заня́ць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.

2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. □ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.

3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. □ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.

4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.

5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. □ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.

6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.

7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.

8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.

9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.

•••

Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.

Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)