рускі эканаміст. Праф. палітычнай эканоміі Кіеўскага, потым Маскоўскага ун-таў (1846—56), Гал.пед. ін-та (1857—59) і Аляксандраўскага ліцэя ў Пецярбургу (1861—68). Выдаў час. «Экономический указатель» (1857—61) і дадатак да яго «Экономист» (1858—64). У 1867—76 кіраўнік канторы Дзяржбанка ў Харкаве. Аўтар твораў па палітычнай эканоміі, гісторыі эканам. думкі, статыстыцы і мытна-тарыфнай палітыцы. Крытыкаваў прыгонніцтва з пазіцый эканам. лібералізму. У перыяд падрыхтоўкі сял. рэформы 1861 выступаў супраць кабальных умоў вызвалення сялян, супраць капіталізацыі аброку. Абараняў інтарэсы рус.капіталіст.. прамыслоўцаў. Прыхільнік фрытрэдэрскай палітыкі для Расіі, якая прадугледжвала свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць. Ідэолаг буйнога капіталу, законы капіталізму разглядаў як натуральныя і вечныя.
Тв.:
Критико-историческое исследование об итальянской политико-экономической литературе до начала XIX в. М., 1849;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,
прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл.Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт.Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ТЭРАПІ́Я, радыетэрапія,
лячэнне іанізавальным выпрамяненнем. Выкарыстоўваюць фатоннае (гама-выпрамяненне, рэнтгенаўскае, тармазное) і карпускулярнае (пучкі электронаў, пратонаў, нейтронаў, цяжкіх іонаў, таксама альфа- і бэта-выпрамяненні радыеактыўных ізатопаў) іанізавальнае выпрамяненне. Крыніцы выпрамянення ў П.т.: радыеактыўныя рэчывы (натуральныя або штучныя радыенукліды) і спец. электрафіз. апараты, якія ствараюць пучкі выпрамянення (рэнтгенаўскія апараты, паскаральнікі электронаў, пратонаў, генератары нейтронаў). Метады П.т.: дыстанцыйнае апрамяненне (гама-выпрамяненне кобальту-60 або цэзію-137, рэнтгенаўскае і інш.) і кантактнае (унутрыполасцевае, унутрытканкавае). Дыстанцыйнае апрамяненне ажыццяўляецца ў статычным або ў рухомым рэжымах. Механізм дзеяння П.т. — непарыўна звязаныя біяфіз. і біяхім. працэсы, якія выклікаюць функцыян. і марфал. змены ў клетках (да іх адмірання). Аснова П.т. — розная радыеадчувальнасць нармальных і пухлінных тканак (тэрапеўт. інтэрвал радыеадчувальнасці). П.т. з’яўляецца вядучым метадам кансерватыўнага лячэння шматлікіх форм злаякасных пухлін (рак скуры, губы, языка, гартані, шыйкі маткі), важным кампанентам камбінаванага і комплекснага лячэння.
Літ.:
Киселева Е.С. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАКУЛЬТУ́РА,
развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў). Адрозніваюць аквакультуру прэснаводную і марскую (марыкультуру). Вылучаюць 2 кірункі развіцця аквакультуры: вырошчванне каштоўных відаў рыб і беспазваночных з выкарыстаннем штучных кармоў і пашавае — на натуральнай кармавой базе ў паўкантралюемых умовах. У прэснаводнай аквакультуры выкарыстоўваюць штучныя і натуральныя вадаёмы, а таксама індустр. ўстаноўкі, у марыкультуры — прыбярэжную зону мораў. Існуе ў краінах з высокім тэхн. узроўнем рыбалоўства (Японія, Вялікабрытанія, Нарвегія) і краінах паўд.-азіяцкага і афр. рэгіёнаў. Сусветны прадукт аквакультуры складае 9,4—9,5 млн.т (на марыкультуру прыпадае каля 2/3; 1983—87).
На Беларусі аквакультура існуе ў выглядзе сажалкавага і азёрнага рыбаводства, развіваюцца індустр. формы рыбаводства на прамысл. прадпрыемствах. Функцыянуюць 21 сажалкавы, 6 азёрных рыбгасаў, 8 рыбагадавальнікаў; вырошчваюць карпа, сазана, карася сярэбранага, амура белага, таўсталобіка, стронгу радужную. Сярэднегадавы аб’ём сажалкавай рыбы складаў каля 18 тыс.т у 1986—90, 6 тыс.т у 1994, у азёрных гаспадарках 0,7 тыс.т, у індустр. рыбаводстве 1,4 тыс.т (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ВЫ-ПО́МНІКІ,
дрэвы, якія лічацца каштоўнымі аб’ектамі жывой прыроды ці культурна-гістарычнымі аб’ектамі і ахоўваюцца дзяржавай; помнікі прыроды. Бываюць рэсп. і мясцовага значэння. На Беларусі каля 120 асобных Д.-п. аб’яўлены помнікамі прыроды (рэсп. значэння каля 90). Да іх належаць векавыя дрэвы (у т. л. дубы-волаты, напр., цар-дуб у Маларыцкім, Сувораўскі дуб у Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., дуб-волат у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і дрэвы рэдкіх інтрадукаваных відаў (напр., карыя авальная ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., ліпа каралінская ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., хвоя кедравая еўрапейская ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.). Помнікамі прыроды рэсп. і мясцовага значэння лічацца таксама 95 груп Д.-п. (30 — рэсп. значэння). Гэта натуральныя ўчасткі лесу (дубровы, хвойнікі, бярэзнікі, ясеннікі) і насаджэнні з удзелам інтрадукаваных відаў (напр., лістоўніцы ў Баранавіцкім, хвоі веймутавай у Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл.). Ахова Д.-п. прадугледжвае перадачу іх пад ахоўнае абавязацельства, паспартызацыю, прафілактычнае і бягучае лячэнне (Іл.гл. ў арт.Батанічныя помнікі прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫ́ЎНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
абстрактная навука аб канструктыўных працэсах, магчымасцях чалавека ажыццявіць іх і аб іх выніках — канструктыўных аб’ектах. Мае сваю логіку, адрозную ад логікі класічнай матэматыкі. Распрацоўваюцца раздзелы К.м.: канструктыўныя тэорыі дыферэнцавання і інтэгравання, канструктыўны функцыянальны аналіз, канструктыўная тэорыя камплекснай пераменнай і інш.
Прыкладам канструктыўнага аб’екта з’яўляецца слова — шэраг літар з пэўнага алфавіта, канструктыўнага працэсу — выпісванне гэтага слова літарамі. Асобны выпадак слоў — натуральныя лікі напр., з алфавіта {0,1}] 0,01, 011, ... Калі да гэтага алфавіта дадаць знакі «мінус» і «дзяліць», можна будаваць рацыянальныя лікі, як словы ў алфавіце {0,1,-,:}. Абстрактнасць К.м. выяўляецца ў выкарыстанні абстракцыі патэнцыяльнай ажыццявімасці (не бяруцца пад увагу абмежаванні канструктыўных магчымасцей у прасторы, часе і матэрыяле) і абстракцыі атаясамлівання (2 ці больш у пэўным сэнсе аднолькавыя аб’екты разглядаюцца як адзін). У К.м. выключаецца абстракцыя актуальнай бясконцасці, звязаная з разглядам працэсаў. якія ніколі не могуць завяршыцца, але лічацца бясконца працяглымі і тым самым фармальна быццам бы завершанымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныяМ., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),
рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.
Літ.:
Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.