перапыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.

1. Спыніць або прыпыніць якое‑н. дзеянне, развіццё чаго‑н.; перашкодзіць чаму‑н. Настаўнік геаграфіі перапыніў расказ, падышоў да стала. Гамолка. Відаць, дождж перапыніў уборку: у далечыні.. нерухома стаяў камбайн. Шамякін. // Перабіць (размову, гутарку). Перапыніць апавядальніка. Перапыніць на слове.

2. Спыніць, затрымаць у час руху. [Паліна] яшчэ раз працягнула руку да бутэлькі, але.. [немец] перапыніў: — Чакай... Новікаў. Каля Дзвюх Хат іх перапыніў патруль і сказаў зайсці ў кавалёву хату. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрабо́к, ‑бка, м.

1. Вострая лапатка для саскрэбвання чаго‑н. Скрабок для снегу. □ У горадзе штодзень на тратуарах Вішчаць, скрыгочуць раніцай скрабкі. Тармола. Сотні мужчын, жанчын.., узброеныя рыдлёўкамі і спецыяльна зробленымі ў кузні скрабкамі, капалі і зграбалі вільготны іл. Паслядовіч.

2. Вялікі туфель з вострым краем для чэрпання грунту або якога‑н. сыпкага матэрыялу. Скрабок аўтапагрузчыка. □ Праз паўтары-дзве мінуты бункер напоўніўся, электраматор змоўк, і зноў нерухома застылі скрабкі, замерла саляная гурба. Чаркасаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязду́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.

2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распасцёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распасцерці.

2. у знач. прым. Шырока разведзены ў бакі. Раптам адзін з .. [невядомых] кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі: — Васіль Іванавіч! Родненькі! Лынькоў. Нездарма распасцёртыя крыл[ы].. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // З раскінутымі рукамі або нагамі (часцей пра ляжачага). Даша не азвалася. Яна ляжала нерухома, шырока раскінуўшы [апухлыя] ногі. Было балюча глядзець на яе, распасцёртую, бездапаможную. Асіпенка. І канец. І.. [леў] ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты. Караткевіч.

•••

З распасцёртымі абдымкамі гл. абдымкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Зрабіць некалькі рухаў; пашавяліцца. Усе трое сядзелі хвіліну нерухома, баючыся дыхнуць, не тое што паварушыцца. Шашкоў. Старшыня рэўкома папярэдзіў: без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Грахоўскі.

2. перан. Заняцца чым‑н., праявіць актыўнасць у чым‑н. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць .. [Савіча] ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Шамякін. Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стацыяна́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае пастаянную арганізацыю і месцазнаходжанне; не перасовачны. Стацыянарная бібліятэка. □ З кожным годам .. паляпшаецца кінаабслугоўванне насельніцтва, пашыраецца сетка перасовачных і стацыянарных установак. «Звязда». Як рабіць клеткі для стацыянарнага ўтрымання баброў, Малінін ведаў. Масарэнка.

2. Які знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы, не амбулаторны (пра хворага). Стацыянарны хворы. // Які абслугоўвае такіх хворых. На Горкай знаходзіўся стацыянарны шпіталь брыгады, і не адзін партызан .. залечваў тут свае раны. Шчарбатаў.

3. Спец. Умацаваны нерухома, не перасовачны. Стацыянарны рухавік.

4. Спец. Пастаянны, нязменны. Стацыянарнае электрычнае поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Тое, што і віскнуць.

ві́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знаходзіцца ў вісячым становішчы, звісаць. Вісне галлё. Віснуць рукі. □ У кляновых лісцях віснуць павуціны. Куляшоў.

2. Апускацца над чым‑н., навісаць. Віснуць хмары над лесам. □ Туманаў лёгкія паромы Над рэчкай віснуць нерухома. Колас. Чорная ноч вісне над шырокай зямлёй. Каваль.

3. перан.; на кім-чым. Ліпнуць да каго‑, чаго‑н.; павісаць. Ды і сама Анюта адчула, што няма ў яе асаблівай патрэбы гаварыць з мужам. І на шыю яму кінуцца не хочацца, як іншыя віснуць. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́клік, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.

2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.

3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)