараняў Зянон, які, стоячы на пазіцыях адзінства і нязменнасці быцця, адзначаў супярэчнасці ў паняццях мноства, змянення і руху. Ён удасканаліў мастацтва вядзення спрэчак і лічыцца стваральнікам дыялектыкі, што знайшла шмат паслядоўнікаў сярод сафістаў (Горгій). Спробу прымірыць тэорыю нязменнага і незнішчальнага быцця элейцаў з заснаванай на вопыце карцінай зменлівай рэчаіснасці Геракліта зрабілі Эмпедокл і Анаксагор. Найб. дасканалай сістэмай, якая тлумачыла паходжанне і будову свету, у той час была атамістыка (Леўкіп, Дэмакрыт). Паводле атамістаў, свет складаецца з маленькіх непадзельных часцінак (атамаў), якія адрозніваюцца толькі формай і памерамі. Гэтым і абумоўліваецца розніца з’яў. Піфагарэйскі саюз, заснаваны Піфагорам (6 ст. да н.э.), меў характар рэліг. брацтва, якое імкнулася да ўдасканальвання сваіх членаў. Прадметам іх зацікаўлення былі астраномія, музыка і асабліва матэматыка. Першаасновай усяго існага для піфагарэйцаў быў лік і лікавыя адносіны. З дапамогай матэм. дэдукцыі яны прыйшлі да высновы, што Зямля мае форму шара. Новая карціна свету, пазначаная рысамі матэм. дакладнасці, зрабіла вял. ўплыў на Платона і стала адным з важнейшых элементаў яго філасофіі. Буйнейшымі прадстаўнікамі піфагарэізму на мяжы 5 і 4 ст. да н.э., былі Філалай, Архіт, Эўдокс. У канцы 1 ст. да н.э. піфагарэізм адрадзіўся як рэліг.-містычная сістэма і вядомы пад назвай неапіфагарэізм. У 5 ст. да н.э. ў Грэцыі дзейнічалі прафес. настаўнікі «мудрасці» — сафісты. Яны не стварылі асобнай філас. школы, але, вандруючы па гарадах і папулярызуючы філасофію, рыторыку, граматыку і стылістыку, грамадскія навукі, зрабілі вял. ўплыў на інтэлектуальнае і культ. жыццё Грэцыі. Выдатнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі Пратагор, Горгій, Гіпій, Продзік, Фрасімах.

Новы перыяд стараж.-грэч. філасофіі пачаўся з Сакрата (5 ст. да н.э.), які перанёс свае даследаванні ў сферу маральнасці, імкнучыся знайсці ўсеагульнае і безумоўнае веданне не ў знешнім, а ў самім сабе. Яго паслядоўнікі заснавалі шэраг філас. школ: мегарская школа (Эўклід, Эўбулід, Алексін, Дыядор Крон) і эліда-эрытрэйская (Федон) развілі фармальную дыялектыку Сакрата, школы кінікаў (Антысфен) і кірэнаікаў (Арыстып) займаліся этычнымі праблемамі. Найвыдатнейшым вучнем Сакрата быў Платон, заснавальнік філас. школы, вядомай як Акадэмія платонаўская. Яго вучэнне — сінтэз усіх дасакратаўскіх філас. кірункаў. Арыстоцель, які на працягу 20 гадоў быў вучнем Платона, пасля яго смерці заснаваў уласную школу (Лікей). Гэта быў узорны даследчы інстытут, які сабраў лепшых вучоных ва ўсіх галінах ведаў. Вынікі іх даследаванняў паслужылі Арыстоцелю асновай для пабудовы філас. сістэмы, якая ахоплівала ўсё кола тагачасных ведаў аб прыродзе і грамадстве. У 4—3 ст. да н.э. сярод філас. школ найб. ўплыў мелі стаіцызм (заснавальнік Зянон), школа Эпікура і скептыцызм (заснавальнік Пірон). Вучэнне стоікаў і Эпікура адметнае пераважна ўвагай да праблем этыкі. Скептыцызм выступаў супраць усіх кірункаў, якія абвяшчалі магчымасць поўнага і аб’ектыўнага пазнання, і быў працягам вучэння сафістаў, асабліва Пратагора. Філас. сістэму, якая спрабавала прымірыць рэліг. думку Усходу з грэч. філасофіяй, стварыў Філон Александрыйскі (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Апошняй выдатнай філас. сістэмай старажытнасці быў неаплатанізм (3—6 ст. н.э., Плацін, Парфірый, Ямвліх, Прокл). У ім ідэалізм дасягнуў вышэйшай ступені свайго развіцця. Неаплатанізм значна паўплываў на хрысц. філосафаў (Арыген, Клімент Александрыйскі, Аўгусцін) і ням. ідэалістаў (Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель).

