ХА́ЙМВЕР (Heimwehr),

ваенізаваныя фарміраванні самааховы ў міжваен. Аўстрыі (напачатку надпартыйныя, пазней фаш. кірунку). Узнік у 1919 з арг-цый б. франтавікоў і грамадз. гвардыі. У 1930—36 развіўся ў паліт. рух, процістаяў с.-д. Шуцбунду. Арыентаваўся на фаш. Італію, выступаў за дыктатарскае дзярж. кіраванне на прынцыпе фюрэрства і карпаратыўнага грамадства («аўстрафашызм»). У 1933—34 падтрымаў федэральнага канцлера Э.Дольфуса пры ўстанаўленні ім аўтарытарнага кіравання дзяржавай. У час падаўлення паўстання сацыял-дэмакратаў у лют. 1934 выкарыстоўваўся як дапаможная паліцыя.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРКАСПО́РА (Cercospora),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ц.: баркуновая (C. meliloti), бульбяная (C. concors), бураковая (C. beticola), канюшыны (C. cebrina), прамяністая (C. radiata). Паразіты травяністых і дрэвавых раслін, узбуджальнікі цэркаспарозаў.

Міцэлій напачатку бясколерны, потым цямнее 1 ператвараецца ў строму. Развіваецца ўнутры расліны-гаспадара. Канідыяносцы простыя ці галінастыя, адзіночныя або ў пучках. утвараюць шараваты налёт. Падоўжаныя канідыі бясколерныя або афарбаваныя, шматклетачныя (да 36 клетак).

С.​І.​Бельская.

Цэркаспарозы: 1 — бульбы; 2 — бурака.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,

агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.

І.​Дз.​Назіна.

Бразготка.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,

першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.​Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),

вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.

Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕДНЯ́К»,

штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯК (ад грэч. diakonos служыцель),

1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст. былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.

2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬГО́, Трохцарства,

перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў (шахіншахаў) Ірана ў 3—7 ст. Заснавальнік — Сасан (верагодна, бацька Папака — першага цара Парса з роду С.). Напачатку былі правіцелямі вобл. Парс у Паўд.-зах. Іране пад вярх. уладай правіцеляў Парфянскага царства. У 224 сын Папака Ардашыр I [224—239] скінуў уладу парфян, заваяваў іх царства і абвясціў сябе царом. Найб. вядомыя з С.: Шапур I [239—272], Шапур II [309—379], Пероз [459—484], Кавад I [488—496, 498—531], Хасроў I Анушырван [531—579] і Хасроў II Парвіз [591—628]. Апошнім з С. быў Ездэгерд III [632—651 альбо 652], які пацярпеў паражэнне ў войнах з арабамі (гл. Арабскія заваяванні) і з гібеллю якога скончылася дынастыя.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЖА́НТ Рафаіл Іванавіч (28.1.1897, в. Гавязна Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 4.4.1974),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1920, напачатку ў КСМЗБ, з 1925 у КПЗБ. 30.10.1925 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена 15 гадамі строгага турэмнага няволення. Выйшаў на волю ў вер. 1939 у выніку вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй. З 1939 на гасп. і сав. рабоце, нам. старшыні Баранавіцкага аблвыканкома. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1945—61 на сав. рабоце ў Баранавічах. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1940—46.

т. 15, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)