бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ПЕРАМІ́Р’І НА ЗАХО́ДНІМ ФРО́НЦЕ 1917,
часовы дагавор паміж ням. і рус. арміямі, заключаны 4.12.1917 у мяст. Солы (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пасля звароту Сав. ўрада 22.11.1917 па радыё да салдат і матросаў з заклікам узяць справу міру ў свае рукі ВРКЗах. фронту прапанаваў армейскім і карпусным ВРК неадкладна пачаць перагаворы з ням. войскамі. Да канца ліст. большасць злучэнняў фронту заключыла дагаворы аб перамір’і на сваіх участках. 2.12.1917 у штаб ням.Усх. фронту для перагавораў выехала дэлегацыя Зах. фронту з 16 чал., у т. л. С.І.Берсан, М.Р.Пятроў, В.В.Фамін, М.С.Ціхменеў, С.Я.Шчукін. 4.12.1917 паміж 2, 3 і 10-й арміямі Зах. фронту і ням. арміямі падпісаны дагавор аб перамір’і на 2 месяцы. Ён набыў сілу з 12 гадзін 6.12.1917 на ўсім Зах. фронце ад мяст. Відзы да р. Прыпяць (уключна). Страціў сілу 15.12.1917 у сувязі з заключэннем дагавора аб перамір’і 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РАЛЬ, Карл (Carol),
імя каралёў Румыніі ў 19—20 ст. з дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў.
Караль I (20.4.1839, г. Зігмарынген, Германія — 10.10.1914), князь [1866—81], кароль [1881—1914] Румыніі. З 1859 прускі афіцэр. У 1866 у выніку плебісцыту выбраны пераемнікам А.І.Кузы. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 і абвяшчэння незалежнасці Румыніі прыняў каралеўскі тытул. Садзейнічаў устанаўленню ў краіне рэжыму канстытуцыйнай манархіі. У пач. 1-й сусв. вайны праводзіў курс на нейтралітэт Румыніі, нягледзячы на заключаны ў 1883 саюз з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Караль II (15.10.1893, г. Сіная, Румынія — 4.4.1953), кароль [1930—40] Румыніі. Сын Фердынанда I (правіў у 1914—27). З 1926 у эміграцыі (Парыж). Абвешчаны каралём па патрабаванні ўрада Ю.Маніу. Праводзіў аўтарытарны курс, у 1938 адмяніў дзеянне дэмакр. канстытуцыі 1923, забараніў усе партыі, устанавіў «каралеўскую дыктатуру». Пасля знешнепаліт. няўдач (уступка Бесарабіі Сав. Саюзу і Паўн. Трансільваніі Венгрыі) змушаны маршалам І.Антанеску адрачыся ад прастола на карысць сына Міхая (кароль у 1940—47), эмігрыраваў у Партугалію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,
від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв. вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.
Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.
Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).
Літ.:
Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́Н (Amiens),
горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс.ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч.прам-сць.
У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаныАм’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл.Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаныЯм-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.