Прыродазнаўчыя навукі. Да канца 4 ст. да н.э. прыродазнаўчыя, паліт. і філас. погляды ў Грэцыі складалі адну непадзельную навуку; амаль усе філосафы былі прыродазнаўцамі. Радзімай першых вучоных Стараж. Грэцыі была Малаазійская Іанія, цесна звязаная з культурай стараж.-ўсх. свету, якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё ўсёй стараж.-грэч. навукі. Першыя геам. ўяўленні, выкарыстанне цыркуля, прадказанне сонечных зацьменняў, рэкамендацыі мараплаўцам арыентавацца па Малой (а не Вялікай) Мядзведзіцы звязаны з Фалесам і яго школай (7—6 ст. да н.э.), назіранні над жывёльным светам — з Анаксімандрам, які склаў і самую стараж. карту айкумены, зрабіў схему нябеснага скляпення для арыентавання па зорках. Думкі пра існаванне, апрача «вогненных» нябесных свяціл, «цёмных цел зямлістай якасці» (планет), належаць Анаксімену. Пачатак развіцця тэорыі лікаў, метадаў дакладнага вызначэння матэм. паняццяў і строгіх лагічных доказаў звязаны з Піфагорам і яго школай (6 ст. да н.э.). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. значнага развіцця дасягнула стэрэаметрыя: Анаксагор і Дэмакрыт заклалі асновы тэорыі перспектывы. Вял. значэнне мела адкрыццё ў гэты перыяд ірацыянальных лікаў, а таксама фармулёўка задач аб квадратуры круга, падваенні куба і трысекцыі вугла. На мяжы 5 і 4 ст. да н.э. Леўкіп і Дэмакрыт сфармулявалі асновы атамістыкі. Адна з самых стараж. мед. школ створана на мяжы 6 і 5 ст. да н.э. Алкмеонам, які першы пачаў праводзіць анатаміраванне жывёл і выявіў, што мозг з’яўляецца цэнтрам нерв. дзейнасці. Гіпакрат абагульніў практычны вопыт лячэння хворых, распрацаваў асновы дыягностыкі, склаў апісанне і метады лячэння многіх хвароб. У 4 ст. да н.э. Арыстоцель пабудаваў сістэму ўсіх вядомых на той час навук і прапанаваў іх класіфікацыю. У перыяд элінізму прыродазнаўчыя навукі паступова аддзяліліся ад філасофіі. Астраномія і звязаныя з ёй матэматыка і механіка далей развіты ў працах Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта, Гіпарха, Пталамея і інш.

Геаграфія. Першымі даследчыкамі Міжземнага м. і навакольных тэр. былі крыцяне (прадстаўнікі мінойскай культуры, 3-е — пач. 2-га тыс, да н.э.) і ахейцы (мікенская культура, 2-е тыс. да н.э.). У працэсе развіцця гандлю і ў час ваен. паходаў яны даследавалі ўзбярэжжа Балканскага п-ва і ўсх. ч. Міжземнага м., многія раёны Зах. Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. Самымі стараж. геагр. творамі былі перыплы (апісанні марскіх плаванняў уздоўж берагоў) і перыэгесы (апісанні плаванняў і сухапутных падарожжаў з пазначэннем адлегласцей паміж прамежкавымі пунктамі) у вершаванай форме для больш лёгкага запамінання. Падобнымі былі і апісанні падарожжаў багоў, герояў і інш. міфічных асоб, пра якіх расказвалася ў міфах і эпічных паэмах. Гамераўскі эпас разам з казачнымі падрабязнасцямі марскіх падарожжаў змяшчае апісанні як рэальных мясцовасцей (напр., в-ва Крыт), так і паўлегендарных і легендарных. Рэальныя межы гамераўскіх геагр. уяўленняў відаць са звестак пра раёны Афрыкі (да паўд. межаў Сахары), зах. ч. сучаснай Індыі, Паўн. Прычарнамор’е. Многія раёны Прычарнамор’я і Зах. Азіі ўпершыню апісаны ў цыкле міфаў пра арганаўтаў. Пазней з рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаў на берагах Эгейскага м. грэкі ў пошуках новых зямель і гандл. партнёраў пачалі т.зв. вялікую каланізацыю. Яны асвоілі ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага м., сабралі дакладныя звесткі пра больш далёкія землі (Пірэнейскі п-аў, Вялікабрытанія, зах. ўзбярэжжа Еўропы, тэр. на Пн ад Чорнага м., унутр. раёны Паўн. Афрыкі і інш.). Вельмі пашырыўся іх кругагляд у выніку паходаў Аляксандра Македонскага.

