шыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць доўгі гук «ш-ш». Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Карпюк. Вожык скруціўся ў клубок, а гадзюка, якую ён схапіў за хвост, шыпіць і стараецца ўкусіць яго. Ляўданскі. Толькі шыпеў кнот у лямпе. Асіпенка. / Пра яду, якая смажыцца і пад. На патэльні шыпела смажаная рыба. Шашкоў. / Пра дрэва, якое гарыць, распалены прадмет, палітыя вадой і пад. Шыпяць кулямётаў ствалы, Аж пара над імі віецца. Бялевіч. / Пра пару, газ, паветра і пад., якія выходзяць адкуль‑н. пад ціскам. Ззаду ярасна шыпеў, аднастайна гуў гарачы газавы струмень. Гамолка. Чутно было, як надрыўна шыпела пара, нешта трашчала, скрыпела, ламалася. Лынькоў. / Пра пену, хвалі і пад. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Паслядовіч. / Пра работу якіх‑н. механізмаў. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Шыцік. На сцяне вялікі старынны гадзіннік шыпеў і адбіваў час. Грахоўскі.

2. Вымаўляць доўгі гук «ш-ш», патрабуючы цішыні, супакойваючы каго‑н.

3. Шапялявіць, гаварыць словамі, у якіх свісцячыя вымаўляюцца як шыпячыя гукі. — Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама... — у яго [Садоўнікава], наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць. Васілевіч.

4. Разм. Гаварыць здушаным, сіплым голасам, у якім адчуваюцца злосць, раздражненне і пад.; злоснічаць. — А ты не ведаеш? Забылася? — шыпела старая, калоцячыся, нібы ў ліхаманцы. Паўлаў. — Даўно я цябе не вучыў! — шыпеў Дракула, набіраючыся злосці. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)