Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЙРО́Н (ад грэч. apeiron бязмежнае),
тэрмін стараж.-грэч. філасофіі. Уведзены Анаксімандрам для абазначэння неакрэсленай, бязмежнай матэрыі, што знаходзіцца ў вечным руху. Усе рэчы і сусвет узніклі шляхам вылучэння з апейрону процілегласцяў (мокрае і сухое) і іх барацьбы. Важнае дасягненне ў параўнанні з уяўленнямі аб тоеснасці матэрыі з канкрэтным рэчывам (вадой, паветрам). У піфагарэізме апейрон — бясформенны, неабмежаваны пачатак, разам з процілегласцю — «канцом» — аснова існага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́Н,
у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі бог мора. Першапачаткова шанаваўся як бог вільгаці (рэк і крыніц), які аберагаў палі ад засухі. У пач. 4 ст. да н.э. пад уплывам грэч. міфалогіі Н. нададзены рысы грэч. бога мора Пасейдона. Штогод 23 ліп. ў Рыме ў гонар Н. наладжвалася свята — нептуналіі. Ў пераносным сэнсе Н. — марская стыхія.