Паводле меркаванняў грэч. Географаў 7—6 ст. да н.э., Зямля ўяўляла сабой плоскі цыліндр (дыск), які плавае ў Сусветным акіяне. Частка плоскай верхняй паверхні гэтага цыліндра — айкумена з цэнтрам у Грэцыі («пуп» Зямлі» — камень «амфалос» у Дэльфах). Першую карту айкумены стварыў Анаксімандр (канец 7—6 ст. да н.э.). У цэнтры гэтай карты — Міжземнае м., айкумена падзелена на 2 роўныя часткі — Еўропу і Азію. У Гекатэя Мілецкага (6—5 ст. да н.э.) адзначана трэцяя ч. свету — Лівія (Афрыка). Лічылася, што рэкі Істр (Дунай) і Ніл цякуць паралельна ў шыротным напрамку, першая праз Еўропу, другая праз Лівію, абедзве ад берагоў Атлантычнага ак. У 6 ст. да н.э. ў піфагарэйцаў узніклі ўяўленні пра шарападобнасць Зямлі. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) ужо ставіў пытанне пра вымярэнне даўжыні зямнога мерыдыяна. Дыкеарх (на мяжы 4—3 ст. да н.э.) вызначыў даўжыню мерыдыяна ў 300 тыс. стадый, а ў канцы 3 ст. да н.э. Эратасфен у выніку параўнальна дакладных вымярэнняў пакараціў яе да 252 тыс. стадый (39 690 км супраць фактычнай даўж. 40 007 км). Калі ў даўготным напрамку на рубяжы 6—5 ст. да н.э. вядомая айкумена працягвалася ад Гібралтара да Індыі, то ў шыротным яна была вядома яшчэ мала. У 3 ст. да н.э. паўн. краем айкумены лічыўся в-аў Туле, які грэкі размяшчалі на Пн ад Альбіёна (Вялікабрытаніі), каля Палярнага круга. Далей гэтага вострава, па звестках Піфея з Масаліі, які ўпершыню плаваў у морах, што абмываюць Паўн.-Зах. Еўропу (4 ст. да н.э.), пранікнуць было немагчыма. Самым паўд. пунктам айкумены і пры Страбоне (першыя гады н.э.) лічыўся паўд. край Чырвонага м. Піфей вызначаў шырату вывучаных ім пунктаў адноснай працягласцю дня ў перыяд летняга сонцастаяння. Пазней гэты спосаб геагр. арыентацыі дазволіў Эратасфену правесці праз вызначаныя пункты даўготныя і мерыдыянальныя лініі, а Гіпарху (2 ст. да н.э.) падзяліць зямны шар на 360 градусаў, прыняўшы за даўжыню аднаго градуса 700 стадый (110,25 км супраць сапраўднай велічыні 111,1 км) і назваўшы гэтую велічыню «кліматам». Пталамей (2 ст. н.э.) нанёс на градусную сетку ўсе вядомыя геагр. аб’екты. Ваен. экспансія і развіццё гандл. сувязей ранняй Рымскай імперыі садзейнічалі таму, што на карце Пталамея стала магчымым паказаць абрысы а-воў Вялікабрытанія і Ірландыя, раёнаў Афрыкі да шыраты воз. Чад, в-ва Цэйлон у Індыйскім ак., а таксама плямёны сераў і сінаў (стараж. кітайцы) на У. На карце Пталамея, хоць і з недакладнасцямі, упершыню паказана тэр. паміж Чорным і Балтыйскім морамі, у т. л. і тэр. сучаснай Беларусі. Геаграфія Пталамея была вяршыняй і абагульненнем ведаў стараж. грэкаў у галіне геаграфіі. Вял. ўклад у геагр. апісанне многіх краін Еўропы, Азіі і Афрыкі зрабілі грэч. гісторыкі Герадот і Фукідыд.

