прыдзі́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Прыдзірлівы чалавек. Адны знаходзілі.. [інспектара] чалавекам, з якім яшчэ жыць можна; другія ж, наадварот, даводзілі, што ён — прыдзіра, з кожнага глупства робіць цэлую справу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДАПТАЦЫЯГЕНЕ́З (ад адаптацыя + ...генез),

адаптагенез, сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і морфафізіял. пераўтварэнняў, якія забяспечваюць прыстасаванне (адаптацыю) арганізмаў у працэсе эвалюцыі арган. свету. У вузкім сэнсе адаптацыягенез — узнікненне адаптацый, а працэс развіцця і змены прыстасаванняў у працэсе індывід. жыцця арганізмаў і папуляцый наз. адаптацыямарфозам (тэрмін уведзены рус. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам, 1939). Адаптацыягенез звязаны са спадчыннасцю і зменлівасцю. Новыя прыстасаванні фарміруюцца ў выніку выжывання найб. прыстасаваных да існуючых умоў асяроддзя арганізмаў. У працэсе эвалюцыі адны прыстасаванні трацяць сваё значэнне і знікаюць, другія распаўсюджваюцца і робяцца характэрнымі для дадзенай групы арганізмаў. Вылучаюць 2 асн. шляхі адаптыўных пераўтварэнняў групы: павышэнне (або рэзкія змены) узроўню арганізацыі (арамарфоз) і развіццё без змен узроўню арганізацыі (ідыяадаптацыя, кладагенез, адаптыўная радыяцыя).

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВЫЯ НАКАПЛЕ́ННІ,

чысты даход (прыбытак) грамадства, які ствараецца на прадпрыемствах і рэалізуецца ў грашовай форме. Паводле формы ўяўляе сабой розніцу паміж цаной (коштам), па якой тавары або паслугі рэалізуюцца пакупнікам, і іх поўным сабекоштам. Адрозніваюць грашовыя накапленні на мікра- і макраўзроўнях. Першыя ўключаюць у асноўным прыбытак як фін. вынік дзейнасці эканамічна адасобленых суб’ектаў гаспадарання і накіроўваюцца на расшырэнне і ўдасканаленне вытв-сці, вырашэнне сац. задач. Другія аб’ядноўваюць т.зв. цэнаўтваральныя падаткі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы), якія ўносяцца ў бюджэт, а таксама абавязковыя плацяжы і адлічэнні ў пазабюджэтныя фонды (на ўтрыманне пажарнай службы, ведамаснага жылля і да т.п.). Іх выкарыстоўваюць на фінансаванне дзярж. Выдаткаў (нар. гаспадаркі, сац.-культ. расходаў, органаў кіравання і інш.) і адпаведныя мэтавыя праграмы.

В.​С.​Бас.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛВІС ДЫ́ЯС ((Goncąlves Dias) Антоніу) (10.8.1823, г. Кашыяс, Бразілія — 9.11.1864),

бразільскі паэт, драматург. Прадстаўнік рамантычнай паэзіі, адзін з першых індыяністаў. У яго творчасці класічныя формы спалучаны з нац. тэматыкай. Звяртаўся да гісторыі, быту і фальклору індзейцаў: зб-кі «Першыя песні» (1846), «Другія песні» (1848), «Апошнія песні» (1851), паэма «І Жука—Пірама» (1851) і інш. Пафас яго паэзіі — захапленне прыгажосцю роднай краіны, высакародствам яе спрадвечных жыхароў (індзейцаў), суровай чысцінёй іх звычаяў. Яго патрыятычная, прыродаапісальная і інтымная лірыка часам прасякнута трагічным светаадчуваннем (вершы «Песня выгнання», «Калі паміраюць ад кахання...» і інш.). У зб. «Сексціны брата Антона» (1848), п’есах «Паткуль», «Беатрычэ Чэнчы» (абедзве 1843), «Донна Леанор ды Мендоса» (1847) адлюстраваў побыт сярэдневяковай Еўропы. Вядомы як гісторык, этнограф і мовазнавец.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

за́йздрасць, ‑і, ж.

Пачуццё незадаволенасці і раздражнення, выкліканае перавагамі, поспехамі, дабрабытам іншых; жаданне мець тое, што маюць другія. — Ты мяне ўсюды абганяеш, — гаварыла Галіна Святлане з лёгкай зайздрасцю. Шахавец.

•••

Лопнуць ад зайздрасці гл. лопнуць.

На зайздрасць — так (такі і пад.), што можна пазайздросціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звадыя́ш, ‑а, м.

Разм. Зводнік, падбухторшчык. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам. А другія толькі пазіралі. Калі звадыяшы бачылі, што бойка раскідаецца, тады ўмешваліся яны. Колас. — А болей за ўсё гэтага чорта, Кузьму, трэба пакараць. Ён звадыяш. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забія́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑біяцы, Т ‑біякай, ж.

Разм. Той, хто любіць распачынаць бойкі; буян, задзіра. Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Хомчанка. Адны [хлапчукі] падбухторвалі забіякаў, другія смяяліся, але вось нехта крыкнуў: — Разбараніце іх! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычы́м, злучнік далучальны.

Пры гэтым, да таго ж. Немцы чамусьці не спыніліся ў мястэчку, а на поўнай хуткасці паляцелі далей, прычым падаліся не зручнай лесавой дарогай, а палявымі прасёлкавымі дарогамі. Лынькоў. Другія суткі ўжо бушуе завіруха. Прычым снегу і без таго многа. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неадно́лькавы, ‑ая, ‑ае.

Які не супадае з іншымі, не падобны на іншых; розны. Хаты ў вёсцы былі неаднолькавыя — адны яшчэ новыя, часам нават пад чарапіцай, .. другія, наадварот, зусім несамавітыя — і гэтых болей — пад саламянымі стрэхамі. Чыгрынаў. Хоць з адной печы, ды неаднолькавыя пернікі. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРУ́ЦКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн. Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).

Літ.:

Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)