помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст.Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёлсв. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.К.Радзівіла, Е.Булгака і А.Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.Бяляўскі, мастак Я.Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й пал. 17 ст. — 1-й пал. 20 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), знаходзіўся на яго паўд.-ўсх. баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (цяпер Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (цяпер Энгельса) і Юр’еўскай (цяпер Ракаўская). Комплекс уключаў будынкі касцёла, кляштара і гасп. пабудовы. Засн. ў 1605 па фундацыі С.Слушкі. У 1615 мінскі ваявода П.Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёла і кляштара. Пабудаваны ў стылі барока; у пач. і 2-й пал. 18 ст. рэканструяваны. Касцёлсв. Томаша Аквінскага (закладзены ў 1622) — прамавугольная ў плане 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 2 капліцамі ў паўд.-зах. частках бакавых нефаў. Бязвежавы гал. фасад быў падзелены пілястрамі на 2 часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невял. вежачкай, бакавыя — вял. сіметрычнымі на высокіх 8-гранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёла расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавым жывапісам, у ім было 13 разных драўляных і стукавых алтароў. Да прэсбітэрыя касцёла прымыкаў 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара. У паўн.-зах. частцы комплексу былі сад і драўляныя гасп. пабудовы (2 флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з 2-вежавай 3-яруснай брамай-званіцай. У 1832 кляштар закрыты, у 1840-я г. перабудаваны пад каталіцкую семінарыю, пасля 1869 у ім размяшчаліся казармы. У 1950 разбураны. Захаваліся падмуркі, крыпта, частка сцен (пасля археал. даследаванняў закансерваваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Засн. ў 1703 у Мінску Т.Ваньковічам. Пабудаваны ў 1763 з цэглы па вул. Юр’еўскай (цяпер Ракаўская) па фундацыі М.Валадковіча. Касцёл св. Марыі Магдаліны — прамавугольны ў плане 3-нефавы 4-слуповы храм з прэсбітэрыем, завершаным паўцыркульнай апсідай. Гал. 2-вежавы фасад (верхнія ярусы вежы не дабудаваны) арыентаваны на вул. Ракаўскую. У інтэр’еры было 6 алтароў (галоўны мураваны, бакавыя паліхромныя ілюзорныя). Побач з касцёлам стаяў 1-павярховы Г-падобны ў плане драўляны будынак кляштара, а таксама комплекс гасп. пабудоў (стайня, вазоўня і інш.). Кляштару належаў фальварак Кальварыя, дзе знаходзіўся невял. драўляны касцёл і комплекс гасп. пабудоў. У фальварку ў 1795—96 створаны гар. каталіцкія могілкі (гл. ў арт.Мінскі кальварыйскі касцёл і брама). У 1799 будынкі кляштара перададзены Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1832 кляштар зачынены. У 1872 будынак касцёла прададзены прыватным асобам і перабудаваны пад жылы дом. Цяпер адм. ўстанова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЖЫЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.