Гістарычная навука. Першымі творамі гіст. зместу былі працы іанійскіх лагаграфаў, найб. вядомыя з якіх Гекатэй Мілецкі (на мяжы 6—5 ст. да н.э.; аўтар твораў «Кругасветныя падарожжы», «Генеалогія»), Ферэкід (2-я пал. 5 ст. да н.э.; аўтар твора ў 10 кнігах, вядомага пад назвамі «Гісторыя», «Генеалогія», «Мінулае Атыкі») і Геланік з Мітылены (5 ст. да н.э.). Падзеям грэка-перс. войнаў прысвечана «Гісторыя» Герадота (485—425 да н.э.), дзе выкарыстаны багаты міфа-генеалагічны, гісторыка-этнагр. і гісторыка-быт. матэрыял. Высокай ступенню аб’ектыўнасці вылучаецца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідыда (каля 460 — каля 393 да н.э.), які надаваў вял. значэнне практычнай праверцы паведамленняў, што траплялі ў яго распараджэнне. Паслядоўнікамі Герадота і Фукідыда былі: Ктэсій (мяжа 5—4 ст. да н.э., яго тв. «Persika» і «Indika», прысвечаныя гісторыі і геаграфіі Асірыі, Вавілона, Персіі і Індыі, вядомы толькі ва ўрыўках); Ксенафонт (каля 430 — каля 355 да н.э., аўтар «Грэчаскай гісторыі», ваен.-гіст. мемуараў «Анабасіс»); Эфор (4 ст. да н.э.» аўтар першай «Усеагульнай гісторыі Грэцыі» і заснавальнік т.зв. рытарычнага кірунку ў грэч. гістарыяграфіі).

Працы Тымея (каля 345 — каля 250 да н.э.), прысвечаныя гісторыі Сіцыліі і Паўд. Італіі, напісаны з выкарыстаннем вял. фактычнага гісторыка-этнагр. матэрыялу і вядомы толькі ў фрагментах. Звесткі пра дзярж. лад грэч. полісаў 4 ст. да н.э. ёсць ў творах Платона («Дзяржава», «Законы») і Арыстоцеля («Афінская палітыя»). Гісторыя Грэцыі, Македоніі, М.​Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемнай сувязі ў перыяд з 221 да 144 да н.э. выкладзена Палібіем (каля 200—118 да н.э.) у яго «Усеагульнай гісторыі» ў 40 кнігах. Імкнучыся крытычна прааналізаваць прычыны і ход гіст. падзей, ён значна паўплываў на развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі. Працягам працы Палібія была «Гісторыя» Пасідонія ў 52 кнігах (каля 135 — каля 50 да н.э.), якая ахоплівала падзеі 145—82 да н.э. і зрабіла вял. ўплыў на рымскіх гісторыкаў (Салюстый, Тацыт). У перыяд рым. панавання гістарыяграфію развівалі Дыядор Сіцылійскі (каля 80 — каля 20 да н.э.; «Гістарычная бібліятэка» ў 40 кн.), Дыянісій Галікарнаскі (60—5 да н.э.; «Рымскія старажытнасці» ў 20 кн.), Плутарх (каля 50 — каля 120 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»), Арыян (каля 95—175 н.э.; гіст. трактаты пра Індыю, жыццё і паходы Аляксандра Македонскага), Паўсаній (каля 118—180 н.э.; «Апісанне Элады» ў 10 кн.), Дыён Касій (каля 155—235 н.э., «Рымская гісторыя» ў 80 кн.) і інш.

Літаратура Стараж. Грэцыі — найстаражытнейшая з л-р Еўропы. Разам са стараж.-рым. яна складае ант. л-ру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культ. арэалам Б. Усходу. Яна зрабіла вял. ўплыў на развіццё больш позніх л-р і сусв. мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літ. родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрап. л-рамі з захаваннем грэч. назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.). Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэч. міфалогіі, якая была асн. матэрыялам стараж.-грэч. л-ры на працягу ўсяго яе развіцця.

Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са стараж. часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна наз. гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э. Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э. гал. месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыят. тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў в-аў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Паліт. тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі хар. лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі грэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа. Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэч. л-ры. Духоўным запатрабаванням дэмакр. поліса найб. адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай маст. дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вял. ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э. Высокага маст. ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыт, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі паліт. пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вял. дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самаст. галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вял. ўплыў на эстэт. тэорыю і драматург. практыку Адраджэння і класіцызму.

Л-ра эліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і паліт. праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-быт. і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей. Пачынаючы з 3 ст. да н.э. л-ра развівалася пераважна ў новых культ. цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусв. цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэт. дзейнасць з філал. заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Радоскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у л-ру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (сатыр. сцэнак) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літ. афармленне набыла навела з гіст. і быт. зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай. У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага (гл. Грэчаская мова). Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рым. імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар ант. сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэч. л-ры перайшлі ў хрысціянскую. З 4—5 ст. н.э. развівалася візант. л-ра (гл. ў арт. Візантыя).

Л-ра Стараж. Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа маст. творчасці і філас.-эстэт. адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі стараж. бел. л-ры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэт. прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф.​Скарыны і М.​Гусоўскага. С.​Кашуцкі і С.​Будны цытавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялогу апіраўся А.​Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэч. міфалогіі і л-ры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М.​Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной л-ры на Беларусі ўваходзілі гіст. раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою» (гл. «Троя»), З грэч. мовы перакладалі Б.​Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды»), Ю.​Дрэйзін («Антыгона» Сафокла), Л.​Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла), А.​Клышка («Дафніс і Хлоя» Лонга).

Тэатр. Паходзіць ад культавых земляробчых гульняў у часы ўрачыстасцей у імя бога Дыяніса. Дыфірамбы і фалічныя песні, што выконваліся на святы, мелі элементы дыялогу і тэатр. дзеяння і, паводле Арыстоцеля, далі пачатак трагедыі і камедыі. Т-р займаў важнае месца ў грамадскім жыцці грэкаў. Спектаклі наладжвалі архонты, вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы. Выдаткі на ўтрыманне і навучанне хору, які быў неад’емнай часткай спектакляў, ускладаліся на багатых грамадзян Афінаў — харэгаў. Паказы рабіліся на вольным паветры. Будынак складаўся з 3 асн. частак: архестры (круглая пляцоўка, на якой выступалі хор і акцёры), скены (месца, дзе пераапраналіся і адкуль выходзілі акцёры) і тэатрона (месцы для гледачоў, размешчаныя на схілах узгоркаў). Самы стараж. з вядомых тэатр. будынкаў — т-р Дыяніса ў Афінах (6—4 ст. да н.э.). Жаночыя ролі ў прадстаўленнях выконвалі мужчыны ў масках. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. паэт Феспід вылучыў з хору асобнага выканаўцу — акцёра (пратаганіста). Грамадскае, паліт. і духоўнае жыццё народа знайшло адбітак у творчасці драматургаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана, якія стварылі т-р вял. ідэй і дасканалай маст. формы. Апрача трагедый і камедый ставіліся сатыраўскія драмы — вясёлыя п’есы міфалагічнага зместу, дзе хор складаўся са спадарожнікаў Дыяніса — сатыраў. У эпоху элінізму трагедыя заняпала, стараж. ант. камедыя перастала існаваць. Сюжэты новай ант. камедыі, вядомым прадстаўніком якой быў Менандр, звязаны пераважна з быт. адносінамі і асабістымі перажываннямі. Стабілізавалася колькасць вобразаў-масак. Паявіліся акцёры-прафесіяналы, акцёрскія т-вы, членамі якіх былі вольнанароджаныя мужчыны. З 5 ст. да н.э. ў Грэцыі паказвалі невял. быт. і парадыйна-сатыр. імправізацыйныя сцэнкі — мімы. Сярод выканаўцаў былі і жанчыны, маскі адсутнічалі. У эліністычную эпоху пашыраным быў і пантамім — мімічны танец на міфалагічны сюжэт. У паўд. Італіі і ў Сіцыліі ў 4—3 ст. да н.э. выконваліся фліякі — невял. камедыйныя сцэнкі з абавязковым выкарыстаннем маскі. Тэатр. культура Стараж. Грэцыі зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. тэатр. мастацтва.

