ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ідэамато́рны

(ад гр. idea = ідэя, вобраз + лац. motor = які прыводзіць у рух);

і. акт — з’яўленне нервовых імпульсаў, якія забяспечваюць пэўны рух пры ўяўленні аб гэтым руху.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сімпаты́ны

(ад гр. sympathes = чуллівы)

рэчывы, якія выдзяляюцца ў арганізме чалавека і жывёл пры раздражненні заканчэнняў нервовых валокнаў сімпатычнай нервовай сістэмы; прымаюць удзел у перадаванні імпульсаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электраэнцэфалагра́фія

(ад электра- + энцэфалаграфія)

метад даследавання дзейнасці галаўнога мозгу, які грунтуецца на графічным запісе электрычных патэнцыялаў мозгу, што ўзнікаюць у нервовых клетках у працэсе іх жыццядзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анале́птыкі

(гр. analeptikos = які аднаўляе)

лекавыя прэпараты, што выкарыстоўваюцца для стымуляцыі дыхальных і сасударухальных нервовых цэнтраў прадаўгаватага мозга, пры парушэннях дыхання і кровазвароту (кардыямін, каразол і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

медыя́тар

(лац. mediator = пасрэднік)

1) тое, што і плектр;

2) пасрэднік у гандлёвых, дыпламатычных справах;

3) біял. рэчыва, якое перадае нервовы імпульс з нервовых клетак на рабочы орган арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхааналі́з псіхаана́ліз

(ад псіха- + аналіз)

метад лячэння нервовых і псіхічных захворванняў, які заключаецца ў выяўленні падсвядомых слядоў афектыўных перажыванняў; прапанаваны ў канцы 19 ст. аўстрыйскім псіхіятрам З. Фрэйдам (гл. фрэйдызм).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

то́нус

(лац. tonus, ад гр. tonos = напружанне)

1) працяглае ўзбуджэнне нервовых цэнтраў і мышачных тканак, якое не суправаджаецца стомай і абумоўлівае пэўнае функцыяніраванне органаў;

2) перан. ступень жыццядзейнасці арганізма, актыўнасць (напр. павышаны т.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НЕЎРАПАТАЛО́ГІЯ (ад неўра... + паталогія),

неўралогія клінічная, раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыку, лячэнне і прафілактыку нервовых хвароб.

Захворванні нерв. сістэмы апісаны ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса і інш. У самаст. галіну медыцыны вылучылася ў сярэдзіне 19 ст., у Расіі — з прац А.​Я.​Кажэўнікава. які ў 1869 арганізаваў адну з першых у свеце клінік, у 1870 — першую ў Расіі кафедру нерв. хвароб.

На Беларусі заснавальнік Н. — М.Б.Кроль. Па яго ініцыятыве ў 1923 створана кафедра нерв. хвароб мед. ф-та БДУ, у 1924 — ін-т фіз. метадаў лячэння (з 1949 Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі НДІ). Кіраўнікі школы бел. неўрапатолагаў (неўролагаў) — Д.А.Маркаў, І.П.Антонаў. Навук. даследаванні праводзяцца па пытаннях нейраінфекцый, эпілепсіі, дэміэлізуючых захворванняў нерв. сістэмы, сасудзістых пашкоджанняў галаўнога і спіннога мозга, грыпу і паразітарных захворванняў нерв. сістэмы, клінічных праяў паяснічнага астэахандрозу, выкарыстання выліч. тэхнікі ў Н. Вядучыя спецыялісты па Н.: В.І.Вацякоў, Я.Я.Гардзееў, С.Ё.Гінзбург, Л.С.Гіткіна, А.Л.Леановіч, М.С.Місюк, Г.К.Недзьведзь, І.І.Протас, І.Л.Саснавік, М.Ф.Філіповіч і інш. З 1957 развіваецца дзіцячая Н. (у 1980 адкрыта кафедра пры Бел. НДІ ўдасканалення ўрачоў). Вывучаюцца асаблівасці клінікі і цячэння захворванняў нерв. сістэмы ў дзяцей: неўралагічныя расстройствы пры рэўматызме і дыфузных хваробах злучальнай тканкі, гіперкінезы, эпілепсія і прыпадкі, дзіцячыя цэрэбральныя паралічы, спадчынныя хваробы, паражэнні нерв. сістэмы ў нованароджаных (Г.Г.Шанько і інш.). Працуюць (2000): 7 клінік нерв. хвароб у Мінскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це, Бел. НДІ удасканалення ўрачоў (2), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

Літ.:

Антонов И.П., Шанько Г.Г. К истории развития невропатологии в Белоруссии за годы Советской власти // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Дривотинов Б.В. Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Марков Д.А., Злотник Э.И., Гиткина Л.С. Инфаркт мозга. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Эпилепсия у детей: классификация, диагностика, лечение. Мн., 1997;

Энциклопедия детского невролога. Мн., 1993.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кабаламі́н

[ад кобаль(т) + (віт)амін]

вітамін B12, які па структуры блізкі да гемаглабіну, але замест жалеза змяшчае кобальт, прысутнічае ў многіх прадуктах жывёльнага паходжання (напр. у печані і нырках буйной рагатай жывёлы); выкарыстоўваецца пры лячэнні малакроўя, нервовых і скурных хвароб і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)