АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.

У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.

На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн. эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.

Г.​П.​Астапенка, Я.​М.​Сапільнікаў.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),

унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс. км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб. глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.

У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м. Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,

міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.

Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.

Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.

Літ.:

Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,

канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап. эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер. эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.​Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,

асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм. дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.

Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс. нац. паркаў (у т. л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн. га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн. га — Грэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн. га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн. га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн. га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн. га), Габійскі (Манголія, 5 млн. га) і інш.

На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс. га.

Літ.:

Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;

Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),

найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт. арг-цыя еўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).

У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.​Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,

адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.

Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз. паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л. ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз. трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл. табл.).

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.

Міжнародныя апазнавальныя знакі на аўтамабілях
Аргенціна RA ЗША USA Расія ROS
Аўстрыя A Ізраіль IL Румынія RO
Балгарыя BG Індыя IND Турцыя TR
Беларусь BY Іспанія E Украіна UA
Бельгія B Італія I Фінляндыя SF
Бразілія BR Канада CON Францыя F
Венгрыя H Кітай TJ Чэхія CZ
Вялікабрытанія GB Латвія LR Швейцарыя CH
Германія D Нарвегія N Швецыя S
Данія DK Партугалія P Югаславія YU
Егіпет ET Польшча PL Японія J
Апазнавальныя знакі на ваенных самалётах: 1 — Вялікабрытаніі; 2 — ЗША; 3 — Італіі; 4 — Кітая; 5 — Фінляндыі; 6 — Францыі; 7 — ФРГ; 8 — Японіі.
Апазнавальныя знакі (эмблемы) на трубах гандлёвых суднаў: 1 — Вялікабрытаніі (кампанія «Рабінзон энд Сан»); 2 — Галандыі («Конінклійке»); 3 — ЗША («Мобіл Ойл»); 4 — Італіі («Адрыятыка Сасьетэ»); 5 — Канады («Уэстэрн Канада Стымшып»); 6 — Турцыі («Дэнезчылык Банкасы»); 7 — ФРГ («Ханза»); 8 — Японіі («Таё Каюн Сангуо»).
Апазнавальныя знакі авіяэскадрылляў. Тактычных знішчальных: 1—2 — Вялікабрытаніі; 9—12 — ЗША; знішчальных: 3—4 — Вялікабрытаніі; 5—8 — Францыі («Эльзас», «Іль дэ Франс», «Нармандыя—Нёман», «Ларэн»).

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВА́НТЭС Сааведра

(Cervantes Saavedra) Мігель дэ (хрышчаны 9.10.1547, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 23.4.1616),

іспанскі пісьменнік і драматург эпохі Адраджэння. Вучыўся ў калегіуме езуітаў г. Вальядалід (1557—61), у Мадрыдскай гуманіт. школе. З 1568 на службе ў пасла папы Пія V кардынала Дж.​Аквавівы. У 1570—75 служыў у войску, удзельнічаў у бітве ісп.-італьян. флоту з туркамі пры Лепанта (1571), дзе была знявечана левая рука. Вяртаючыся на радзіму, трапіў у палон да алж. піратаў, прададзены ў рабства. У 1580 выкуплены, вярнуўся ў Іспанію, служыў зборшчыкам нядоімак. Паводле несправядлівага абвінавачання тройчы трапляў у турму. Доўгія гады жыў у нястачы. Друкаваўся з 1568 (оды, рамансы, санеты і інш.). Першы значны твор — пастаральны раман «Галатэя» (1585). Аўтар каля 30 п’ес, у т. л. патрыят. драмы «Нумансія» (апубл. 1784), прасякнутай любоўю да свабоды і нянавісцю да рабства, зб-каў «Павучальныя навелы» (1613), «Восем камедый і восем інтэрмедый» (1615), паэмы «Падарожжа на Парнас» (1614), авантурнага рамана «Вандраванні Персілеса і Сіхізмунды» (апубл. 1617). Вяршыня яго творчасці — раман «Хітрамудры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі» (ч. 1—2, 1605—15). Задуманы як пародыя на рыцарскія раманы, твор выйшаў за межы літ. сатыры, стаў энцыклапедыяй ісп. жыцця мяжы 16—17 ст. У ім намаляваны прыгоды Дон Кіхота — збяднелага двараніна, які прагнуў сцвердзіць на зямлі гуманіст. ідэалы. Не здольны адрозніваць у жыцці сапраўднае ад выдуманага, ён выбіраў дзіўныя шляхі здзяйснення мар. У вобразе Санча Пансы, збраяносца Дон Кіхота, увасоблены нар. розум, кемлівасць, гумар. Імя Дон Кіхота стала назыўным для абазначэння высакародных, але не ўсім зразумелых імкненняў. Паводле рамана напісаны оперы Г.​Пёрсела, Дж.​А.​Рысторы, Дж.​Паізіела, Н.​Пічыні, А.​Сальеры, Ж.​Маснэ, балеты Ж.​Буамарцье, С.​Меркадантэ, Л.​Мінкуса (паст. Бел. т-рам оперы і балета ў 1941, 1946, 1962, 1979), пастаўлены кінафільмы (Расія, Данія, Францыя). На бел. мову асобныя вершы С. пераклалі А.​Зарыцкі, Р.​Барадулін, М.​Пазнякоў.