Музыка. Першыя сведчанні пра песенна-танц. і інстр. мастацтва Стараж. Грэцыі адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (крыта-мікенская культура). У гамераўскі перыяд былі пашыраны песні пастухоў, жняцоў, ткачоў, пахавальныя, пераможныя і інш., мастацтва спевакоў-казачнікаў — аэдаў, рапсодаў. У 8—5 ст. да н.э. старагрэч. музыка дасягнула высокага развіцця і заняла важнае месца ў грамадскім жыцці. Спаборніцтвы спевакоў, хароў, інструменталістаў уваходзілі ў праграмы гімнастычных і маст. («мусічных») гульняў. У 7—6 ст. да н.э. найб. развілася хар. і сольная лірычная песня, а таксама інстр. музыка для кіфары і аўласа. Значная роля належала музыцы ў класічнай трагедыі (спевы хору, меладызаваныя дыялогі, маналогі герояў). Ант. музыка пераважна вакальная, аднагалосая (часцей мужч. харавыя унісонныя спевы ў дыяпазоне 2 актаў), цесна звязаная з метрыкай верша, натавалася літарамі грэч. і фінікійскага алфавітаў. У аснове гукарада — тэтрахорды, з якіх складаліся актаўныя лады. Стараж. грэкі стварылі вучэнне пра этас (маральна-выхаваўчую і грамадска-арганізуючую функцыю музыкі), рытм, лады, увялі многія тэрміны, што выкарыстоўваюцца і ў наш час («музыка», «мелодыя», «мелас», «рытм»).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва Стараж. Грэцыі вышэйшае дасягненне чалавечага генія, класічная аснова еўрап. і сусв. мастацтва. Маст. помнікі захаваліся на тэр. ўсёй айкумены, дзе ў антычнасці быў пашыраны грэч. паліт. і культ. ўплыў: на Балканскім і Апенінскім п-вах, у М.​Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага і Чорнага мораў. Гісторыя мастацтва ўласна Стараж. Грэцыі пачынаецца з эгейскага мастацтва. Каля 23 ст. да н.э. яго цэнтрам быў в-аў Крыт (росквіт у 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.), уплыў якога пашырыўся на мацерыковую Грэцыю і а-вы Кіклады (велічныя палацы ў Кносе, Маліі, Фесце, Ката-Закра). У фрэсках і вазапісе развіваўся арнаментальна-дэкар. стыль. У гамераўскі перыяд (11—8 ст. да н.э.) дамы і храмы будавалі з дрэва, гліны і сырцовай цэглы. Асн. тып жылога дома — мегарон. Да 7 ст. да н.э. быў пашыраны геаметрычны стыль. У перыяд архаікі (7—6 ст. да н.э.) фарміраваліся полісы з характэрнай урбаністычнай структурай: у цэнтры — акропаль (свяцілішча) і агора (грамадска-гандл. цэнтр), вакол якіх ствараліся жылыя кварталы. Храмы будавалі з дрэва, з пач. 6 ст. да н.э. з вапняку, з сярэдзіны 6 ст. да н.э. з мармуру. Дамінуючы тып храма — перыптэр (прамавугольная ў плане пабудова з каланадай па перыметры), сярод грамадскіх пабудоў — булеўтэрыі (для сходаў грамадзян), тэатры, стадыёны і інш. Склалася класічная сістэма арх. ордэра. Ствараліся выразны, гарманічны арх. вобраз, суразмерныя чалавеку арх. маштабы. Пабудовы дарычнага ордэра: храмы Геры ў Алімпіі (канец 7 — пач. 6 ст. да н.э.), Апалона ў Карынфе (каля 550 да н.э.), Артэміды на в-ве Керкіра (пач. 6 ст. да н.э.), Дэметры ў Пасейдоніі (2-я пал. 6 ст. да н.э.) і інш. Сярод пабудоў іанічнага ордэра: храмы Артэміды ў Эфесе (адно з «Сямі цудаў свету») і Геры на в-ве Самас (абодва 6 ст. да н.э.), малыя храмы ў Дэльфах. Храмы архаікі ўпрыгожвалі рэльефамі фрызаў і метоп, статуямі на франтонах, арнаментальнымі і фігурнымі акратэрыямі, антэфіксамі. Статуарная скульптура развівалася ад бронзавых статуэтак да фігур юнакоў (курасаў) і дзяўчат (кор). Трактоўцы чалавечага твару ўласціва т.зв. «архаічная ўсмешка», фігура рытмічна мадэліравалася складкамі вопраткі. Фарміраваліся асн. тыпы ваз: амфара, гідрыя, кілік, кратэр і інш. У 7 ст. да н.э. вазапіс развіваўся ў «дывановым» стылі, дзе размалёўку вызначаў расл. матыў. У вазапісе Карынфа (канец 7—6 ст. да н.э.), а пазней усёй Грэцыі ўсталёўваецца чорнафігурны стыль (майстры Клітый, Эксекій, Амасіс), з імем Андакіда звязаны пераход да чырвонафігурнага вазапісу (каля 530 да н.э.). Дасканаласцю вылучалася мастацтва гліптыкі.

