КАРТАЁ (Cortaillod),
паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.І.Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМА,
роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),
старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.Шафарык, П.Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.
т. 11, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
А.В.Іоў.
т. 12, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНКАГРА́ФІЯ (ад цынк + ...графія),
спосаб вырабу рэльефных друкарскіх форм высокага друку (клішэ) з дапамогай фотахім. працэсаў.
Негатыў (дыяпазітыў) відарыса капіруюць на пакрытую святлоадчувальным слоем цынкавую (часам медную або латунную) пласціну, паверхню якой потым апрацоўваюць траўленнем кіслатой у прагальных участках выявы для атрымання рэльефных друкавальных элементаў. Пры электрагравіраванні растравых і штрыхавых клішэ выкарыстоўваюць электронна-мех. гравіравальныя аўтаматы. Спосаб Ц. прапанаваны ў 1850 Ф.Жыло (Францыя), удасканалены ў 1862 Г.Джэймсам (Вялікабрытанія). Спосаб электрагравіравання з’явіўся ў 1950-я г. Ц. наз. таксама адпаведны ўчастак або цэх паліграф. прадпрыемства.
т. 17, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лантаназу́х
(н.-лац. lanthanosuchus, ад гр. lanthano = хаваюся + suchos = кракадзіл)
вымерлае земнаводнае падкласа батрахазаўраў, знешне падобнае да саламандры, якое жыло ў канцы палеазою.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
стэгацэфа́л
(ад гр. stege = пакрыццё + kephale = галава)
вымерлае драпежнае земнаводнае з пяціпальцымі канечнасцямі, чэрап якога меў суцэльнае пакрыццё з касцей; жыло ў палеазоі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.
т. 2, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)