Тв.:

Бел. пер. — Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі. Мн., 1999;

У кн.: Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Хитроумный идальго Дон Кихот Ламанчский. Ч. 1—2. Мн., 1988.

Літ.:

Державин К.Н. Сервантес: Жизнь и творчество. М., 1958;

Снеткова Н.П. «Дон Кихот» Сервантеса. 2 изд. Л., 1970;

Багно В.Е. Дорогами «Дон Кихота». М., 1988;

Умикян А.Д. Мигель де Сервантес Сааведра: Библиогр рус. переводов и крит. лит. на рус. яз., 1763—1957. М., 1959.

І.​Л.​Лапін.

М. дэ Сервантэс.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ ЕЎРО́ПЫ У Еўропе жыве каля 725 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). Больш за 90% насельніцтва належыць да еўрапеоіднай расы, якая падзяляецца на паўн. і паўд. адгалінаванні. У выніку шматвяковых расавых змяшанняў больш за палавіну насельніцтва адносіцца да пераходных форм паміж паўн. і паўд. еўрапеоідамі. Есць насельніцтва, якое належыць да мангалоіднай расы (калмыкі, групы эмігрантаў з краін Усх. Азіі і інш.) і да негроіднай расы (эмігранты з краін Афрыкі і інш.). Частку насельніцтва складаюць мяшаныя еўрапеоідна-мангалоідныя групы (башкіры, казахі, групы жыхароў Паўн. Каўказа і інш.),

мяшаныя еўрапеоідна-негроідныя групы (мулаты-эмігранты з Вест-Індыі і інш.).

