ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы
(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),
прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),
1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.
2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНГУРО́ВЫЯ (Macropodidae),
сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,
прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),
род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.
Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб.стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт.Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДАсвіней.
Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РФАЛК (Norfolk),
уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак.Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс.чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВЫЯ (Picidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 38 родаў, 213 відаў. Пашыраны ў трапічнай і ўмеранай зонах, акрамя палярных абласцей, Мадагаскара, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Новай Гвінеі і Палінезіі. Найб. разнастайныя ў Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў дрэвавых і кустовых насаджэннях. 4 віды і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 10 відаў: жаўна, круцігалоўка, зялёны дзяцел, трохпальцы дзяцы, вялікі, сярэдні і малы стракатыя, сівы, беласпінны, сірыйскі; у Чырв. кнізе зялёны і трохпальцы.
Даўж. 8—56 см. Большасць Дз. прыстасавана да жыцця на дрэвах. Ногі кароткія, з доўгімі пальцамі і вострымі кіпцюрамі. Долатападобная дзюба, трывалы чэрап, моцныя мышцы шыі, жорсткае рулявое пер’е хваста, якое служыць апорай пры лажанні па дрэвах, дазваляюць дзяўбці драўніну ў пошуках корму і выдзёўбваць дуплы для гнёздаў. Язык чэрвепадобны, тонкі, далёка высоўваецца для захопу корму Некаторыя Дз. маюць слабую дзюбу і мяккі хвост (круцігалоўкі, дзяцелкі). Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, мурашкамі. насеннем, пладамі, сокам дрэў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў і вял. кактусаў, жыхары пустынь — у норах або сярод камянёў. Нясуць 2—12 яец.
Да арт.Дзятлавыя. Дзятлы: 1 — вялікі стракаты; 2 — сярэдні стракаты; 3 — малы стракаты; 4 — беласпінны; 5 — сірыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54°паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за 3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга ПдПаўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.