У эпоху класікі (5—3-я чвэрць 4 ст. да н.э.) дасягнулі росквіту гарады. Склалася сістэма рэгулярнай планіроўкі (Мілет, Пірэй): прамавугольная сетка вуліц, комплексная забудова жылых кварталаў, распрацаваная Гіпадамам з Мілета. У пабудовах храма вар’іравалася ордэрная сістэма: храм Зеўса ў Алімпіі (468—456 да н.э., адно з «Сямі цудаў свету») і інш. У выяўл. мастацтве дамінаваў «строгі стыль» з характэрнай ураўнаважанасцю велічных кампазіцый, натуральнай прыгажосцю формаў, у якіх пераадольвалася ўмоўнасць архаічнага стылю; праявіўся ён і ў скульптуры 1-й пал. 5 ст. да н.э. (Міран). У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пачынаецца перыяд высокай класікі. Афіны сталі паліт. і культ. цэнтрам Элады. Вяршыня класічнага мастацтва — арх.-пластычны ансамбль на Афінскім акропалі. Найб. поўна і паслядоўна маст. прынцыпы класікі ўвасоблены ў творчасці Фідыя, яго сучаснікаў Алкамена, Крэсілая, Паліклета. З пач. 4 ст. да н.э. будавалі пераважна грамадскія будынкі: гімнасіі, палестры, тэатры (т-р у Эпідаўры, арх. Паліклет Малодшы, 350—330), маўзалей у Галікарнасе (адно з «Сямі цудаў свету»), помнік Лісікрата ў Афінах (каля 335 да н.э.). У скульптуры развіваўся партрэт (работы Дэметрыя з Алапекі, канец 5—2-я пал. 4 ст. да н.э.). У ёй павялічыліся драматызм і дынаміка (творы Скопаса), стаў пераважаць лірычны настрой; у статуях Праксіцеля — тонкія пластычныя эфекты. Творы Лісіпа вызначала драм. напружанасць, Леахараакад. халоднасць. У 2-й пал. 4 ст. да н.э. папулярнасцю карыстаўся жывапісец Апелес, які валодаў майстэрствам святлаценю. У перыяд элінізму (канец 4—1 ст. да н.э.) у сувязі з заваёвамі Аляксандра Македонскага значна пашырылася сфера культ. уплываў Стараж. Грэцыі, узніклі новыя яе цэнтры. Будаваліся гарады з рэгулярнай планіроўкай (Александрыя Егіпецкая, Антыёхія на Аронце, Селеўкія на Тыгры), велічныя пабудовы (Фароскі маяк у Александрыі), арх. ансамблі (акропаль у Пергаме). Скульптура дасягнула вышэйшай ступені трагізму, кампазіцыйных і пластычных кантрастаў (фрыз Пергамскага алтара, каля 180 да н.э., група «Лаакоан» Агесандра, Палідора і Атэнадора, каля 50 да н.э.), жыццесцвярджальнай сілы (Ніке Самафракійская, канец 4 ст. да н.э.). Найб. важнасць набыў партрэт, у якім аўтары шукалі непаўторныя або экзатычныя рысы, тыпы і характары (партрэты варвараў, старых, беднякоў, рабоў). Ствараліся партрэты тыранаў, у якіх парушаны ідэал чалавека-грамадзяніна (статуі дыядохаў), манум. скульптуры (статуя Геліяса, т.зв. Колас радоскі, не захавалася, адно з «Сямі цудаў свету»).