Еўропу насяляюць прадстаўнікі больш як 200 народаў. Прыкладна для 100 народаў Еўропа з’яўляецца асн. месцам пражывання. 65 народаў налічваюць больш за 500 тыс. чал. кожны, іх агульная колькасць 716,4 млн. чал. (98,8% усяго насельніцтва кантынента), з іх 4 народы — больш за 50 млн. (рускія — 120, немцы — 75, італьянцы — 57, французы — 56,8) і 23 народы — больш за 5 млн. (англічане — 48,5, палякі — 42,5, украінцы — 41,6, іспанцы — 39, румыны —21,2, венгры — 13, галандцы — 12,3, партугальцы — 10,8, грэкі — 10,1, беларусы — 9,8, шведы — 8,8, чэхі — 8,5, сербы — 8,4, балгары — 8,2, каталонцы — 7,8, аўстрыйцы — 7,7, фламандцы — 7,1, ірландцы —6, датчане — 5,9, шатландцы — 5,2, славакі — 5,1, фіны — 5, албанцы — 5) чал. Нац. кансалідацыя Еўропы пачалася раней, чым на інш. кантынентах. Да канца 19 ст. многія народы склаліся ў нацыі. Ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе гэты працэс закончыўся пасля 1-й сусв. вайны. У канцы 20 ст. больш чым у ​2/3 краін Еўропы (Германія, Партугалія, Італія, Польшча, Данія, Ісландыя, Ірландыя, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Літва, Славенія, Харватыя, Албанія і інш.) асн. народ складае каля 90% і больш. На Беларусі беларусы складаюць 81,2% насельніцтва, жывуць таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі і інш. У шэрагу краін жывуць вял. групы нац. меншасцей (Францыя, Румынія, Балгарыя, Украіна, Латвія, Эстонія, Югаславія), а некаторыя (Расія, Бельгія, Швейцарыя, Іспанія, Вялікабрытанія) з’яўляюцца шматнацыянальнымі краінамі. У еўрап. ч. Расіі акрамя рускіх жывуць народы Паволжа, Паўн. Каўказа, украінцы, беларусы, башкіры, карэлы, комі, выхадцы з Закаўказзя і Сярэдняй Азіі і інш., у Бельгіі — фламандцы і валоны, у Швейцарыі — германа-, франка- і італашвейцарцы і рэтараманцы, у Іспаніі — іспанцы, каталонцы, галісійцы, баскі і інш., у Вялікабрытаніі — англічане, шатландцы, уэльсцы, ольстэрцы, ірландцы, вял. групы эмігрантаў з б. калоній і інш. У 2-й пал. 20 ст. ў краінах Зах. Еўропы з’явіліся значныя групы выхадцаў з Паўн. і Экватарыяльнай Афрыкі, Б. Усходу, Лац. Амерыкі і Вест-Індыі. Каля 95% насельніцтва Еўропы гавораць на індаеўрапейскіх мовах (славянскай, германскай, раманскай, кельцкай, балтыйскай і інш. груп). На славянскіх мовах гавораць больш за 255 млн. чал. (рускія, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, балгары, сербы, славакі, харваты, баснійцы, славенцы, македонцы, чарнагорцы, лужычане), на германскіх мовах — больш за 190 млн. (немцы, англічане, галандцы, шведы, аўстрыйцы, фламандцы, датчане, шатландцы, нарвежцы, германа-швейцарцы, эльзасцы, ольстэрцы, фрызы і інш.), на раманскіх мовах — каля 210 млн. (італьянцы, французы, іспанцы, румыны, партугальцы, каталонцы, валоны, малдаване, галісійцы, сардзінцы, франка-швейцарцы, фрыулы, карсіканцы і інш.). Народы кельцкай групы (каля 9,6 млн. чал.), даўней пашыраныя ў Цэнтр. і Зах. Еўропе, жывуць цяпер толькі на Брытанскіх а-вах (ірландцы, уэльсцы і гэлы) і на З Францыі (брэтонцы), б. ч. гэтых народаў перайшла на англ. і франц. мовы. На мовах балтыйскай групы гавораць літоўцы (3,2 млн.) і латышы (1,3 млн.). Да самаст. груп індаеўрапейскай сям’і належаць грэкі, албанцы, цыганы, армяне, курды, асеціны, выхадцы з Індыі і Пакістана. На фіна-угорскіх мовах гавораць больш за 22 млн. чал. (венгры, фіны, эстонцы, мардва, марыйцы, удмурты, комі і комі-пермякі, карэлы, саамы і інш.), на мовах семіцкай групы (з сям’і семітахаміцкіх моў) —2,5 млн. (арабы, выхадцы пераважна з Паўн. Афрыкі), на цюркскіх мовах — каля 9 млн. (туркі, татары, чувашы, башкіры, нагайцы, кумыкі, гагаузы і інш.). На Паўн. Каўказе каля 3 млн. чал. прыпадае на народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах (аварцы, лезгіны, даргінцы, лакцы, чэчэнцы, інгушы, кабардзінцы, адыгейцы, чэркесы і інш.). На ПнУ Еўропы жывуць ненцы (каля 7 тыс. чал.) — прадстаўнікі самадзійскай моўнай групы. Ізаляваная ў сістэме моўнай класіфікацыі мова баскаў (1,3 млн. чал.). У розных краінах Еўропы (найб. у Расіі, Украіне, Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі) — каля 2 млн. яўрэяў, якія гавораць на мовах насельніцтва, сярод якога жывуць, і на мове ідыш, што ўваходзіць у германскую групу. Еўропа — радзіма 2 асн. адгалінаванняў хрысціянства — правасл. і каталіцкай цэркваў, шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і рэліг. плыняў, якія вылучыліся з хрысціянства ў перыяд Рэфармацыі (16—17 ст.). У краінах Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы (Расія, Украіна, Беларусь, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Югаславія, Македонія) большасць вернікаў праваслаўныя. Каталіцызм пераважае ў краінах Паўд.-Зах. (Італія, Іспанія, Партугалія, Мальта) і некаторых краінах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы (Ірландыя, Францыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя); у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі католікі складаюць палавіну насельніцтва, астатнія — пратэстанты. Пратэстантаў найбольш у краінах Паўн. Еўропы (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ісландыя), а таксама ў Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі. Іслам вызнаюць у Албаніі і еўрап. ч. Турцыі. Значныя групы мусульман ёсць у Расіі (Паволжа, Паўн. Каўказ і Урал), Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, многіх краінах Зах. Еўропы (нядаўнія эмігранты). У Еўропе жывуць таксама будысты (калмыкі і эмігранты з Паўд. і Усх. Азіі), групы індуістаў, канфуцыянцаў, сінтаістаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ (Karl),

імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:

Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.

Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл. Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн. — кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.​Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч. швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.

Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).

Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр. сіл.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)