РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ПО́ЯС,

вобласць каляземнай (каляпланетнай) прасторы з інтэнсіўнымі патокамі энергічных зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, іонаў).

Адкрыты ў 1958—60 пры даследаванні касмічных прамянёў ШСЗ. Зараджаныя часціцы ў Р.п. пад дзеяннем магнітнага поля планеты рухаюцца па складаных траекторыях з Паўн. паўшар’я ў Паўд. і наадварот. У Зямлі адрозніваюць унутраны і знешні Р.п. Унутраны мае макс. шчыльнасць часціц (пераважна пратонаў) над экватарам на вышыні 3—4 тыс. км, знешні электронны Р.п. — на вышыні каля 22 тыс. км. Заўважана сувязь часовых варыяцый інтэнсіўнасці часціц знешняга Р.п. Зямлі з магн. бурамі. Магутныя Р.п. маюць Юпітэр і Сатурн. Вывучэнне Р.п. важнае для ацэнкі ступені небяспекі пры палётах касм. лятальных апаратаў. Гл. таксама Магнітасфера, Сонечны вецер.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

электры́чнасць, ‑і, ж.

1. Форма матэрыі, якая складаецца з зараджаных часціц: электронаў, пазітронаў, пратонаў і пад. Тут жа, у лабараторыі, на спецыяльнай устаноўцы займаюцца вывучэннем атмасфернай электрычнасці. «Маладосць». // Раздзел фізікі, які вывучае электрычныя з’явы. Даследаванні ў галіне электрычнасці.

2. Такая форма энергіі, якая выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчых і бытавых мэтах. Электрычнасць прымушае працаваць станкі, рухае паязды і электракары, плавіць метал, лечыць хворых, доіць кароў, стрыжэ авечак. Рунец.

3. Асвятленне, якое атрымліваецца ад электраэнергіі. Стася ўключыла электрычнасць, і я разгледзеў лейтэнанта ўважлівей. Навуменка.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МУРАЎЁЎ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 28.1.1938, в. Мішнева Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобл., Расія),

бел. радыёфізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), д-р тэхн. н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскае вышэйшае інж. марское вучылішча (1960). З 1965 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 19.79 прарэктар). Навук. працы па генерыраванні і ўзмацненні эл.-магн. ваганняў звышвысокіх і надзвычай высокіх частот. Даследаваў механізм узаемадзеяння зараджаных часціц з эл.-магн. палямі ў паўправадніковых прыладах. Распрацаваў тэарэт. асновы работы «кароткіх» дыёдаў Гана; прапанаваў спосаб павышэння стабільнасці частаты генератараў на іх аснове.

Тв.:

Субгармонические бифуркации периода колебаний в диодах Ганна с внешним гармоническим воздействием (разам з В.​І.​Шалатоніным) // Изв. вузов. Радиоэлектроника. 1993. Т. 36, № 6.

В.У.Мураўёў.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

электрафарэ́з

(ад электра- + гр. phoros = які нясе)

1) перамяшчэнне зараджаных калоідных часцінак пад уздзеяннем знешняга электрычнага поля; выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці, фізіятэрапіі (параўн. анафарэз, катафарэз);

2) тое, што і іонтафарэз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інжэ́ктар

(фр. injecteur, ад лац. iniectare = укідваць)

1) струменная помпа нагнятання вадкасцей у розныя апараты і рэзервуары;

2) фіз. дапаможны паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАБУНО́Ў (Уладзімір Архіпавіч) (н. 16.3.1939, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі.

Акад. Нац. АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1980), д-р тэхн. навук (1975), праф. (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1961). З 1966 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова ў 1987—89 акад.-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. З 1994 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія. Навук. працы ў галіне ўзаемадзеяння зараджаных часціц і аптычнага выпрамянення з цвёрдым целам. Распрацаваў тэхнал. асновы стварэння паўправадніковых і гібрыдных інтэгральных схем. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Окисление металлов и полупроводников в низкотемпературной кислородной плазме (разам з В.​П.​Пархуцікам) // Обзоры по электронной технике. Сер. Микроэлектроника. 1978. Вып. 1;

Формирование силицидов импульсной термообработкой пленочных структур (у сааўт.) // Зарубежная электронная техника. 1985. № 8.

У.А.Лабуноў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),

генератар эл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.​Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.

Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.

А.​А.​Кураеў.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.

Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],

нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10​−10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).

Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ​+, Σ°, Σ​), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЭ́Н ((Perrin) Жан Батыст) (30.9.1870, г. Ліль, Францыя — 17.4.1942),

французскі фізік і фізікахімік. Чл. Парыжскай АН (1923). Замежны ганаровы чл.

АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Парыжскім ун-це (з 1910 праф.). З 1940 у ЗША. Навук. працы па атамнай і малекулярнай фізіцы, радыеактыўнасці, калоіднай хіміі і інш. Даказаў, што катодныя прамяні з’яўляюцца патокам адмоўна зараджаных часціц (1895). Эксперым. даследаванні броўнаўскага руху дазволілі П. вызначыць Авагадра пастаянную, пацвердзілі тэорыю флуктуацый Эйнштэйна—Смалухоўскага і канчаткова даказалі рэальнае існаванне малекул. Адкрыў седыментацыйную раўнавагу. Устанавіў бімалекулярную структуру тонкіх плёнак. Удзельнік Нар. фронту Францыі. Нобелеўская прэмія 1926.

Тв.:

Рус. пер. — Броуновское движение и молекулы. СПб., 1911;

Атомы. М., 1924.

Літ.:

Вавилов С.И. Памяти Жана Перрена // Природа. 1943. № 3;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 291.

Ж.Б.Перэн.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)