Літ.:

Античная Греция: Проблемы развития полиса. Т. 1—2. М., 1983;

Античная цивилизация. М., 1973;

Античность и Византия. М., 1975;

Древние цивилизации. М., 1989;

Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ. М., 1975;

Историография античной истории. М., 1980;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1890—93;

Левек П. Эллинистический мир: Пер. с фр. М., 1989;

Боннар А. Греческая цивилизация: Пер. с фр. М., 1995;

Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э. М., 1966;

Яе ж. Греческое общество второго тысячелетия до н.э. и его культура. М., 1976;

Яе ж. Из истории греческой интеллигенции эллинистического времени. М., 1983;

Яйленко В.П. Архаическая Греция и Ближний Восток. М., 1990;

Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982;

Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. [М.], 1992;

Walbank F.W. The Hellenistic World. London, 1981;

Snodgrass A. La Grèce archaïque. Le temps des apprentissages. Paris, 1985;

Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. М. 1992;

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—93;

Зелинский Ф.Ф. Древнегреческая религия. Киев, 1993;

Яго ж. Религия эллинизма. Томск, 1996;

Лосев А.Ф. Античная мифология в ее историческом развитии. М., 1957;

Nilsson M.P. Geschichte der griechischen Religion. 2 Aufl. Bd. 1—2. München, 1955—61;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. 2 изд. М., 1986;

Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;

Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;

Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр. М., 1988;

Томсон Дж. Исследования по истории древнегреческого общества: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1958—59;

Мамардашвили М. Лекции по античной философии. М., 1997;

Guthrie W. A history of Greek philosophy. Vol. 1—3. Cambridge, 1962—69;

Дильс Г. Античная техника: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Эллинистическая техника: Сб. ст. М.; Л., 1948;

Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;

Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;

Вандер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959;

Идельсон Н.И. Этюды по истории небесной механики. М., 1975;

Томсон Дж. История древней географии: Пер. с англ. М., 1953;

Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;

Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968;

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;

Torer H.F. A history of Ancient Geography. New York, 1964;

Jacoby F. Griechische Historiker. Stuttgart, 1956;

Bury J.B. Ancient Greek historians. New York, 1958;

История греческой литературы. Т. 1—3. М.; Л.,1946—60;

Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988;

Фрейденберг О.М. Миф и литература древности. М., 1978;

Поэтика древнегреческой литературы. М., 1981;

Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;

Варнеке Б.В. История античного театра. М.; Л., 1940;

Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;

Flichinger R.C. The Greek theater and its drama. 4 ed. Chicago, 1960: Античная музыкальная эстетика. М., 1960;

Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;

Виппер Б.Р. Искусство Древней Греции. М., 1972;

Колпинский Ю.Д. Великое наследие античной Эллады и его значение для современности. 2 изд. М., 1988;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984;

Кобылина М.М. Антическая скульптура VII—V вв. до н.э. М., 1953;

Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), Н.​К.​Мазоўка (выхаванне і адукацыя, філасофія, гістарычная навука), І.​Я.​Афнагель (геаграфія), С.​Дз.​Малюковіч (літаратура), Г.​С.​Глушчанка (музыка), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Да арт. Грэцыя Старажытная. Дыпілонская ваза. 9—8 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Ахіл з целам Гектара. Чорнафігурная гідрыя. 510-я г. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Міран. Дыскабол. Сярэдзіна 5 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Паліклет. Дарыфор. Каля 440 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Калоны храма Апалона ў Дэльфах. 6 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Парфенон на Афінскім акропалі. Арх. Іктын і Калікрат. 447—438 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Эрэхтэён. Порцік карыятыд. 421—406 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Фалос у Дэльфах. Арх. Феодар з Факеі. Пачатак 4 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Алтар Зеўса і Афіны з Пергама. Фрагмент фрыза «Гігантамахія». Каля 180—159 да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Тэатр у Эпідаўры. Арх. Паліклет Малодшы. 2-я пал. 4 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Акцёры з маскамі. Размалёўка кратэра з валютамі. Дэталь. Канец 5 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Так званы коннік Рампіна. Мармур. Фрагмент. Сярэдзіна 6 ст. да н.э.
Да арт. Грэцыя Старажытная. Грузавыя караблі (рэканструкцыя).

т. 5, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)